Праверылі печы і праводку
Каб прадухіліць трагедыі, было арганізавана абследаванне дома-ўладанняў адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян. Асноўная ўвага – стану пячнога ацяплення, запасам паліва і спраўнасці электраправодкі.
За тры дні спецыялісты наведалі 19 дамоў.
– У марознае надвор’е рызыкі ўзрастаюць, – патлумачылі ў сельвыканкаме. – Наша задача – не проста скласці акт, а на месцы дапамагчы ліквідаваць недахопы, даць параду, пераканацца, што чалавек у бяспецы. Прафілактычныя абходы будуць працягнуты. Такая работа – не разавая акцыя, а частка сістэмных мер, накіраваных на захаванне жыцця і здароўя жыхароў сельсавета.
Стагоддзе мудрасці
Асаблівы дзень выдаўся ў найстарэйшай жыхаркі аг. Скабін Марыі Харытонаўны Прыміч. У свой соты дзень нараджэння яна атрымала не толькі галоўны дакумент грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, але і шматлікія пажаданні. Так, сярод гасцей аказаліся прадстаўнікі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Ірына Кісляк і Зоя Дайняк. Яны наведалі юбілярку ў рамках акцыі «Ад усёй душы», каб асабіста павіншаваць са знамянальнай датай (на здымку). Візіт стаў для Марыі Харытонаўны знакам асаблівай павагі да яе шаноўнага ўзросту і жыццёвага шляху.
Ішла каляда калядуючы
У аг. Мажа з песнямі і віншаваннямі прайшлі калядкі. Работнікі раённага цэнтра традыцыйнай культуры сумесна з удзельнікамі клубнага аб’яднання «Вытокі» заходзілі ў дамы мясцовых жыхароў. Калядоўшчыкі дарылі гаспадарам песні, шчырыя пажаданні здароўя і дабрабыту ў новым годзе, а тыя, прытрымліваючыся старадаўняга звычаю, шчодра дзякавалі гасцям пачастункамі.
Абрад не толькі падарыў радасць зносін, але і стаў яркім пацвярджэннем, што народныя традыцыі працягваюць жыць на Капыльшчыне і перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Комментарии