15 сакавіка
Мяцеліца ў гэты дзень падавала селяніну знак на няўдалы сенакос улетку: «На Фядота занос – усё сена знясе». У гэты дзень чакалася апошняя адліга. Вецер на Фядота то дах з хлява сарве, то вогнішча разверне.
Калі гусі змазваюць пёры, чысцяць іх – быць дрэннаму, дажджліваму надвор’ю.
16 сакавіка
У нашых продкаў быў такі абрад: сяляне праходзілі поле крыж-накрыж. Гэтым яны нагадвалі сонцу, што няма калі адпачываць, трэба, маўляў, адталай вадой поле паіць. Народжаны ў гэты дзень славіўся знаўцам шляхоў – яго са шляху не звярнуць, у цёмным лесе яму не заблукаць.
Калі певень крычыць звонка і задзірыста, значыць, лета будзе цёплым.
17 сакавіка
Даўней гэты дзень называлі Герасім-гракоўнік – дзень прылёту гракоў. Нашы продкі пяклі хлеб у выглядзе птушак.
Гракі сядзяць ужо ў гнёздах – на добрую вясну, калі зусім іх не відаць – вясна будзе халодная; гракі крычаць – будзе дождж.
18 сакавіка
У гэты дзень, памаліўшыся ранкам, гаспадары ішлі да жывёлы, выводзілі яе ў двор, а самі выносілі гной: «Гной таптаць – усякі цяжар у нагах збываць». Нашы продкі настойвалі: нават калі на Конана-агародніка на двары зіма – усё адно пачынай араць агарод, тады агародніны будзе шмат.
Калі надвор’е сонечнае, летам не будзе граду; пасля сённяшняга дня будзе яшчэ 40 ранішніх прымаразкаў; калі пачаць сёння працаваць на агаро-дзе, то агародніна добра ўродзіць.
19 сакавіка
Нашы продкі называлі гэты дзень Кастусёвы кругі, або Дар’я Брудныя Палонкі. «На Дар’ю палонкі каламуцяцца». У гэты дзень бабы і мужыкі абыходзілі студні кругамі, каб калодзежная вада была салодкая і чыстая і дапамагала ад усіх хвароб. З гэтага дня пачыналі бяліць палотны.
З 19 сакавіка чакаўся прылёт буслоў.
Калі вясновая вада на Дар’ю ідзе з шумам – трава добрая будзе, а калі ціха – дрэнная.
20 сакавіка
З Васіля вясна ідзе – лічылі нашы продкі. У старыя часы з гэтага дня пачынаў актыўна раставаць снег. Але маразы яшчэ маглі вярнуцца, таму людзі казалі так: «З дахаў капае, а за нос цапае».
Калі прыляцелі 20 сакавіка практычна ўсе птушкі – чакай багатага ўраджаю хлеба; калі ў гэты дзень раптам будзе мароз, то наперадзе яшчэ 40 маразоў; калі дзень пахмурны, то ў бліжэйшыя дні зноў пахаладае.
21 сакавіка
Дзень вясновага раўнадзенства – нашы продкі лічылі, што з гэтага моманту пачынаецца вясна, новы год. У даўнейшыя часы былі такія прыметы: калі аблокі высока і плывуць хутка – да добрага надвор’я; калі жаўрукі прыляцелі – вясенняе цяпло будзе раннім.

Комментарии