Сустрэча з Пуціным…
Трамп прыляцеў на Аляску трошкі раней за Пуціна, аднак выйшлі з самалётаў амаль адначасова. Прывітанне было цёплым, поціскі рук занялі ажно 11 секунд. У час сустрэчы ў аэрапорце не было перакладчыкаў, абодва прэзідэнты гаварылі па-англійску. Прызнацца, мяне вельмі кранула карцінка: ля трапа, на чырвонай дарожцы лідар вялікай дзяржавы ЗША, як паэт у час глыбокага роздуму, сустракаў дарагога сябра, Прэзідэнта не менш вялікай РФ. Такая галантная, джэнтльменская сустрэча, здавалася, адразу настройвала на сур’ёзны, дзелавы і нават на філасофска-жыццёвы лад. Гэта быў, бадай, адзіны іх тэт-а-тэт – далей сустрэча ішла ў фармаце «тры на тры». Ад Расіі – міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў і памочнік прэзідэнта Юрый Ушакоў, ад ЗША – дзяржсакратар Марка Рубіа і спецпасланнік Стыў Уіткаф.
Пра перамовы ў СМІ напісалі як многа добрага, аптымістычнага, так і благога. Было выліта, асабліва нашымі недругамі і проста ворагамі, шмат памыяў, прамоўлена мноства абраз і нават пагроз. Не сакрэт, што ў гэтай драме ХХІ стагоддзя задзейнічаны ўвесь свет, а не толькі Расія ды Украіна. Несумненна, тут у многім дапамагае аўтарытэт Дональда Трампа. Яшчэ даўно наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў, што працэс міраўсталявання не зрушыцца з месца без асабістага ўдзелу лідара Амерыкі. Успомнім, з якім этыкетам Трамп вітаў Пуціна, колькі інтэлігентнасці і сціпласці было ў яго паводзінах. Нездарма ў народзе кажуць: галоўнае – добры пачатак у любой справе, нават самай высакароднай. І хоць над намі ўжо лунаюць праявы штучнага інтэлекта, жывых чалавечых суадносін яшчэ ніхто не адмяняў. І таму зразумела, чаму прэзідэнты і тэлефануюць, і сустракаюцца. І так многа разоў паўтараецца. Бо ў дзяржаўных справах усё павінна быць зроблена філігранна. На многія дзесяцігоддзі.
Мяне як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь не магло не ўразіць, што Трамп пазваніў з самалёта Лукашэнку, таксама вопытнаму і мудраму палітыку. Пазваніў, каб параіцца з ім напярэдадні перамоў з Пуціным. Больш таго, Лукашэнка запрасіў Трампа з сям’ёй ў Мінск. І запрашэнне было прынята. Званок выклікаў у ЕС эфект бомбы, якая яшчэ не разарвалася, але якая ўсё яшчэ знаходзіцца ў паветры... Заўважым, што лідар Амерыкі патэлефанаў ні Макрону, ні старшыні ЕС, а менавіта беларускаму лідару. Так што не толькі для Пуціна, але і для Лукашэнкі саміт на Алясцы стаў своеасаблівым трыўмфам.
Больш за тое, на многіх кадрах Прэзідэнт Расіі выглядаў гаспадаром сустрэчы. Мусіць, адчуваючы, што Аляска мае глыбокія расійскія карані... Гэтая сустрэча на ваеннай базе Элмендорф-Рычардсон у Анкорыджы таксама нейкім чароўным кійком адразу ператварыла Пуціна з ізгоя Захаду ў ганаровага госця Амерыкі. Як, дарэчы, і званок Лукашэнку Трампа яшчэ больш узняў аўтарытэт нашага лідара, з якім ужо даўно не можа не лічыцца ўвесь цывілізаваны свет. Ды й наша становішча ў цэнтры Еўропы да многага абавязвае... Лукашэнка як Прэзідэнт самай міралюбівай у свеце дзяржавы ўжо даўно запрашае лідараў многіх дзяржаў вучыцца ўменню кіраваць і сябраваць, гасцяваць і супрацоўнічаць.
Пуцін, несумненна, атрымаў цёплы прыём. І гэта пасля многіх год амаль забыцця, увядзення неапраўданых, няўдалых, некампетэнтных, штучных санкцый. І, вядома, лёс Украіны ніхто не будзе вырашаць без удзелу самой Украіны, чаго так баяліся некаторыя нашы недругі. Гэта быў надзейны пачатак, аўтарства якога ў многім належыць Трампу, Пуціну і Лукашэнку.
Задумаемся над пастом Трампа ў сацыяльнай сетцы: «Усе прыйшлі да вываду, што лепшы спосаб палажыць канец дзікунскай вайне паміж Украінай і Расіяй – гэта перайсці да мірнага пагаднення, якое абавязкова павінна прывесці да канца вайны, а не да звычайнага спынення агню, якое нярэдка не захоўваецца». Дарэчы, патрабаванне аб сканчэнні агню прапаноўваў Зяленскі: маўляў, спачатку перастаньце страляць, і толькі пасля гэтага можна пачынаць перамовы пра мір. І літаральна па дарозе на Аляску Трамп настойваў, што неабходна дабіцца спынення агню. Пасля саміту ён памяняў пазіцыю, на больш блізкую для Расіі.
Выданні цытуюць словы Пуціна пра тое, што на працягу перамоў было дасягнута разуменне, якое здольна адкрыць шлях да міру ва Украіне. І тут ужо не да бязглуздых «хацелак» псеўдадэмакратычнай Эўропы – калі рак на гары свісне! Не свісне – перастаньце сябе дарэмна цешыць... Перамовы з Трампам гэта перамога Пуціна над Еўропай, Захадам. Яму тыя зайздросцяць чорнай зайздрасцю, вінавацяць Трампа, што ён аддаў перавагу не ім, разумным ды прыгожым хлапчукам ды дзяўчаткам з калектыўнага захаду, а Пуціну – з краіны мядзведзяў... Белы дом адклаў у скрыню і ўвядзенне новых санкцый супраць РФ. Больш за тое, саміт можа стаць надзейным крокам да частковай адмены ці выбарачнай карэкціроўкі і мінулагодніх санкцый ЗША супраць Расіі, Беларусі. Адзначу, што санкцыі супраць нас пачалі ўводзіцца яшчэ раней, чым у адносінах да Расіі.
Сустрэча на Алясцы паказала, што найгоршы перыяд з часоў халоднай вайны – ужо ззаду, а адносіны ЗША і РФ зрушыліся з ледзяной кропкі. Саміт – гэта і гучны, рэхавы сігнал цывілізаванаму свету пра тое, што немагчыма ізаляваць Расію. Саміт двух прэзідэнтаў адным з першых пахваліў прэм’ер Венгрыі Віктар Орбан: ён па многіх пытаннях і раней займаў прарасійскую пазіцыю.
Еўрапейцы сёння цяжка пераносяць абразу, што Амерыка сустракала Пуціна з чырвонай дарожкай. Замест пакета санкцый Трамп па сутнасці ўзнагародзіў Пуціна сустрэчай, па ўзроўні – сур’ёзны дзяржаўны візіт. Перамовы доўжыліся каля трох гадзін. Яшчэ па дарозе на перамовы Трамп заявіў, што хоча ад сустрэчы спынення агню. «Не ведаю, ці ўдасца гэтага дасягнуць прама сёння. Я буду незадаволены, калі не ўдасца. Мне ўсе кажуць: сёння ніяк. А я хачу, каб забойствам быў паложаны канец! Я ўпісаўся ў гэта менавіта дзеля гэтага».
Пуцін падкрэсліў: «У цэлым у нас з прэзідэнтам Трампам атрымаўся вельмі добры дзелавы кантакт, і ў мяне ёсць усе падставы меркаваць, што, рухаючыся гэтым шляхам, мы можам дайсці – чым хутчэй, тым лепш – да завяршэння канфлікту ва Украіне». «Усё, што адбываецца, – вялікая трагедыя, – канстатаваў Пуцін. – Украінцы і расіяне – братэрскія народы». Пуцін спадзяецца, што Кіеў і Еўропа не будуць перашкаджаць магчымаму прагрэсу.
…і Зяленскім
Зусім хутка мы дачакаліся і сустрэчы Зяленскага і Трампа: у Вашынгтоне прайшлі перамовы Трампа з Зяленскім і еўрапейскімі лідарамі. У Белы дом разам з Зяленскім прыбылі сямёра прадстаўнікоў Еўропы: прэм’еры Брытаніі і Італіі Кір Стармер і Джорджа Мялоні, канцлер Германіі Фрыдрых Мерц, прэзідэнты Фінляндыі і Францыі Аляксандр Стуб і Эманюэль Макрон, генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ і глава Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. Стрыжнявой тэмай стаў мірны план па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу. Трамп заявіў пра пачатак падрыхтоўкі сустрэчы Зяленскага і Пуціна. І ў тым выпадку, калі яна адбудзецца, пасля яе пройдуць перамовы з удзелам ужо трох прэзідэнтаў.
Увага: Трамп прыпыніў... сустрэчу з лідарамі ЕС для тэлефоннай размовы з Пуціным. Ён нават напярэдадні ім паведамляў, што Пуцін чакае яго званка пасля перамоваў з Зяленскім.
Ужо вядома, што Кіеў і ЕС будуць свядома, як некалі Ангела Меркель, зацягваць заключэнне здзелкі па Украіне, каб дэталёва прапрацаваць свой адказ на ўмовы Трампа. Кіеў і ЕС зноў хочуць выйграць час, каб пазбегнуць прымусу да невыгоднага для сябе пагаднення. Еўропа супраць, каб перадача Украінай тэрыторый стала перадумовай для заключэння здзелкі паміж Масквой і Кіевам. Замест таго, каб вырашаць тэрытарыяльнае пытанне, еўрапейскія саюзнікі Украіны ў Белым доме засяродзіліся на нейкіх туманна-абстрактных гарантыях бяспекі. Аднак такая тактыка толькі ўзмацняе план Трампа па ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікта праз дыялог з Расіяй.
Мне чамусьці раптам успомніўся дзіцячы фальклор з незабыўнага бесклапотнага маленства. Захацелася трошкі перафразаваць-перайначыць, бо я ўсё чакаў каментарыяў ужо маёй любімай камандзіршы Урсулы фон дэр Ляен пра сустрэчу ў Белым доме. Ужо заўважыў, што калі я прамаўляю ці пішу яе прозвішча, імя, так і хочацца адразу нешта зарыфмаваць, апаэтызаваць, прыдумаць звышнатуральныя легенды-міфы. Яна ж і сама – вялікая казачніца, куды Андэрсену ці братам Грым да яе, не ўгнацца! А пакуль абяцаны фальклорчык: гром грыміць, зямля трасецца, то Урсулачка нясецца... Што ж у свеце грымнула? Здарылася нешта неверагоднае, мядзведзі ды ваўкі падохлі ў лясах планеты: фон дэр Ляен захацела пракаменціраваць сутрэчу з Трампам і Зяленскім.
Ну як жа нам, сябры, жыць без такіх змястоўных вывадаў?! І што ж такога «сакрэтнага» кабета-фраў з ЕС нам паведаміла? Яна напісала ў сацыяльнай сетцы Х, што ЕС і ЗША распрацуюць «моцныя гарантыі бяспекі» для Украіны. А гарантыі для Расіі, Беларусі, іншых не такіх моцных дзяржаў хто будзе распрацоўваць? Калі гэта ўжо «глобус Украіны» паспеў стаць пупком Зямлі-матухны?! Старшынька ЕС адзначыла: «Мы тут, як саюзнікі ды сябры, дзеля міру ва Украіне і ў Еўропе». І ўсяго толькі: як запахла вэнджана-смажаным, як самой Еўропе стала пагражаць 3-я сусветная вайна, дык ужо дзеля Еўропы. А як, паўтаруся, астатнія? Што «слабыя» будуць працягваць ваяваць, але ўжо абавязкова аблятаючы з ракетамі тэрыторыю Еўропы і папярэдне чакаючы, пакуль там еўрапейцы схаваюцца ад бомбаў...
«Гэта важны момант, паколькі мы працягваем працаваць над стварэннем надзейных гарантый бяспекі для Украіны і ўсталявання трывалага міру», – напісала Урсула. Зноў толькі для Украіны і Еўропы? Цікава, а чаму ні на хвілінку не высоўваецца з каментарыямі пра бягучы момант былы канцлер Ангела Меркель, сяброўка Урсулы? Сумленне, мусіць, замучыла, сорамна стала, што перашкаджала перамовам у Мінску. Хаця такія важныя людзі проста не ведаюць, што такое сумленне. Іх галовы забіты важнымі дзяржаўнымі справамі, яны начэй не дасынаюць – толькі б палегчыць становішча народа.
Спецыяльна для «СП» Канстанцін КАРНЯЛЮК
Фота зроблена з дапамогай штучнага інтэлекту
Комментарии