Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Беларусь – страна, где религия – в душах и сердцах

08.04.2026

Ажно не верыцца, што зусім нядаўна нас усіх вучылі быць суцэльнымі, нават ваяўнічымі атэістамі. Само слова «бог» пісалі з маленькай літары. У цэрквах рабілі свіраны… Але народ традыцыйна ставіўся да храмаў пяшчотна, сонечна. Казалі: мая цэркаўка, храм маёй душы.

Беларуская дабрыня спрыяла развіццю верацярпімасці, прыняццю і разуменню нормаў і звычаяў розных рэлігій. Прыкладам таму можна назваць гарадок Іўе, што на Гродзеншчыне, дзе да Другой сусветнай вайны на адной плошчы размяшчаліся мячэць, сінагога, касцёл і праваслаўная царква. А класік Уладзімір Караткевіч напісаў нават своеасаблівы гімн душы: «На Беларусі Бог жыве – Так кажа мой просты народ. Тую праўду сцвярджае раса ў траве І адвечны зор карагод...»

Надзея. Любоў. Але куды нам без Веры?!

Я з юнацтва паважаю людзей, у якіх любоў да Бога чэсная і самаадданая. Мяне абражае, калі сёння маладыя людзі прызначаюць у царкве спатканні, пачынаюць там цалавацца, мілавацца, абдымацца. Такія істоты забылі, а мо і не ведалі, што вера – бос-кая цнота, унікальны дар з нябёсаў нам, зямлянам. Мы не можам самі займець у сабе гэты дар, можам толькі падрыхтавацца да яго прыняцця. І далей узрошчваць яго ў сабе – перш за ўсё праз малітву.

Я перакананы: вера больш адносіцца да нашага розуму і інтэлекту, чым да пачуццяў. Яна з’яўляецца вокам светабачання, дазваляе нам зразумець сапраўдную мэту і сэнс жыцця. Благаслаўлёны Ян Павел ІІ часта паўтараў, што без Хрыста, без веры ў Яго чалавек сам для сябе таямніца: ён не можа зразумець, дзеля чаго жыве. Вера – дар Бога чалавеку, дзверы, праз якія мы ўваходзім у жыццё Бога. Без свядомай, чэснай, самаадданай веры мы ніколі не станем па-сапраўднаму шчаслівымі. Напэўна, таму ў ХХІ стагоддзі так шмат няшчасных людзей, няздольных любіць і прымаць любоў. Вельмі шкада, што так мала засталося сапраўды веруючых...

Развіваецца міжканфесійны дыялог

Дзякуючы сардэчнаму, неабыякаваму і гасціннаму беларускаму народу, асабіста Аляксандру Лукашэнку мы маем магчымасць плённа развіваць шматканфесійную дзяржаву, дзе адсутнічаюць усялякага кшталту рэлігійныя канфлікты. Айчыннае заканадаўства забяспечвае і гарантуе правы кожнага з нас на свабоду веравызнання, на сацыяльную справядлівасць, роўнасць, абарону інтарэсаў незалежна ад рэлігійнай прыналежнасці. Адначасова вядзецца пастаянная праца па прадухіленні дзейнасці дэструктыўных структур.

Прэзідэнт Беларусі ўдзяляе пільную ўвагу пытанням дзейнасці рэлігійных арганізацый. Сталі традыцыйнымі сустрэчы Кіраўніка з членамі Сінода БПС і кіраўніцтвам Рымска-каталіцкай царквы. З 2008 года пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей дзейнічае Кансультатыўны міжканфесійны савет для развіцця дыялогу, захавання традыцый талерантнасці.

Знайсці дарогу да Храма

Мы помнім з перадач ТБ, як Аляксандр Лукашэнка ў свята Нараджэння Хрыстовага наведаў храм у гонар абраза Божай Маці «Млекакарміцелька» ў вёсцы Аколіца Мінскага раёна. «Менш засмучэнняў, горычы», – пажадаў у Аколіцы Прэзідэнт. Лідар нагадаў, у чым заключаецца сутнасць беларускай палітыкі ў адносінах да канфесій. «Кожны чалавек можа знайсці дарогу да храма. І ніхто гэтаму перашкаджаць не павінен», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік падзякаваў святарам за тое добрае, што было зроблена імі для Бацькаўшчыны. Гэта датычыцца і захавання міру ў краіне. «Беларусаў нават крытыкавалі: вось, яны ўсё пра мірнае неба! А цяпер як ніколі нашы людзі зразумелі, што такое мірнае неба над галавой. Я ж заўсёды гаварыў, што калі будзе мір, усё астатняе (жартам я гаварыў) мы купім. А каб купіць, мы заробім, – падкрэсліў Прэзідэнт. – І тое, што сёння мір у нас у краіне, – вялікая заслуга нашых святароў». І сапраўды, калі параўнаць з сённяшняй Украінай, сэрца пачынае шалёна біцца...

Успомнім таксама, што Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з прэфектам Дыкастэрыі па справах Усходніх цэркваў у Ватыкане кардыналам Клаўдзіа Гуджэроці. Гаворачы аб існуючых у Еўропе і свеце праблемах, прадстаўнік Ватыкана звярнуў увагу, што тыя ці іншыя адрозненні не павінны перашкаджаць дыялогу. «Дыялог – гэта важна. Глядзець у вочы адзін аднаму, разумець, што ў нас ёсць тое ж самае – душа. Тады ўсё магчыма, калі ты адчуваеш, што паважаеш і любіш чалавека. Будучыня ў нашых руках і руках Божых», – заявіў ён.

Нельга не адзначыць, што Аляксандр Лукашэнка наведаў і Свята-Успенскі Жыровіцкі мужчынскі манастыр. Тут Кіраўнік прыняў удзел у кароткім набажэнстве і запаліў свечку перад Жыровіцкім абразом Божай Маці. Менавіта гэтаму абразу манастыр абавязаны сваім заснаваннем. Споўнілася 555 гадоў цудоўнаму з’яўленню гэтага абраза, які ўваходзіць у сотню самых шаноўных святыняў праваслаўнага свету.

Давайце талакой ствараць культавыя цэнтры!

У Жыровіцах размешчаны адзін з буйных праваслаўных цэнтраў. Прэзідэнт адзначыў, што і ў Полацку ёсць важныя праваслаўныя святыні, але менавіта ў Жыровіцах – душа беларускага праваслаўя. Лідар акцэнтаваў увагу на тым, каб у нас развіваліся цэнтры розных канфесій. «Рэлігійны мір і спакой – гэта адзін са складнікаў нашага ўсеагульнага міру», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што праваслаўнай канфесіі вельмі сур’ёзна дапамаглі ў Жыровіцах, дапамаглі і католікам з Будслаўскім касцёлам, дзе Прэзідэнт таксама мае намер пабываць. Аналагічна хочуць свае рэлігійныя цэнтры прыводзіць у парадак і развіваць паслядоўнікі мусульманства і іўдаізму. Прэзідэнт разлічвае на дапамогу царквы ў адраджэнні традыцый талакі ў пытаннях добраўпарадкавання Бацькаўшчыны.

...Кожны год шматлікія паломнікі з розных краін наведваюць нашы знакавыя святыя месцы і духоўныя фестывалі. Літаральна ва ўсіх культавых месцах – абразы-шэдэўры. Нават многія могілкі на Беларусі знаходзяцца побач з цэрквамі. У апошні шлях беларусы таксама хочуць пайсці ў намоленым месцы. І як добра, што з кожным годам сярод нас знаходзіцца ўсё больш мецэнатаў, якія, вяртаючыся ў родную вёсачку, на малую радзіму, узводзяць за свае сродкі новыя храмы. І няхай гэтыя храмы не агромністыя –хіба памер можа мець значэнне, калі душа становіцца вялікай і неабсяжнай ад высакароднасці зробленага для землякоў?!

ФАКТ

۷ У нашай Сінявокай – 25 канфесій. Працуюць каля 3590 рэлігійных арганізацый, 173 з іх маюць агульнаканфесійнае значэнне (аб’яднанні, манастыры, місіі, брацтвы, сястрыцтвы, навучальныя ўстановы), і звыш 3420 абшчын.

۷ Вядучае месца займае Беларуская праваслаўная царква, у якой каля 1740 прыходаў, 15 епархій, 6 навучальных устаноў, 36 манастыроў, 15 брацтваў, 9 сястрыцтваў, 1 місія.

۷ Рымска-каталіцкая царква аб’ядноўвае 4 епархіі, якія налічваюць 500 абшчын. Дзейнічаюць 6 навучальных устаноў, 11 місій і 9 манастыроў.

۷ Пратэстанцкія арганізацыі прадстаўлены 1040 абшчынамі, 21 аб’яднаннем, 22 місіямі і 5 навучальнымі ўстановамі.

۷ У трох іўдзейскіх аб’яднаннях – 51 абшчына, яны маюць 10 культавых будынкаў.

۷ У нас дзейнічаюць 24 мусульманскія абшчыны, 6 мячэцей і 2 малітоўныя дамы, у тым ліку Саборная мячэць у Мінску. Яе адкрылі 11 лістапада 2016 года з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Турцыі Раджэпа Таіпа Эрдагана.

۷ У 2015 годзе зарэгістравана будысцкая абшчына ў Мінску «Шэн Чэн Лінг» традыцыі Бон.

Спецыяльна для «СП»
Канстанцін КАРНЯЛЮК


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей