Не, гэта не былі гады дастатку. Людзям шмат чаго не хапала. І калектывізацыя давалася зусім няпроста. Вось таму і прызвана на дапамогу музыка. Як спяваў Леанід Уцёсаў у адным з найбольш вядомых музычных сімвалаў савецкай эпохі: «Нам песня строить и жить помогает…»
Многія жыхары старэйшага пакалення з цеплынёй у сэрцы ўспамінаюць тыя часы, калі чароўна-бадзёрыя гукі і мелодыі духавога аркестра пад назвай «Серыя» ў святочныя і выхадныя дні чутны былі далёка за межамі Лоцвін і ўздымалі настрой. Усе мерапрыемствы, провады на службу ў армію нельга было ўявіць без аркестра. А як шчымліва-балюча разносіліся яго гукі на развітанні з тымі, хто закончыў свой жыццёвы шлях…
…У 30-я гады Кулеш, старшыня калгаса «Ільіч», што быў арганізаваны ў вёсцы Лоцвіны, паклікаў да сябе маладога Аляксандра Серага:
– Справу хачу табе даручыць, адказную вельмі. Давай мы цябе пры-значым кіраўніком духавога аркестра. Хлопец ты, я гляджу, таленавіты, ды і арганізатар неблагі. Вазьмі ў сямейны саюз яшчэ некалькі чалавек, каб музыка багацейшай была, каб людзям нашым весялей жылося і праца ладзілася.
Старшыня ведаў, пра што гаварыў. Яшчэ ў пачатку стагоддзя ў сям’і Івана і Сцепаніды Серых, якія жылі на хутары непадалёку ад Лоцвін, нарадзіліся пяць хлопчыкаў і дзве дзяўчынкі. Усе былі здатныя да сялянскай працы, а хлопцы – яшчэ і да музыкі. Калі сынкі крыху падраслі, бацька даў ім у рукі музычныя інструменты, набытыя на базары ў Слуцку. Атрымаўся невялікі аркестрык. Яшчэ да перасялення з хутара ў Лоцвіны ладзілі хлопцы вечарыны. Весела гучала музыка братоў Серых – Уладзіміра, Антона, Кастуся, Вікенція і Аляксандра.
Пасля размовы са старшынёй у аркестр уключылі Кандратовіча, Лук’янчыка, Дразда, Кукулу, Хаванскага. Але ж дзе ўзяць інструменты? З гэтым таксама была праблема. Аляксандр Серы ездзіў нават у Ленінград, але там нічога не атрымалася. Пазней у Мінску закупілі кларнеты, скрыпкі, барабан, духавыя. Правялі некалькі рэпетыцый. І загучаў новымі фар-бамі самабытны аркестр. Хоць і прыбавіліся да калектыву пяць чалавек, за аркестрам у народзе так і вялося – Серыя. Да вайны гэта быў, бадай, адзіны калектыў на ўсю акругу.
Добра ігралі музыкі. Вяселлі весялосцю звінелі, а ад лірычных мелодый ажно мурашкі па спіне бегалі. Хлопцы і дзяўчаты танцавалі, абцасы стоптвалі. То быў час, калі музыка жыла ў сэрцы кожнага, калі вяскоўцы спадзяваліся на лепшае жыццё, на светлую будучыню.
Азмрочыла яе Вялікая Айчынная. Разышліся музыкі: хто – на фронт, хто – у партызаны. У лясах ваяваў Аляксандр, які, дарэчы, адказваў за музычныя інструменты. А іх бераглі, нібы адчувалі, што спатрэбяцца. І спатрэбіліся. У 1944 годзе, калі ішло вызваленне Беларусі ад фашысцкай чумы, камандзір атрада імя Кутузава Ананчанка загадаў Сераму за пяць дзён арганізаваць аркестр, бо набліжаўся парад партызанскіх атрадаў і трэба было правесці рэпетыцыі. Месцам для трэніровак абрана вёска Віркова, што на Уздзен-шчыне.
Сабраць музыкантаў усіх разам не было магчымасці. Але ўсё ж Антон Серы, Кукула, Дрозд адгукнуліся. Пад гукі невялікага аркестра ў маі праходзілі трэніроўкі партызан, якія ўжо ў ліпені чаканілі свой крок у Мінску ў больш значным парадзе з удзелам партызан усёй Беларусі.
Пасля вайны зноў заігралі Серыя – браты Антон, Кастусь, Уладзімір, Аляксандр, а таксама Кукула, Дрозд, Валяр’ян Серы. І зноў пасля напружанага працоўнага тыдня ігралі Серыя, прыцягваючы да сябе не толькі тутэйшых людзей. Моладзь збягалася з суседніх вёсачак і хутароў, каб пагрузіцца ў віхуры вальса, весела пашчабятаць, і, нарэшце, сустрэць свой лёс. Музыкі ў гэтым жыцці злучылі мноства людзей. Хораша ігралі, а значыць, сэрца спявала і кахала. Такія вечарыны збліжалі, раднілі.
Я таксама з вялікага роду Серых і памятаю, як яшчэ ў сямідзясятыя мае стрыечныя дзяды весела заклікалі людзей на свята. Нельга ўседзець у хаце, калі медныя трубы і скрыпкі выдаюць «Рабіну» ці вальс «На сопках Манчжурыі».
Калі моладзь узяла ў рукі гітары, то старым музыкам давялося развітацца з аркестрам. І меладычныя гукі духавога аркестра замяніліся не зусім умелым дзыньканнем на гітарах. Многае адыходзіць, змяняецца, выклікаючы смутак і слязу ад таго, што ў жыцці нашым нічога не вечна. Выключэннем можа быць толькі дабрыня, любоў і… старэнькі кларнет, як напамінак, што ўсе мы былі калісьці маладымі, умелі радавацца, цанілі кожную хвіліну, калі на сэрцы гучала музыка.
Марыя ШЭІНА
Фота з сямейнага архіва Серых

Комментарии