Наколькі я ведаю, такая практыка ўжо навучыла многіх вучняў падманваць педагогаў: адзін здаём, другі хаваем (звычайна кнопкавы) у рукзачок. Дзеці хітрыя: некаторыя, наадварот, здаюць кнопкавы – факультатыўны, а наварочаны пакідаюць сабе... Прычым, зразумела, усе пра гэтае двайное дно ведаюць. І ўсіх гэта чамусьці задавальняе. Размнажаем практыку грамадскай і асабістай хлусні?! А гэтае бясконцае напісанне запісачак настаўнікамі: каб выдалі на 5 хвілін тэлефон?!
Канечне, я цалкам згодны, што гэта ўжо зусім не навучанне, калі пад рукой мабільнік. Аднак у такім разе мабільныя тэлефоны трэба адбіраць і ў дарослых, рабочых, служачых, пакідаючы, як у савецкі час, толькі стацыянарныя. Навошта балбатаць у працоўны час – праца ж стаіць на месцы... Язык толькі чэшацца ад балбатні.
Канечне, папярэднія пакаленні беларусаў лёгка і добра вучыліся і без мабільнікаў. І, дарэчы, выходзілі са школы больш граматнымі і адукаванымі. А сёння, на жаль, арфаграфія для многіх уладароў гаджатаў – пусты гук. І гэтую непісьменнасць яны працягваюць пладзіць і тыражыраваць.
Больш за тое, некаторыя бацькі дадаткова самі ставяць у тэлефоне чада «бацькоўскі кантроль». Няма праблем, і калі штосьці здарылася, то тэлефон ёсць у настаўніка-прадметніка, у класнага кіраўніка: ён адразу патэлефануе бацькам вучня. Часам дзеці, спяшаючыся дадому, наогул забываюць забраць тэлефон – а потым слёзы, нервы. А кабінет ужо закрыты...
Вось і атрымліваецца нешта дзіўнае. Ніхто не хоча змагацца з чумой ХХІ стагоддзя. Сёння літаральна ўсе пасажыры ў тым жа грамадскім транспарце дзяўбуць, нібы дзятлы, экраны гаджата. Мне, напрыклад, наогул паскудна ехаць у такім перапоўненым радыяцый і бацыламі транспарце. Ты яшчэ і да працы не паспеў дабрацца, а раніца ўжо запаскуджана... А яшчэ тэлефоны часам узрываюцца, загараюцца.
Агідна, што ў некаторых школах дзеці нават у арэнду здавалі свой тэлефон – за грошы. Як у турме. Дзеці заўсёды знойдуць выйсце. Гэта як з вінаграднікамі, якія знішчылі, калі змагаліся з алкагалізацыяй грамадства.
Такі падыход з тэлефонамі прымусіць дзяцей распрацоўваць усё новыя і новыя схемы падману педагогаў і бацькоў. Атрымліваецца цудаюда: бацькам на прадпрыемстве – можна, а дзецям у школе – не. Многія дарослыя, дарэчы, тым і займаюца, што напружана чакаюць, пакуль зазвоніць тэлефон...
Я скажу так: выключаны мабільны ў рукзачку – не перашкода для вучобы. Было б толькі сапраўднае жаданне вучыцца. А гультаю што з тэлефонам, што без яго – усё роўна: ён у час урока толькі перашкаджае вучыцца іншым. Да таго ж тэлефон можа дапамагчы відэафіксацыяй у час непрадбачных сітуацый, якія (не дай божа!) здарыліся ў сценах школы.
Няўжо мы ўсё ніяк не можам уцяміць, што аднымі забаронамі нічога талковага нельга дабіцца? Нам усім разам, як свежае паветра, трэба павышаць культуру суадносін, выхоўваць у школе культуру паводзін у калектыве. Неабходна павышаць лічбавую граматнасць. Бацькам жа трэба як мага больш часу праводзіць са сваімі дзецьмі, а вучням час ад часу адрывацца ад заняткаў і званіць цэлымі днямі напралёт, пакуль не ўцямяць, што ў тэлефона няма сэрца...
…Але што гэта? Тэлефон зноў засвяціўся ў цемры, як самая яркая зорка ў небе.
Спецыяльна для «СП» Канстанцін КАРНЯЛЮК
Комментарии