Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

От Библии Скорины до памятника букве «Ў» – почему важно говорить на «матчынай мове»

21.02.2026

21 лютага – незвычайны дзень: нягледзячы на сцюжу,  душу і сэрца  сагравае ўнікальнае  і высокаінтэлектуальнае свята – Міжнародны дзень роднай мовы. На планеце Зямля налічваецца  каля 7150  моў, што датычацца 142 моўных сем’яў. На 40 найбольш распаўсюджаных мовах размаўляе 2/3 зямлян. Сябры і сяброўкі незалежнай сінявокай Беларусі! Гэта якраз цудоўная нагода – пачаць думаць па-беларуску, размаўляць на матчынай з тымі, хто побач. І, вядома ж, не толькі адзін дзень, а штодзённа!

Нарадзіўся ў першай сталіцы Беларусі – Полацку

Асоба Францішка  Скарыны займае адно са знакамітых месцаў сярод дзеячаў эпохі Адраджэння ў Беларусі. Гэты чалавек увайшоў у гісторыю нашай дзяржавы як першадрукар і вучоны, асветнік і гуманіст, паэт і медык, батанік і астраном.

Першым з пражскіх выданняў яго  Бібліі стаў Псалтыр (1517) . Услед за ім выйшлі яшчэ 22 кнігі Старога Запавету. Інтэнсіўная дзейнасць сведчыць пра тое, што Скарына клапаціўся, каб кніга яго была зразумелай чытачам: для гэтага на палях лістоў рабіў пераклад на сучасную яму мову і даваў тлумачэнні асобным царкоўнаславянскім словам, якія, на яго думку, маглі быць незразумелымі.

Літара «Ў» – такая загадкавая і таямнічая...

Як эстафета з ХVІ стагодзя – у ХХІ стагоддзі, у 2003 годзе,  у старажытным горадзе Полацку ўсталявалі манумент «Ў»: у гонар Дня беларускага пісьменства. Мне   хочацца, каб і іншыя гарады займелі помнікі астатніх літар роднага  алфавіту! Помнік літары «Ў»  – 22-й літары беларускага алфавіту. Размешчаны ў цэнтры горада, на бульвары праспекта Францішка Скарыны.

«Можа, хто спытае: дзе ж цяпер Беларусь?»

Для мяне даўно шаноўнымі сталі бессмяротныя творы і  першага нацыянальнага класічнага паэта Бацькаўшчыны Францішка Бенедыкта Казіміравіча  Багушэвіча – шляхціца па паходжанні. Народнага па сэрцы: ён не толькі выйшаў з народа, але і заставаўся ў самай яго гушчы да апошніх дзён! Яго творчасць стала падмуркам ідэалогіі айчыннага нацыяльна-вызваленчага  руху пачатку ХХ стагоддя. Ён найперш вядомы зборнікамі «Дудка беларуская» і «Смык беларускі»,  грамадзянскімі прадмовамі да іх. Багушэвіч   доўга шукаў тую сапраўдную, найбольш яскравую мову, каб выказаць усё, што было на душы, мучыла і пякло: спрабаваў пісаць  і па-польску, і па-ўкраінску,   пакуль не ўцяміў, што адзіная блізкая яму мова тая, што пагардліва называлася «мужыцкай гаворкай».  Стаў адным з заснавальнікаў айчыннай літаратуры, выражальнікам нацыянальнай ідэі,  абаронцам галоўнага права – на  Айчыне  гаварыць на роднай мове, быць адзіным самабытным народам.

Максім Багдановіч і яго «Слуцкія паясы» – гонар Бацькаўшчыны

У сярэдзіне ХVІ стагоддзя ў Слуцку была заснавана фабрыка па вытворчасці паясоў – «персіярня». Называлі яе так таму, што на ёй працавалі персы і туркі, спецыяльна прывезеныя, каб наладзіць гэтую справу. Беларускія майстры пачалі  выкарыстоўваць свае  матывы – і паясы набылі  народныя рысы. Іх выраблялася  каля двухсот штук у год. На канцы пояса вышывалася: зроблены  ў Слуцку.

Багдановіч даў нам у спадчыну, што прыгажосць лепш ствараць не па чужым узоры, а па сваім, родным, такім, якога прагне душа. А ці мы, нашчадкі,  умеем цаніць сваё, роднае? А Кніжнік  гэта ўмеў. Родны край для яго быў крыніцай з жывой вадой, якая давала яму сілы жыць і тварыць. І ў ХХІ стагоддзі слуцкія паясы з’яўляюцца адным з трапных сімвалаў  Бацькаўшчыны.

Янка Купала і яго верш-шэдэўр

Наша беларускасць у спадчыну  – як маленькія вершы-шэдэўры, так  і вялікія паэмы-феномены. Янка Купала ўвайшоў у гісторыю нацыянальнага прыгожага пісьменства як  паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, адзін з заснавальнікаў новай айчыннай  літаратуры і літаратурнай мовы. У прарока нацыі Янкі Купалы  ёсць  легендарны  верш «А хто там ідзе?» – адзін з маіх самых любімых.  У анталогіі, якая ўбачыла свет у 2018 годзе, ён ужо перакладзены на 101 мову. 

Якуб Колас і «Энцыклапедыя жыцця беларусаў»

Я. Колас – паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, мовазнавец. Адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы.

Паэма, ці раман у вершах «Новая зямля» – вяршыня паэтычнага майстэрства  песняра.  З аповесці аб жыцці адной лесніковай сям’і паэма здолела перарасці ў вялікі твор аб жыцці ўсяго  сялянства (яго беззямеллі, збядненні, пошуках кавалка хлеба на панскай службе, яго палітычным абуджэнні і ўсведамленні  чалавечай годнасці). Творы  Коласа перакладзены больш чым на сорак моў свету.

Гаваркія дыялектызмы, ці Як бабуля казала

Купала і Колас шмат зрабілі для станаўлення  літаратурнай мовы, аднак  падмуркам прыгожага пісьменства былі і  дыялектызмы. І перш за ўсё гаворкі Міншчыны, дзе і нарадзіліся песняры. Беларусы, што засталіся жыць у вёсках, размаўляюць і сёння  на дыялектнай мове. Цікава, што мова адной і суседняй вёсак  аднаго ж раёна  нярэдка адрозніваюцца паміж сабой.

Карову падманваем, ці Трасянка –  лінгвістычны феномен

Нярэдка, калі беларусам падаецца, што яны размаўляюць   па-руску,  яны  гавораць трасянкай. Ці яшчэ горш – нецэнзурнай лаянкай...  Трасянка – форма змешанага маўлення, калі чаргуюцца элементы і структуры беларускай і рускай моў.

Слова «трасянка» пайшло ад назвы корму для буйной рагатай жывёлы. Калі  ў гаспадара не хапала добрага  сена, ён дадаваў салому,  старанна растрасаючы яе. Карова не  заўважала падману – і з’ядала трасянку.  Так і мы, неразумныя псеўданосьбіты матчынай, гаворачы штодзённа  абы-як, як каровы, злізваем языкамі ганебнае ды паганае.

Спецыяльна для «СП»

Канстанцін КАРНЯЛЮК


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей