Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Наследие Синеокой: ТОП самых душевных праздников и акций Беларуси

19.12.2025

Cнежань – своеасаблівы час: мы падводзім вынікі бягучага года і будуем планы. Марым, куды нас прымчыць тройка чырвоных агністых коней. У пераднавагодні час мы ўсе трошкі чараўнікі! Мы заўважаем, як шмат вакол нас светлага, добрага, жыццесцвярджальнага. Сонечнага, таго самага –  з даўняга бесклапотнага маленства... 

Традыцыі  роднай Сінявокай

Гэта час сапраўды чароўны, таямнічы і загадкавы. І калі, як не ў гэты зімовы час, хлебаробы могуць больш адпачыць, пагутарыць пра самыя цёплыя і добрыя мерапрыемствы і акцыі, якія мы разам з народам адраджалі, выкрышталёўвалі. А гэта і ёсць традыцыі майго народа.

Адны з традыцый прыйшлі да нас у спадчыну з сівой даўніны. Іншыя – ужо больш-менш сучасныя, якія штогод мы працягваем ствараць самі, каб потым таксама перадаць нашчадкам. Не сакрэт, што толькі тады, калі ёсць традыцыі – высакародныя ды велічныя, мы маем права называць сябе Народам, Нацыяй.

Акцыі «Нашы дзеці»…

Дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» сёлета адзначае свой юбілей – 30-годдзе. І яна ўжо стала часткай айчыннай культуры. 15 снежня адбылося яе ўрачыстае адкрыццё. Менавіта ў 1995 годзе акцыя была ўзята пад патранат Прэзідэнта. Павіншаваць дзетак абавязкова прыязджае лідар  дзяржавы. Ён ужо таксама прывык да традыцыі – як мудры кіраўнік задаваць тон велічнаму і прыгожаму тэатралізаванаму прадстаўленню. Для дзетак, бясспрэчна, вельмі важная  беларуская традыцыя – Навагодняя Ёлка з Прэзідэнтам. Трапіць на яе – мара кожнага!

… і «Ад усёй душы»

Ужо ўсе рыхтуюцца да штогадовай навагодняй дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы», якая стала важным сацыяльным праектам. Акцыя, накіраваная на падтрымку сталых, адзінокіх людзей, ветэранаў працы і Вялікай Айчыннай вайны. Час ад часу даводзіцца чуць, што чыноўнікі на месцах досыць актыўна пачалі дарыць падарункі людзям шаноўнага ўзросту, каб найперш самім пакрасавацца па ТБ: маўляў, паглядзіце, які я добры, клапатлівы, выконваю, як магу, усялякія жаданні. Такое меркаванне – поўнае глупства. Мне аднойчы давялося ўбачыць слёзы адзінокай бабулькі, якая ўсё ніяк не магла супакоіцца пасля падобнага візіту: «А я ўжо і забыла, калі мне што-небудзь дарылі...» Падарункаў, як і дабрыні, ніколі шмат не бывае.

Баль у Палацы Незалежнасці...

28 снежня 2018 года галоўная зала Палаца Незалежнасці прыняла першы навагодні маладзёжны баль. Гэта, бадай, самая прыгожая пераднавагодняя традыцыя. Мы, беларусы, павінны захоўваць сваю ўнікальнасць і самабытнасць. І таму, што такія велічныя і высакародныя традыцыі ёсць у нас, таму, што мы скрупулёзна іх зберагаем і захоўваем для нашчадкаў, залежыць не толькі наш добры настрой у навагоднюю ноч, але і на працягу далейшага  жыцця.

Матчына слоўца прыляцела ў сэрцы  ( 21 лютага)

Некаторыя з нас, на жаль, падзабылі матчыну мову – самы час вяртацца і тут да вытокаў. Трэба заўсёды помніць мудрыя слоўцы першага класічнага паэта Беларусі Францішка Багушэвіча: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, – каб не ўмёрлі!» Дзень роднай мовы мы адзначаем 21 лютага. Праўда, вельмі хочацца, каб беларусамі мы адчувалі сябе што-дзённа, а не толькі ў гэты дзень. Мы павінны ўсе разам як мага больш размаўляць па-беларуску.

Дзень Перамогі ( 9 Мая).  Акцыя «Беларусь помніць!»

Сёлетні год быў годам 80-годдзя Вялікай Перамогі. Безумоўна, засмучае, што з кожным годам побач з намі застаецца ўсё менш і менш салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі. Але з намі памяць, мы не дазволім недругам яе руйнаваць, перапісваць гісторыю Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны. Адбіраць у савецкіх, надзвычай інтэрнацыянальных народаў, іх сумесную Перамогу. Памяць пра тыя незабыўныя і бессмяротныя 1418 дзён і начэй – назаўжды ў нашых сэрцах.

Дзень Перамогі – маё любімае свята. У гэты дзень я слухаю ваенныя песні, асабліва бессмяротную «Дзень Перамогі» ў выкананні спевакоў розных пакаленняў. А яшчэ  надзвычай люблю ў цішыні перачытваць вершы пра вайну айчынных і расійскіх паэтаў. Так, міжволі боль ветэранаў прарастае ў свядомасці ўдзячнасцю,  памяццю. А ў акцыі «Беларусь помніць!» бярэ ўдзел уся Сінявокая – самая міралюбівая ў свеце краіна. У гэты святы час наш Прэзідэнт таксама разам са сваім Народам, ён вядзе цёплыя гутаркі з ветэранамі, дзякуе ім за Перамогу.

Трыадзінства герба, сцяга і гімна

Указам Прэзідэнта яшчэ ў 1998 годзе ўсталявана свята – Дзень Дзяржаўнага герба і сцяга. А ў 2023-м зацверджана яго новая назва, што дазваляе аддаць даніну павагі ўжо тром сімвалам – гербу, сцягу і гімну. І ўжо па новай традыцыі ў другую нядзелю мая тысячы маладых і сталых беларусаў разам з любімым Прэзідэнтам прыходзяць на плошчу Дзяржаўнага сцяга ў горадзе-героі Мінску, каб прынесці клятву вернасці суверэннай Беларусі. Менавіта тут, на гэтым святым месцы, маладыя афіцэры прымаюць прысягу, а юныя грамадзяне  – першыя пашпарты.

Дзень Незалежнасці

Гэта свята ўжо паспела стаць любімым у народзе. «Каб захаваць памяць, нам трэба самім не забыць і навучыць гэтаму сваіх дзяцей. Дзе толькі магчыма, паказваць сваім дзецям, нават самым маленькім, што гэта – наша Перамога, і гэта не толькі набытак тых людзей, хто перамог (яны, вядома ж, галоўныя, яны прынеслі нам Перамогу), але гэта наш набытак», –адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Славянскі базар у Віцебску»

Гэта сапраўднае свята славян – адзін з лепшых фестываляў Айчыны, які з’яўляецца візітнай карткай Беларусі. На працягу многіх гадоў музычны форум садзейнічае развіццю дыялогу культур паміж народамі і краінамі. 18 ліпеня 1992 года прайшоў першы фестываль. Ля яго вытокаў стаялі тры дзяржавы – Беларусь, Расія і Украіна. Мэтай краін было азнаёміць віцяблян і гасцей горада з песеннай творчасцю славян. Ужо стала традыцыяй: Прэзідэнт заўсёды адкрывае гэты прыдзвінскі культуралагічны форум.

«Александрыя збірае сяброў» 

Ахутанае легендамі, старажытнае Купалле беларусы любяць і беражліва захоўваюць ужо многія стагоддзі. Кожны год напрыканцы чэрвеня і пачатку ліпеня па ўсёй краіне яго адзначаюць прыгожымі гуляннямі – плятуць купальскія вянкі і загадваюць жаданні, запальваюць вогнішчы, спяваюць песні і шукаюць таямнічую папараць-кветку... А самай вялікай пляцоўкай, дзе Купалле праходзіць з размахам, стаў аграгарадок Александрыя. На Шклоўшчыну адкрываць свята прыязджае і сам Прэзідэнт, які вучыўся ў тутэйшай сярэдняй школе. Сюды з’язджаюцца тысячы гасцей, каб у адну з самых кароткіх летніх начэй убачыць яркае дзейства на маляўнічым беразе Дняпра-бацюхны.  

Дзень народнага адзінства  

Многія беларусы памятаюць, як яшчэ ў 2021 годзе з трыбуны VI УНС прагучала прапанова заснаваць у Беларусі новае свята – Дзень народнага адзінства. Наш лідар ідэю падтрымаў. Гэтае высакароднае, нават узнёсла-паэтычнае свята – сімвал свядомага імкнення беларусаў жыць адной дружнай сям’ёй, ва ўласным міралюбівым, гасцінным, утульным доме. Жыць у міры, гармоніі, суладдзі з суседзямі. Беларусы праз стагоддзі навучыліся быць разам не толькі ў барацьбе, але і ў сваіх памкненнях і дасягненні вялікіх і малых мэт. Наша важная задача – праз дыялог і ўзаемаразуменне прымножыць патэнцыял і славу Айчыны, захаваць яе самабытнасць і міжнародны аўтарытэт. Дарэчы, і аўтарытэт нашага Прэзідэнта ў свеце – агромністы, бо ён усё жыццё працуе дзеля свайго Народа,  Дзяржавы, дзеля Сінявокай. «Любімую не аддаюць!» – гэтыя словы лідара традыцыйна ўжо сталі крылатымі.

7 лістапада –  свята  моцных і мужных духам

На працягу многіх дзесяцігоддзяў дата 7 лістапада ў Савецкім Саюзе, у Беларусі адзначалася ўрачыста і масава. Мы з задавальненнем  хадзілі на дэманстрацыі. Дзякуючы Прэзідэнту было захавана, у адрозненне ад былых савецкіх рэспублік, святкаванне 7 лістапада, нягледзячы на крытыканства некаторых скептыкаў, ныцікаў і песімістаў. Будаваць сацыяльна значныя і важныя для краіны аб’екты – з такой прапановай да народа звярнуўся наш лідар. Таму гарады, пасёлкі, аграгарадкі, вёсачкі нават пачалі спаборнічаць паміж сабой: хто болей узвядзе на карысць землякоў дамоў. Мы гасцінна адчыняем дзверы новых бальніц, культурных устаноў на 7 лістапада. Мы помнім урачыстае адкрыццё грандыёзнай будоўлі – БелАЭС. Гэта велізарны дар Прэзідэнта народу, дар расійскіх братоў, якія дапамагалі, вучылі, каб мы і самі маглі будаваць падобнае. І сёння нашы будаўнікі ўжо дапамагаюць іншым краінам будаваць станцыі. Я ўпэўнены, што не за гарамі той час, калі 7 лістапада будзе здадзена трэцяя чарга БелАЭС. 

 

Спецыяльна для «СП»

Канстанцін КАРНЯЛЮК

Фота Аксаны МІХАЙЛОЎСКАЙ


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей