Сёння мы бачым гэту боскую жывёлу часцей у якой-небудзь тэлеперадачы, чым у жыцці (а ў Індыі яна лічыцца свяшчэннай). А пра сапраўдны смак малака дык наогул забыліся. Вёска, на жаль, губляе сваю самабытную прыгажосць: замест ранішняга «каровы выганяйце!» добра калі пачуем вясёлае «ку-ка-рэ-ку!» Што ж тут сумаваць – жыццё, не запытаўшы нас, так хутка мяняецца!.. Мне ж, мабыць, у гэтым сэнсе, неяк трошкі пашанцавала, бо з самага дзяцінства яго, гэтае жыццё, «упрыгожвалі» вось гэтыя кароўкі, цяляткі, авечкі, конікі… Бабуля кожную раніцу налівала мне поўны кубачак цёпленькага сырадойчыку, нават яшчэ і з шумам (напэўна, мала хто і ведае, што гэта такое). А мама, якая працавала даяркай у калгасе, паказала мне, васьмігадоваму дзіцяці, свой «майстар-клас». У адну руку яна дала пяцілітровае вядзерца, у другую – маленькі, па маім росце ўслончык, падвяла да самай рахманай кароўкі, пагладзіла яе, усміхнулася:
– Вось табе, Зорачка, маладая гаспадынька, цяпер яе слухай.
Зорачка паглядзела на нас, нешта мэкнула, пераступіла з нагі на нагу, хвастом махнула. З гэтага і пачалася мая вясёлая недзіцячая «практыка». Мне падабалася ў абед і вечарам ісці з вядзерцам да сваёй Зорачкі, якая мяне ўжо чакала. І маме была хоць нейкая дапамога, і мне – радасць.
Але што самае прыгожае нібы зафатаграфавала ў маіх малечых вачанятах памяць, дык гэта – Графіня! Маладая суседская карова. Сапраўдная графіня! Куды там да яе калгасным Лысухам, Півоням ці Зорачкам! Цёмна-чырвоная, яркая, чысцюткая. А рогі тыя – быццам карона! Між імі ўпрыгожанне – нешта накшталт белай кветкі. Вочы вялікія, разумныя, сур’ёзныя. Сама яна ўся такая «фігурная» – стройная, грацыёзная. Не карова – а лялька! А характар які! Надта ж самастойная. Для яе не існавала ні пастухоў, ні агароджаў. Яна як тая кошка, што гуляла сама па сабе. Бачыць лужок з духмянай канюшынкай – і ўжо там. Трапілася на вочы поле з зялёным бурачнікам – не абышла бокам і на яго патрапіла. Рэчка на шляху – не перашкода, знойдзе самую патрэбную пераправу. Пастух на шляху – махне сваёй прыгожай рагатай мызай – і дарога адкрыта. Графіня разумная: дабярэцца да смачнай зеляніны, паесць колькі ёй патрэбна і спакойна, самастойна тым жа шляхам назад вернецца. Аніякай агрэсіі. Вядома ж – графіня!
Магчыма, яна мне так і не запомнілася, калі б не адно вельмі ўражлівае здарэнне. Бачу, ідзе наша прыгажуня па дзядзінцы, калгасным двары (наша хата недалёка стаяла). Мабыць, да калодзежа накіравалася. І раптам… адкуль яна толькі ўзялася? На яе шляху топчацца мая маленькая трохгадовая сястрычка Зойка. Здалёк бачу, што яны не размінуцца. Малое ў тым узросце, што яшчэ не адчувае таго страху, ад якога мяне халодзіць. А хто ж ведае, як будзе паводзіць сябе Графіня? Што, як падмахне малую сваімі ражышчамі? Я лячу да Зойкі, а Графіня, паглядаючы на дзіця, павольна ідзе да яго з другога боку. Хто першы. Заўважаю, што Графіня не спыняецца, спакойна, паглядаючы на малое, набліжаецца да яго. Вось ужо амаль побач. Я маланкай далятаю да Зойкі. Хапаю яе аберуч і валаку далей ад небяспекі, бліжэй да хаты. Ух! Пранесла! Графіня мэкнула, быццам нешта гаворачы, павярнулася да калодзежа, дзе стаяла вядро з вадой…
Многа каровак я бачыла на сваім жыцці. Але Графіня была адна такая – сапраўдная графіня! Ці ж магчыма, каб такое ды вылецела з галавы, забылася! І лялечка-Графіня, і рахманая Зорачка, і мая доб-рая, працавітая мама, і маленькая Зойка ў каляровай сукеначцы. І, наогул, маё па-даросламу вясёлае дзяцінства, калі ты яшчэ такі маленькі, а вакол цябе столькі ўсяго цікавага і прыгожага!
І ішла я па жыцці моцна трымаючы, як кажуць, за руку сваё незабыўнае гэта самае дзяцінства, у думках да яго час ад часу залятаючы, душою там адпачываючы (падобна героям Я. Коласа). Сіл я там набіралася, каб ізноў адправіцца далей, у новае нязведанае…
Валянціна САЎЧАНКА,
ветэран педагагічнай працы

Комментарии