Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Память сердца: ветеран педагогического труда рассказала про свои школьные годы в Копыле

07.02.2026

«Было цяжка, але вучыліся старанна» – так успамінае Тамара Міхайлаўна Дзенісюк (Шкілевіч), выпускніца СШ № 2 г. Капыля 1954 года.

– Мой выпускны клас стаў першым выпускам 1954 года (24 выпускнікі) пасля Вялікай Айчыннай вайны. Мы марылі далей вучыцца і ўсе ўладкаваліся ў жыцці: пяць урачоў, чатыры настаўнікі, інжынер-металург, чатыры электрыкі-механікі, два будаўнікі, заатэхнік, некалькі чалавек сталі рабочымі, – расказвае тамара Міхайлаўна. – Я пайшла ў першы клас Капыльскай сярэдняй школы ў 1944 годзе. Мая мама Аляксандра Якаўлеўна здолела зладзіць з салдацкага шыняля мне і брату Уладзіміру адну безрукаўку на дваіх. Хадзілі мы ў абутку, пашытым з аўтамабільнай пакрышкі, і насілі ўсё па чарзе. Я вучылася ў першую змену, брат – у другую. Мне трэба было паспець прыбегчы дадому пасля заняткаў, каб у школу не спазніўся брат.

Добра запомніла, як вучылі па чарзе геаграфію. Падручнік быў распісаны па гадзінах сярод дзяцей. Добра засвоіўшы грамату, пісала лісты на фронт бацьку. І калі там, дзесьці ў Польшчы, бацька ўбачыў, што я пішу лісты і добра вучуся, прасіў перадаць вялізную падзяку настаўніцы Ганне Іванаўне. Гэты ліст педагог зачытала перад усім класам і заплакала: на вайне загінуў яе муж. Там, на фронце, салдаты цанілі працу настаўніка!

Вучыліся па хатах, што знаходзіліся на вуліцах Пушкіна, Камсамольскай і Энгельса. Пакоі раздзяляліся тонкімі дашчанымі перагародкамі, так што можна было чуць тлумачэнне настаўніка ў іншым класе. Сталы і лаўкі былі збіты з дошак. Замест чарнілаў разводзілі сажу або сок чырвонага бурака. Затым пасля Перамогі з Мінска пачалі прывозіць бутэлечкі з чарнільным парашком. Пісалі гусінымі, жалезнымі пёрамі і нават заточанымі палачкамі на газетах, шпалерах, бланках і іншых паперах, якія знаходзілі ў развалінах будынкаў, рабілі сшыткі з папяровых мяшкоў. Усё гэта насілі ў палатняных торбачках часам залітымі чарніламі ад чарніліц-невыліваек.  У час заняткаў вучні адчувалі пах ежы, якую гатавала гаспадыня для сваёй сям’і ў рускай печы, адгароджанай ад нас  шторай.  Увесь час хацелася есці. Былі выпадкі, калі дзеці страчвалі прытомнасць ад недаядання. Педагогі былі апрануты сціпла, але акуратна. І, калі хто з іх прыходзіў у абноўцы, паглядзець збягаліся ўсе вучні.

У каго былі бацькі, тыя прыносілі ў клас дровы. Каб купіць падручнікі, сшыткі, алоўкі, улетку разам з братам мы збіралі грыбы, ягады, якія прадавалі на кірмашы, працавалі на будоўлі і ў ганчарнай майстэрні.

Быў у мяне аднакласнік, якога звалі Міша Звераў. У час вайны  памерла яго маці. Бацька вярнуўся з фронту з асколкамі ў целе. Доўга не пажыў. Міша і яго сястрычка сталі сіротамі. Дзяўчынку забралі ў дзіцячы дом, а за хлопца заступілі суседзі і дырэктар школы Сташэўскі В.В. Міша жыў адзін. Крыху дапамагала суседка. Адзін раз у дзень яго кармілі ў раённай сталоўцы. Часта хадзіў да мяне рыхтаваць урокі. Бывала, бягу ў школу, а ён стаіць у чарзе па хлеб. Пасля Міша стаў аграномам. Калі ўжо дарослымі мы сустракаліся ў гасцях, пілі чай з «падушачкамі», успаміналі цяжкае дзяцінства і плакалі.

Я скончыла Брэсцкі педінстытут па спецыяльнасці настаўнік хіміі і біялогіі. Узначальвала Капыльскі метадычны кабінет, а затым больш за 20 гадоў выкладала хімію.

У 2007 годзе мы з аднакласнікамі ўбачыліся на вечары сустрэчы з выпускнікамі. У той час з 24 чалавек нас засталося толькі 12.

Запісаў Барыс Дзенісюк,

член Беларускіх саюзаў афіцэраў і журналістаў


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей