Інвентарызацыя паказала
Работнікі сельвыканкама правялі інвентарызацыю домаўладанняў, размешчаных у 32 населеных пунктах сельсавета. Вынікі паказалі, што агульная колькасць дамоў складае 1835, у тым ліку пустуючых – 185. На наступны год рыхтуюцца дакументы па зносе 16 старых пабудоў.
З уласных падвор’яў
Нягледзячы на зіму, вяскоўцы працягваюць здаваць малако дзяржаве з уласных падвор’яў. У сярэднім за дзень тэхнікай УП «ПІК-Лясное» ад 19 кароў збіраюць каля 200 кг у шасці населеных пунктах.
Плюс два хлопчыкі
Насельніцтва в. Бабоўня папоўнілася новымі жыхарамі. Нядаўна тут на свет з’явіліся два хлопчыкі. Усяго ў населеным пункце пражывае 306 чалавек: 39 – моладзь, 192 – працаздольнага ўзросту і 75 – пенсіянеры.
Святочная выстава
У Лоцвінскім цэнтры аматарскай творчасці адкрылася традыцыйная навагодняя выстава работ удзельнікаў гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Сувенір» і «Чароўны клубочак». Яна дорыць натхненне, веру ў цуд і разуменне, што самае сапраўднае чараўніцтва нараджаецца з простых матэрыялаў ва ўмелых і працавітых руках. Выстава будзе чакаць наведвальнікаў да сярэдзіны студзеня.

Комментарии