Гэта, бадай, самая векапомная падзея стагоддзя мінулага, якая карэнным чынам здолела змяніць сам поступ як нацыянальнай, так і сусветнай гісторыі. І гэта ўжо немагчыма адмаўляць – інакш будзе фальсіфікацыя, якой ад нас пастаянна дабіваюцца нашы заморска-заакіянскія «сябры». Не сакрэт, што калектыўны Захад і ЗША аб’ядноўваюцца, каб праштрафіць нас у гістарычным і чалавечым беспамяцтве, манкурцтве, ідэях перакаці-поле. На шчасце, у свядомых беларусаў патрыятызм – у крыві, у генах. Мінулае стагоддзе многія сучаснікі могуць яшчэ і сёння назваць сваім уласным, бо ўсе малыя і рашаючыя падзеі гэтага бурнага і вірлівага часу не крочылі міма іх – апантаных і неабыякавых... А людзі і падзеі разам тварылі Лёсы і Біяграфіі.
Гэта самае велічнае свята нацыянальнага календара
Набліжаецца чарговая гадавіна Вялікай Кастрычніцкай. Чаму я так пампезна, урачыста? Ды ведаю, што ў былых рэспубліках СССР гэтую гістарычную падзею сёння не надта шануюць, сталі называць больш сціпла: рэвалюцыя 1917 года, узброенае паўстанне, далёкія рэвалюцыйныя падзеі, пераварот, проста – рэвалюцыя. Ды і пішуць ужо з маленькіх літар. Для мяне ж, грамадзяніна суверэннай Беларусі, гэты чырвоны дзень нацыянальнага календара – сапраўднае свята. Свята душы і сэрца. Добра, што яго не адмянілі ў нашай дзяржаве. І наогул, я лічу, што такі катэгарычны погляд, нават адмаўленне – праз дзесяцігоддзі, праз доўгія гады – неправамоцныя, нават няправільныя. Дата была ў гісторыі, яе ўрачыста адзначалі. Продкі, нашы дзядулі, бацькі, мы. Хадзілі на яркія, нават у нечым каларытныя дэманстрацыі. І хто сказаў, што сёння ў нашых душах усё правільна, што нашчадкі праз стагоддзі не прад’явяць нам ультыматум – маўляў, не так жылі вы, спадары ды спадарыні, у 2025-м?! Перакрэсліваць усё, здзяйсняць акты вандалізму – прасцей за ўсё, а ты паспрабуй яшчэ раз здзейсні рэвалюцыю падобнага эпасу – для ўсіх і кожнага. Кастрычніцкая рэвалюцыя без перабольшвання аказала лёсаносны ўплыў на гісторыю чалавецтва, а не толькі народаў былога СССР. Больш за тое, без рэвалюцыі не было б наогул нашай рэспублікі БССР, не было б нас – беларусаў ды беларусак. Як і ў сучаснай ужо гісторыі, без намаганняў мудрага нашага лідара Аляксандра Лукашэнкі не было б і суверэннай паўнавартаснай дзяржавы Рэспублікі Беларусь.
Назвалі «Аўрорай» – туды крэйсер і паплыў...
Адзначу, што калі 25 кастрычніка (7 лістапада) адзін палітычны рэжым прымусовым, нават гвалтоўным шляхам замянілі на іншы і на змену Часоваму ўраду прыйшоў Савет народных камісараў, гэта па ўсіх прыкметах – «дзяржаўны пераварот». Самі бальшавікі затым цэлае дзесяцігоддзе выкарыстоўвалі гэты тэрмін. Аднак неўзабаве – ужо сталі пісаць «Кастрычніцкае ўзброенае паўстанне». Ды і самі выступленні рабочых, салдат і матросаў мірнымі наўрад ці назавеш! Але вызначэнне «ўзброенае паўстанне» не зусім адпавядае тэатру 1917 года. Таму «дзяржаўны пераварот» – усё ж лепш падыходіць, але ж мы назвы святам традыцыйна давалі нейкія прыгожыя, гаваркія, нават паэтычныя, прычым нярэдка з пафасным афармленнем думкі, а не як канцылярскае, не крылатае, выказванне. Ва ўсялякім разе, рэзананснае слова «рэвалюцыя» найперш мела права на прапіску, бо сам факт навізны і абуджэння нельга было адмаўляць: пачаўся доўгачаканы працэс пераўтварэнняў і трансфармацый, што вызначалі ўсе сферы далейшага грамадскага і духоўнага жыцця. Праўда, не магу тут жа не сказаць, што слова «рэвалюцыя» з лацінскай і перакладаецца як «пераварот», аднак больш прыемна слыху продкаў і сучаснікаў, асабліва сталых, усё ж – паняцце «рэвалюцыя».
«А што ж нам з гэтым усім рабіць?»
Сказаць, што 1917-ы год стаў надзвычай цяжкім і складаным, – гэта нічога не сказаць. Нават шаноўны і дарагі Ільіч, які на суботніках хапаўся за таўсцейшы бок бервяна, неўзабавае пасля рэвалюцыі, развёў ручкамі і спытаў: «А што ж нам з гэтым усім рабіць?» Зразумела, што самадзяржаўе не задавальняла многіх. Ды і эканоміка Расіі не вытрымлівала зрушэнняў сусветнай вайны. Не былі вырашаны зямельнае і нацыянальнае пытанні. Існуючыя праблемы, няздольнасць палітычнага рэжыму іх ажыццяўляць і прывялі да таго, што Ленін вельмі дакладна абазначыў «рэвалюцыйнай сітуацыяй». Ды і самому правадыру належыць амаль бессмяротнае вынаходніцтва – партыя бальшавікоў з яе адзінай цэнтралізаванай структурай. Нічога падобнага да гэтага не было. Гэта бальшавікі прыдумвалі амаль штодня ўсё новыя і новыя запаветы і лозунгі, якія адразу траплялі ў шырокія народныя масы.
Рэвалюцыя ў Сінявокай
Бальшавікі граматна зрабілі стаўку на тых, у каго была зброя, – на салдат. У тым жа Мінску салдат было больш, чым грамадзянскага насельніцтва. Скажу больш: Мінск і Петраград нават нечым падобнымі былі сваёй рэвалюцыйнай сітуацыяй. Звернемся да аднаго з лідараў рэвалюцыі ў Беларусі, гісторыка і публіцыста Вільгельма Кнорына, які падзеі 1917 года назваў менавіта салдацкай рэвалюцыяй, а не рабочай ці сялянскай. У Мінску ў першыя дні кастрычніцкі пераварот пацярпеў паражэнне. Быў створаны камітэт выратавання рэвалюцыі, і толькі 2 лістапада бальшавікі змаглі больш-менш трывала замацавацца ва ўладзе. Яны правялі манеўр: пагадзіліся ўвайсці ў камітэт разам з эсэрамі і меншавікамі, зрабілі выгляд, што памірыліся з імі. А потым прыгналі браняпоезд, знішчылі сваіх ворагаў і замацавалі новую ўладу. Адным з важных цэнтраў тады быў Магілёў – там знаходзілася стаўка. Барацьба за Магілёў была адным са стрыжнёвых этапаў рэвалюцыі: тут планавалася стварыць расійскае кіраўніцтва. Сюды перамясціліся лідары меншавікоў і эсэраў. У Магілёве адбылося забойства генерала Духоніна, захоп стаўкі. Перш за ўсё лідарамі беларускай рэвалюцыі сталі Міхаіл Фрунзэ, бацька беларускай міліцыі, Аляксандр Мяснікоў – арганізатар паўночна-заходняга абласнога камітэта бальшавікоў. Гэта і Карл Ландэр, Вільгельм Кнорын. Не сакрэт, што беларускай дзяржаўнасці без рэвалюцыі проста не было б. Сталін адразу пасля кастрычніцкіх падзей сустрэўся з беларускімі лідарамі – людзьмі розных палітычных поглядаў – і заявіў, як адрэзаў, што Беларусі дзяржаўнасць абавязкова дадзім, незалежна – хоча гэтага хто ці не. Былі выдзелены грошы на Усебеларускі з’езд, які быў разагнаны Ландэрам, Кнорыным і Мясніковым. Яны не жадалі дзяліцца ўладай з нацыянальнымі сацыялістамі, якіх актыўна падтрымлівалі Ленін і Сталін. У Петраградзе да гэта аднесліся вельмі адмоўна і загадалі склікаць другі з’езд, аднак пачалося нямецкае наступленне. Але нават у такіх умовах у Петраградзе ў студзені 1918 года быў створаны беларускі нацыянальны камісарыят, галоўнай задачай якога была падрыхтоўка да стварэння Беларускай рэспублікі. Беларускі нацыянальна-дэмакратычны рух быў слабым. Бальшавікі сталі адзінай тады сілай, якая разглядала Беларусь у межах савецкай сістэмы, але як патэнцыяльна суверэнную дзяржаву. Бальшавікі ў 1923 годзе пачалі праводзіць палітыку беларусізацыі. Так што рэвалюцыя ды аўтарытарны савецкі рэжым і дазволілі ў многім стварыць асновы сучаснай беларускай дзяржаўнасці.
Ці любіў Вілюра рабочых, Расію, Радзіму?
Рэвалюцыя дала шмат найменняў: у гонар яе названы плошчы, паркі, вуліцы ў гарадах, пасёлках і вёсках. Сёння многія беларусы ды беларускі сваім дзеткам даюць імёны, кіруючыся моднымі заходнімі павевамі. Не так было ў рэвалюцыйны і паслярэвалюцыйны час. Звернемся да бессмяротнай спадчыны. Імёны былі разнастайнымі: адны больш простыя, іншыя замаскіраваныя, нібы цэлыя красворды. Аўрора (Аўрорый) – зразумела, па назве знакамітага крэйсера «Аўрора». Барыкада (Барыкад) – ад назоўніка «барыкада». «Веор, Велиор» – скарочана ад ВОР (па-руску). Былі імёны і Акцябронак, Акцябрат і Акцябрын. Цэлая плеяда ад «Рэвалюцыі»: Рэва (найбольш вядомы імёны дзяўчынак-блізнят – Рэвы і Люцыі), Рэўдар (рэвалюцыйны дар), Рэўдзіт (рэвалюцыйнае дзіця), Рэма, Рэміра – ад скарачэння рэвалюцыя «міравая»). Ёсць і гібрыдныя: Сталена, Сталеніта (Сталін і Ленін), Сталік, Сталіяна (ад прозвішча Сталін).
Шкада, што многія сучаснікі, асабліва юныя, нават не ведаюць, хто такія Ленін, Сталін. Але не сакрэт, што Кастрычніцкай рэвалюцыі кожны з нас сёння павінен падзякаваць, бо невядома, што было з намі, з нашай дзяржавай, калі б поступ гісторыі пакрочыў у супрацьлеглы бок. За рэвалюцыю многія вымушаны былі заплаціць дарагой цаной – сваім жыццём! Так што ролю Леніна, Сталіна цяжка пераацаніць і ў ХХІ стагоддзі. Адмаўляць іх асобы – гэта займацца фальсіфікацыяй гісторыі. У Петраградзе былі тры чалавекі – галоўныя аўтары рэвалюцыі: Ленін, Сталін і Троцкі. У нас была не толькі Вялікая рэвалюцыя, але і яе параджэнне – вялікая дзяржава СССР. Аднак нельга забываць пра вялікую цану народаў розных нацыянальнасцей: у выніку тэрору і сацыяльных эксперыментаў загінулі дзясяткі мільёнаў чалавек. Мільёны грамадзян вымушаны былі эмігрыраваць. Вядома, дыскусіі пра тое, ці рэвалюцыя была галоўнай падзеяй ХХ стагоддзя ці трагічнай памылкай, будуць працягвацца і далей – у ХХІ стагодзі. І ці па-сапраўднаму верныя сёння мы запаветам Леніна-Сталіна?!
Спецыяльна для «СП»
Канстанцін КАРНЯЛЮК

Комментарии