Людміла Віктараўна сустракае нас, папраўляе абрус, бярэ на рукі коціка Топу і, пагладжваючы яго, адразу, без лішніх прадмоў, пачынае аповед. Не пералік дат і падзей, а самую сутнасць: як вера ўваходзіць у чалавека і застаецца ў ім назаўжды.
Ружанец бабулі Эміліі
Калінінград, дзе нара-дзілася Людміла, застаўся для яе толькі радком у пашпарце. Дзяўчынцы не было і года, як яе прывезлі на Капыльшчыну, у хату бабулі Эміліі. Бацька Віктар – беларус, марак. Маці Зоя – руская, круглая сірата: з сямі гадоў расла без маці, з васьмі – без бацькі. Дзве крыві, дзве традыцыі, але ў хаце ніколі не дзялілі веру на сваю і чужую.
Галоўнай жа захаваль-ніцай каталіцкай веры была бабуля Эмілія. Сямейны Ружанец заўсёды быў з ёй – нават калі праводзіла сыноў на фронт, сціскала яго ў руках. Для ўнучкі гэты Ружанец стаў першым і наймацнейшым рэлігійным сімвалам. Аднаго сына бабуля не дачакалася, другі – бацька Людмілы – вярнуўся. А разам з ім вярнулася ў дом і традыцыя: на Вялікдзень дзеці хадзілі ў госці да суседзяў са словамі: «Хрыстос Уваскрос!» У адказ чулася: «Сапраўды ўваскрос!» У пачастунак давалі велікодныя яйкі – чырвоныя, фарбаваныя з малітвай. Так і жылі: з верай, з добрымі звычаямі.
Дарога дадому і апора ў жыцці
Пасля восьмага класа Людміла з’ехала з Цімкавічаў – паступіла ў Бабруйскі сельскагаспадарчы тэхнікум на прамыслова-грамадзянскае будаўніцтва. У 71-м атрымала дыплом, і яе накіравалі ў Ляхавічы, у саўгас-тэхнікум інжынерам па тэхнагля-дзе. Так і засталася. Працавала ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі, потым у ПМК-17. Там, у Ляхавічах, і выраслі яе дочкі, там стварала раённую арганізацыю таварыства інвалідаў, там была абрана дэпутатам.
Сем гадоў таму пераехала з мужам у Цімкавічы, у дом, дзе некалі пачыналася яе гісторыя. Каб цяпер ужо тут, у родных сценах, сустракаць Вялікдзень так, як вучыла бабуля Эмілія, – усёй сям’ёй, за адным сталом, з малітвай.
Здароўе тым часам падводзіла яе не раз. Былі і складаныя аперацыі, і доўгія аднаўленні. Ёй далі другую групу інваліднасці, але яна не пакінула справы. На адпачынак пайшла толькі, калі споўнілася 67-м. Тады зяць сказаў: «Мама, падарыце мне на Новы год працоўную кніжку». У сакавіку яна зрабіла яму гэты доўгачаканы падарунак.
Сёння побач з ёй – муж Іван Лявонцьевіч. Пра яго яна гаворыць коратка і ёміста:
– Гэта мае ногі і мае рукі. З ім і нягоды лягчэй, і радасць удвая.
Сон пра сэрца Езуса
У дзевяностыя здарылася тое, пра што Людміла Віктараўна расказвае да гэтага часу сціпла, без лішніх слоў – проста таму, што інакш не атрымліваецца.
– Мне прысніўся сон. Ні бы я знаходжуся у прыгожым месцы (я яшчэ не ведала, што там будзе касцёл, ніхто не ведаў), – успамінае сон жанчына. – І вось я стаю і бачу, як з неба льецца святло. І перада мной з’яўляецца Езус Хрыстус. Яго правая рука была паднятая, а з грудзей, каля сэрца, зыходзілі яркія промні. Сэрца не проста ззяла – менавіта свяцілася, як бы сонца памясцілі ўнутр. І промні ад яго ішлі па ўсім перыметры.
Як аказалася, на здзіўленне Людмілы Віктараўны, на тым месцы, якое ёй прыснілася, пазней пабудавалі касцёл. Асвяцілі ў імя Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
Сёння жанчына не аддзяляе той сон ад таго, чым жыла на той час: дабрачыннасці, дапамогі сіротам, клопату пра тых, хто застаўся без падтрымкі.
Сямейнае кола: як рыхтуюцца да Вялікадня
За святочным сталом у Гніцецкіх не дзеляць Вялікдзень на каталіцкі і праваслаўны. Гэта не адзін дзень і не адна традыцыя. Гэта некалькі дзён, у якія змяшчаецца і асвячэнне кулічоў у вёсцы Чарнагубава, і служба ў Капылі, і самае галоўнае – доўгачаканы прыезд дзяцей.
У Людмілы Віктараўны дзве дачкі – Ірына і Алена, чацвёра ўнукаў і адзін праўнук. Самы малодшы сёлета пайдзе ў школу, а старэйшая ўнучка ўжо замужам.
– На Вялікдзень збіраюцца ўсе, – распавядае суразмоўніца. – Стол у такія дні – не проста пачастунак, гэта рытуал. Галоўнае месца займаюць кулічы, якія ўжо даўно не купляем, таму што лепш за хатнія ніхто не спячэ. Яйкі фарбуем загадзя, усёй сям’ёй, часам з унукамі – каб памяталі, каб адчувалі: гэта не проста ежа, гэта – памяць.
Але галоўнае – не сам стол, а тое, што яму папярэднічае: падрыхтоўка, споведзь, дарога на службу. І тое, што адчуваеш пасля: калі вяртаешся з ужо іншым сэрцам і садзішся за святочны стол.
– Выхаднымі днямі заўсёды стараюся наведваць касцёл святых Пятра і Паўла ў Капылі, але калі трапляю ў Ляхавічы, то абавязкова іду ў касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Падабаюцца мне службы і там, і там: пасля іх так цёпла і спакойна на душы.
Святло, якое не згасае
Малітва і вера ў сям’і – гэта адно. Але для Людмілы Віктараўны яны ўжо даўно сталі яшчэ і штодзённым, ціхім служэннем. Дваццаць пяць гадоў яна ўваходзіць ў «Легіён Марыі» – апостальскі месіянерскі рух, які не церпіць шуму. Яе праца ціхая, амаль небачная, але, як ўпэўнена жанчына, самая патрэбная.
Кожны дзень, у любую дарогу, у любую хвіліну, калі агортвае трывога ці проста хочацца спыніцца, у руках у яе Ружанец. Перабірае пацеркі, не спяшаючыся.
– Заўсёды чытаю малітву Святой Тройцы. Малюся аб літасці Божай, за ненароджанае дзіця, за тых, хто самотны, за здароўе. Раней бабуля малілася, зараз я. І калі думаеш пра гэта, разу-мееш: вера адна, і мы ў ёй не адны.
Там, дзе сыходзяцца дарогі
Цяпер тут, у Цімкавічах, свой куток, дзе можна сустрэць Вялікдзень так, як трэба: усёй сям’ёй, з малітвай і за адным сталом.
– У нас у сям’і так заве-дзена: няхай праваслаўная, няхай каталіцкая вера – мы ўсе разам. Дзеці павенчаны: Ірына з мужам у касцёле, Алена з мужам – у царкве. А мы з Іванам Лявонцьевічам на сярэбранае вяселле бралі шлюб у Ляхавічах, у касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
Слухаючы гераіню, цяжка ўявіць, што калісьці яна будавала дамы і дарогі, узначальвала праектна-каштарысную групу. Сёння яе будоўля зусім іншая. Гэта мост паміж пакаленнямі, які яна трымае ціха, без надрыву. У Людмілы Віктараўны 52 гады працоўнага стажу, але галоўную сваю працу яна не лічыла ніколі, і яна не ў працоўнай кніжцы.

Комментарии