Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

"Найти себя в этой жизни": история Валентины Вайкуль и ее философия воспитания

01.11.2025

«Пастаянна цікавілася, як мае былыя вучні ўладкаваліся ў жыцці, якую прафесію абралі, чым займаюцца. І ніколі мне не было сорамна за іх», – так праз гады сказала мне ў інтэрв’ю мая першая настаўніца Валянціна Васільеўна Вайкуль.

У 1965 годзе мы, дванаццаць хлопчыкаў і дзяўчынак, пераступілі парог Лоцвінскай пачатковай школы. Настаўніца наша была невысокага росту, хударлявая, кожны дзень пераадольвала шлях ад Лаў да Лоцвін. Паставіўшы веласіпед, яна з радасцю прыняла ад нас букеты восеньскіх кветак, адчыніла дзверы класа і ветліва прамовіла: «Ну, у добры шлях!»

Потым распытвала, ці ўмеем мы пісаць, лічыць. На жаль, толькі адзінкі гэта маглі. Наша пакаленне не ведала, што такое дзіцячыя садкі, падрыхтоўка да школы. Усе мы раслі ў шматдзетных сем’ях, дзе прывучалі з маленства да сялянскіх спраў. Пакуль бацькі хадзілі на працу ў калгас, мы знаходзіліся пад наглядам дзядуль і бабуль. Валянціна Васільеўна гэта разумела, бо сама прайшла нялёгкай жыццёвай дарогай. Таму яе крэда было наступным: «Не ўсім аднолькава даецца вучоба. Адзін лёгка ўсвойвае веды, іншым жа цяжэй. Ну не ўсім жа быць вучонымі. Галоўнае – каб сумленнымі людзьмі сталі».

Успамінаю, як праходзілі яе ўрокі. Настаўніца ніколі не павышала голас. Са спакойным тонам даводзіла нам заданні, правярала. Цяжка даваўся ўрок правапісу. Мы так стараліся, што не прыкмячалі, як рукі і твар былі ў чарніле. А як рыпелі ручкі з пяром, пракладваючы контуры кожнай літары.

Акрамя нас, першакласнікаў, у прасторным класе займаліся яшчэ і вучні 3 класа. Нагрузка, вядома, на настаўніка была вялікай, як і на таго, хто вёў 2 і 4 класы. Такая была ўстаноўка таго часу. А яшчэ практыкавалася наступнае. Калі вучань выдзяляўся паспяховасцю, то яго садзілі за парту з тым, хто не надта цягнуўся да ведаў. Гэта называлі «ўзяць на буксір». Я старалася падказваць свайму суседу, дапамагчы. Але асаблівага плёну, акрамя мучэння, такі выхаваўчы працэс не даваў. Адзін хацеў апраўдаць аказаны высокі давер, а другі – толькі і чакаў званка, каб хутчэй выбегчы на вуліцу ды памерацца сілай з сябрам, ці яшчэ лепш – пакурыць за вуглом.

Валянціна Васільеўна ўкладвала душу ў кожнага з нас і верыла, што ўсе мы, нягледзячы на адзнакі, вырасцем сумленнымі людзьмі. Так яно і атрымалася. Для каго вучоба была не вельмі ў радасць, сталі перадавымі механізатарамі ў роднай гаспадарцы, наватарамі вытворчасці на заводах і фабрыках. Стварылі сем’і, гадавалі дзяцей, пабудавалі дамы ці кватэры. Тут зноў успамінаю словы Валянціны Васільеўны, якой, на жаль, ужо няма разам з намі:

«Не важна – з дыпломам ці без дыплома, галоўнае – знайсці сябе ў гэтым жыцці, сэрцам абраць сабе прафесію, каб быць патрэбным людзям».

Марыя ШЭІНА. Фота Івана ІГНАТЧЫКА


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей