Вершы, дыялекты і... мадэрнізацыя АПК
Калядная сустрэча аб’яднала ветэранаў працы СГФ «Руднае» (на здымку). Нагодай для мерапрыемства сталі не толькі святы, але і жаданне ўспомніць працоўныя гады, абмеркаваць, як мяняюцца тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы і што застаецца ў ёй вечным і нязменным.
Сваім выступленнем прысутных парадаваў дырэктар Капыльскага райаграсэрвісу Аляксандр Турбан. Ён расказаў пра мадэрнізацыю аграпрацэсаў і развіццё сучаснага АПК, што выклікала жывую цікавасць і пытанні ад вопытных аграрыяў.
Асаблівую душэўнасць мерапрыемству надаў інтэрактыў «Роднае, сваё», дзе ветэраны праверылі веды роднай мовы і падзяліліся мясцовымі дыялектнымі словамі. А кульмінацыяй сталі вершы на беларускай мове, якія з асаблівым пачуццём прачыталі Валянціна Чакун і Галіна Кушнер.
Хто ведае: магчыма, гэтая шчырая сустрэча, поўная цяпла і ўспамінаў, пакладзе пачатак доб-рай традыцыі, якая будзе зноў і зноў злучаць розныя пакаленні аргарыяў Капыльшчыны.
Нагадалі пра бяспеку
На тэрыторыі сельсавета прайшоў прафілактычны рэйд. У рамках акцыі па папярэджанні пажараў спецыялісты Капыльскага РАНС і сельвыканкама абышлі домаўладанні. Асаблівую ўвагу надалі тым, хто знаходзіцца ў групе рызыкі: пажылым і адзінокім грамадзянам, шматдзетным сем’ям, а таксама сем’ям, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Вынікі і перспектывы
На чарговым пася-джэнні сельвыканкама падвялі вынікі работы па добраўпарадкаванні за 2025 год і пазначылі прыярытэты на наступны перыяд. Усе прынятыя рашэнні накіраваны на павышэнне камфорту жыцця ў сельсавеце і стварэнне сучаснага асяроддзя для жыхароў усіх узростаў.
У Чарнагубаве – плюс адзін
Значная падзея пад Новы год здарылася ў вёсцы Чарнагубава: у адной з сем’яў на свет з’явілася доўгачаканая дачка – першынец, якога шчаслівыя бацькі назвалі прыгожым імем Вера. Афіцыйную рэгістрацыю немаўляці правялі ўжо ў студзені, і цяпер яна паўнапраўная жыхарка Капыльскага раёна.

Комментарии