Для бяспекі і парадку
На тэрыторыі сельсавета працягваюцца работы па навядзенні парадку. Так, была скошана трава ў вёсках Кіявічы, Домантавічы, Мацкевічы і аграгарадку Быстрыца. Таксама для забеспячэння бяспекі жыхароў былі спілаваны аварыйныя дрэвы ў вёсках Красіна і Дзярэчына.
Зробім свет больш чыстым
Выхаванцы дзіцячага сада аг. Быстрыца прынялі ўдзел у экалагічным падарожжы пад назвай «Мы за чыстую планету». Хлопчыкі і дзяўчынкі прыбіралі смецце на сваіх маршрутах, паказваючы выдатны прыклад беражлівых адносін да прыроды роднага краю.
Лета з карысцю
У апошні месяц лета Быстрыцкая СШ адчыніла дзверы для дзяцей аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем «Вясёлка». Падлеткі з карысцю правялі час: удзельнічалі ў майстар-класах, гулялі на свежым паветры і знайшлі новых сяброў.
Віншавалі імяніннікаў
Пансіянат «Ачаг надзеі» наведалі госці і валанцёры з хрысціянскай царквы г. Салігорска «Хрыстос для ўсіх». У гэты дзень для пастаяльцаў была арганізавана забаўляльная праграма з музыкай і душэўнымі гутаркамі, а віноўнікаў урачыстасці – імяніннікаў – чакалі асаблівыя віншаванні і персанальныя падарункі.
Урок бяспекі
У рамках акцыі «За бяспеку разам» у дзіцячы сад быў запрошаны супрацоўнік Капыльскага РАНС Мікіта Курыльчык (на здымку). У гэты дзень выхаванцы даведаліся шмат важнага: як паводзіць сябе пры пажары, чаму нельга гуляць з запалкамі і як правільна выклікаць выратавальнікаў.
Спаборнічалі ў эстафетах
Работнікі Быстрыцкага сельскага дома культуры правялі з падлеткамі спартыўнае мерапрыемства «Быць здаровым – выдатна». Дзеці весела спаборнічалі ў эстафетах, адгадвалі загадкі пра спорт і здароўе.
Комментарии