Эпоха лічбавага шторму
Давайце будзем шчырымі: свет вакол нас змяніўся незваротна. Яшчэ калі я паступала ва ўніверсітэт, мы разважалі пра «перспектыву» інтэрнэт-СМІ. Сёння гэта не перспектыва – гэта наша паветра. Уплыў сацыяльных сетак немагчыма ігнараваць. Навіна цяпер жыве лічаныя хвіліны: тое, што здарылася ў Капылі а дзясятай раніцы, у адзінаццаць ужо абмяркоўваецца ў Telegram-каналах і TikTok, а яшчэ праз пару гадзін забыліся.
Журналістыка стала больш хуткай, агрэсіўнай і... візуальнай. Мы, маладыя спецыялісты, прыйшлі ў рэдакцыі з разуменнем, што аднаго тэксту ў газету ўжо мала. Трэба зняць вертыкальнае відэа для адной сеткі, гарызантальнае – для іншай, прыдумаць яркі загаловак матэрыялу на сайт, адказаць на каментарыі. Мы сталі ўніверсальнымі салдатамі інфармацыйнага фронту. І гэта крута! Гэта драйв, які не дае застаяцца на месцы.Аднак у гэтай імклівай плыні ёсць адна небяспека – павярхоўнасць. Гартаючы стужку, чалавек часта атрымлівае толькі «фасад» падзеі, не зазіраючы ўнутр. І вось тут пачынаецца самае цікавае.
Чаму папера ўсё яшчэ пахне аўтарытэтам?
Часта чую пытанне: «Ну хто зараз чытае газеты, калі ўсё ёсць у тэлефоне?» Адкажу як чалавек, які штодня працуе і з «лічбай», і з інфармацыяй на паперы. У бліжэйшыя гады адмовіцца ад газеты – асабліва раённай – людзі не змогуць. І вось чаму.
Сацыяльныя сеткі – гэта эмоцыі і хуткасць. Газета – гэта сэнс і аналітыка. У свеце фэйкаў і маніпуляцый друкаванае слова застаецца востравам даверу. Калі чалавек бярэ ў рукі «Слава працы», ён хоча не проста даведацца «што здарылася», ён хоча зразумець – «чаму гэта важна для мяне і майго раёна».
Аўтарытэтныя матэрыялы, глыбокія інтэрв’ю, развагі экспертаў – гэта тое, што фарміруе светапогляд. Газета прымушае запаволіцца. Яна дае магчымасць паразважаць, пагартаць старонкі, вярнуцца да прачытанага. Гэта інтэлектуальная гігіена, якая неабходна нам у эпоху інфармацыйнага шуму. Нашы чытачы – людзі разумныя, і яны цэняць якасную аналітыку вышэй за мітуслівыя лайкі.
Будучыня – у яднанні
Ці значыць гэта, што мы будзем працаваць «па-старому»? Ні ў якім разе. Мой першы год працы паказаў, што будучыня – у спалучэнні традыцый і інавацый. Мы вучымся быць сучаснымі, захоўваючы пры гэтым класічную журналісцкую этыку і глыбіню.
Праца ў раёнцы – гэта калейдаскоп. Сёння я пішу пра перадавікоў сельскай гаспадаркі, заўтра раблю фотарэпартаж з маладзёжнага фэсту, а паслязаўтра разбіраюся ў праблемах добраўпарадкавання суседняй вуліцы. Гэта і ёсць жывая журналістыка – шматпланавая, часам складаная, але неверагодна важная.
Я ўдзячна гэтаму году за тое, што ён пазбавіў мяне ілюзій, але падарыў веру ў прафесію. Мы працягваем працаваць для вас, нашы дарагія чытачы. Мы будзем у вашых паштовых скрынях па серадах і суботах і ў вашых смартфонах 24/7. Бо галоўная мэта застаецца нязменнай – быць карыснымі, быць шчырымі і разам з вамі пісаць гісторыю нашага Капыльскага краю. Заставайцеся з намі. Наперадзе – яшчэ шмат цікавага!

Комментарии