Вас выклікаюць на...
Выязное пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку прайшло на базе ААТ «Старыца-Агра». Удзельнікі пасяджэння – прадстаўнікі сельвыканкама, супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў і пракуратуры – разгледзелі справы дзевяці жыхароў раёна, якія парушылі грамадскі парадак і неналежным чынам выконваюць свае бацькоўскія абавязкі.
Па выніках разгляду вынесены адпаведныя рашэнні і меры ўздзеяння ў рамках дзеючага заканадаўства. Як адзначыла старшыня Слабадакучынскага сельвыканкама Нэла Гусева, мэта выезду – узмацніць прафілактыку правапарушэнняў сярод насельніцтва і павысіць узровень грамадскага правапарадку ў раёне.
У аснове – добраўпарадкаванне...
На тэрыторыі сельсавета актыўна вядуцца работы па паляпшэнні знешняга выгляду населеных пунктаў.
Асаблівая ўвага надаецца ачыстцы тэрыторый ад пустазелля. Мерапрыемствы па скошванні травы праводзяцца ў вёсках Чарнічнае, Бор, Роспы, Слабада-Кучынка, аг. Старыца. Акрамя таго, у названых населеных пунктах ажыццяўляецца абкошванне і грамадзянскіх могілак.
...і барацьба з залатарнікам канадскім
Асаблівая ўвага нададзена барацьбе з распаўсюджваннем небяспечнай расліны – залатарніка канадскага. Работы па яго знішчэнні арганізаваны ў вёсках Слабада-Кучынка і Карзуны. Гэта дазволіць захаваць экалагічную раўнавагу і прадухіліць распаўсюджванне агрэсіўнай расліны.
Гандаль пад кантролем
Сельскім саветам дэпутатаў праводзіцца маніторынг работы гандлёвых аб’ектаў (на здымку) і аўталавак. Такі падыход дазваляе своечасова выяўляць недахопы і аператыўна прадухіліць парушэнні, забяспечваючы камфортныя ўмовы куплі тавараў жыхарам сельскай мясцовасці. Так, вывучаецца графік працы гандлёвых аб’ектаў, наяўнасць неабходнай маркіроўкі тавараў, правільнасць афармлення цэннікаў, адпаведнасць тэрмінаў прыдатнасці прадукцыі, якая рэалізуецца, устаноўленым нормам, аператыўнасць рэакцыі на пажаданні і скаргі спажыўцоў. Ацэньваюцца таксама водгукі пакупнікоў адносна якасці паслуг і асартыменту.
Комментарии