Ноччу на 26 красавiка 1986 года здарылася буйная тэхнагенная Галгофа: выбухнуў чацвёрты блок Чарнобыльскай электрастанцыi. Не магу не сказаць, што вынікі страшнейшага пекла маглі б прыняць яшчэ больш бязлітасныя маштабы, каб не досыць граматныя дзеянні ўдзельнікаў ліквідацыі. Яны былі як на вайне: перамога – нават цаной уласнага жыцця. У барацьбе з мірным атамам, які вырваўся з-пад кантролю, пажарныя, ваеннаслужачыя, супрацоўнікі міліцыі праявілі сапраўдны гераізм.
Апакаліпсісы па графіку
Як грамадзянін самай міралюбівай у свеце краіны лічу, што толькі пярэваратні, манкурты і недачалавекі могуць здзяйсняць такія апакаліпсісы па шалёным графіку. Вар’яцкія і небяспечныя. Нагадаем: ураджэнец вёсачкі Канюхі Капыльскага раёна, пісьменнік Алесь Адамовіч, выступаючы ў Японіі ў красавіку 1990 года, заявіў пра трагічны разлом часу ў ХХ стагоддзі: «Да Чарнобыля і пасля Чарнобыля – гэта рознае светаадчуванне, гэта па-новаму небяспечныя шляхі чалавецтва ў будучыню». Пісьменнік аказаўся прарокам: новая бяда зноў паўзе-блукае з Украіны, зноў небяспечныя шляхі да смерці і ... Ядзернай зброяй нас палохаюць Іран, ЗША, іншыя краіны. Хірасіма і Нагасакі таксама чалавецтву не дадалі мудрасці! Многія забыліся, што менавіта Чарнобыль спарадзіў разбурэнне традыцыйнага ўкладу нацыянальнага жыцця, хаос, абсурд. Беларусь не здолела адрадзіцца так, як магла б. Чорная быль перасягнула межы чалавечай свядомасці. Некалі паэт Анатоль Грачанікаў ёміста і трапна заявіў: «Радыяцыя – нябачны акупант». Лепш і не скажаш пра гэтую злавесную бяду!
Напачатку пекла. І потым...
...Першыя ж адзнакі нечага страшнага, безнадзейна-непапраўнага з’явіліся праз дзень-два. Так, спецыялісты электрастанцыі ў Швецыі звярнулі ўвагу на трывожныя сігналы, што ўзніклі на зялёных экранах. Прыборы паказвалі ўзровень радыяцыі: ён быў да такой ступені высокі, што людзей ахапіў жах, адчай. Узнікла спачатку меркаванне: уцечка – з рэактара на самой станцыі. Аднак першыя скрупулёзныя праверкі нічога не здолелі выявіць... Швецыя, як і многія краіны Еўропы, падверглася нападзенню маўклівага, нябачнага, не валодаючага ні колерам, ні пахам забойцы... Не ведалі гэтага і многія іншыя краіны...
«Чарнобыль» – у перакладзе са старажытнаславянскай – палын звычайны. Не, на паверку – не зусім звычайны. Горкая на смак палын-трава аказался сімвалам трагедыі, катастрофы, пекла. Тады яшчэ назва не так даўно пабудаванай атамнай электрастанцыі была вядома хіба што жыхарам Кіеўшчыны ды спецыялістам-энергетыкам. І раптам адбылося жудаснае, горкае, як тая трава – пра што нібыта перасцерагала зямлян біблейскае пісанне... Здарыўся па-быкаўску Знак Бяды – вялікая аварыя: нашы людзі ўпершыню рэальна сутыкнуліся з такой грознай сілай, якой з’яўляецца ядзерная энергія, што здолела выйсці з-пад чалавечага кантролю (а сёння мы ўсхваляем штучны інтэлект – аналогіі прыводзіць не буду)… Тады ж землі, асабліва сясцёр Украіны, Беларусі і Расіі, апынуліся ў багне.
Як «вандравала» радыяцыя – разам з людзьмі
Тады ж паганая радыяцыя пераскокнула з правага ўкраінскага берага Прыпяці на левы – беларускі. Цяжка было паверыць у страшэнную бяду: кругом завеі ад квітнеючых садоў, яркае сонца, бязмежнае блакітнае неба… Але менавіта адтуль з-пад неба, з-за Прыпяці і прыйшлі нябачная небяспека, нябачныя хмаркі-аблокі, спусташаючы і красу, і радасць, і надзею… Мая Бацькаўшчына – уся ад краю і да краю – здолела адчуць подых атрутнага ветру. Больш за тое, многім раёнам Сінявокай воляй лёсу давялося перажыць сапраўдны ядзерны смерч. Сёння вучоныя ўжо падсумавалі: Чарнобыль – гэта дзесяць «Хірасім». Усе мы людзі, і нам надзвычай цяжка адасобіцца ад бацькоўскай зямлі: тут жылі продкі, тут могілкі роду. Аднак многія назаўсёды запомнілі гэтае страшнае слова – эвакуацыя. Уцёкі з Айчыны. Трэба было тэрмінова пакідаць любыя сэрцу мясціны, утульныя хаты, дарагія сэрцу рэчы.
Чарнобыль – боль, смутак, крык душы, плач-прычытанне. Выміранне. А яшчэ пакаранне за нашы недарэчныя ўчынкі, безгаспадарлівыя адносіны да ўсяго навакольнага. Спустошанасць. Над зонай наразаюць кругі чорныя буслы: яны таксама счарнелі ад гора: каму тут прыносіць дзетак? Гэта сімвалы забытай і пакінутай зямлі... У двух вярстах ад атамнага саркафага плывучы ў нікуды белы айсберг – горад Прыпяць, мёртвы горад… За ім некуды плывуць мёртвыя вёскі. А амерыканскія і еўрапейскія забойцы ўжо скрупулёзна шукаюць новых ахвяр.
Веснікі пагрозы Чарнобыля – духоўнага
Чарнобыль да ХХІ стагодзя ўжо паспеў стаць Метафарай, Сімвалам. І нават Гісторыяй. Зняты тысячы метраў відэастужкі, створана мноства дакументальных і мастацкіх фільмаў. Пра Чарнобыль напісана каля паўтысячы вершаў, звыш двух дзясяткаў паэм. Назвы кніг, твораў – таксама глыбока метафарычныя, сімвалічныя. Гэта – «Чорная быль» і «Зязюля» Сяргея Законнікава. «Одзіум» Янкі Сіпакова. У Міколы Мятліцкага кнігі «Палескі смутак», «Бабчын», «Хойніцкі сшытак», «Замкнёны дом» цалкам прысвечаны Чарнобылю. Гэта і навелы «Львы» Івана Пташнікава, «Гасцініца над Прыпяццю» Івана Навуменкі. Гэта і п’есы «Бездань» Мікалая Матукоўскага, «Хто вінаваты», «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» Івана Чыгрынава, «Адцуранне» Аляксея Дударава і інш.
Некаторыя пісьменнікі проста не змаглі не наведаць чарнобыльскія мясціны: іх ўражанні склалі кнігу «Прайсці праз зону». У дзённікавым жанры напісаны «Чарнобыльскі сшытак» Ніны Рыбік. Не сакрэт, што пісьменнікі – сапраўдныя прарокі. І яны своечасова адчулі пагрозу іншага Чарнобыля – духоўнага. І таму ўстрывожана, горка, нават жалобна гучаць іх галасы і ў ХХІ стагоддзі. І ўжо не сакрэт, што менавіта Чарнобыль фізічны, атамны, перадаў жудасную эстафету нашым душам і сэрцам, якія становяцца абыякавымі і халоднымі, глухімі манкуртамі...
Прачытаем і перачытаем гэтыя творы, сябры! Гэта трэба нам. Гэта трэба перадаць па генах памяці нашчадкам.
Спецыяльна для «СП»
Канстанцін КАРНЯЛЮК

Комментарии