Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Секрет видео "на миллион"

12.08.2025

Скончыліся чатыры гады майго навучання на факультэце журналістыкі БДУ. Цяпер ніякіх лекцый – толькі практычныя заняткі, і вельмі часта «пад адкрытым небам».

На гэты раз адважныя вандроўнікі – я і мой нязменны напарнік Сяргей Козел – прыехалі ў ААТ «Капыльскае». Мінаем Цімкавічы – і бачу бясконца доўгае поле, прыглядаюся – пшаніца. За працу!

Маладога спецыяліста рэдакцыі бачна здалёк: у руках мабільны стабілізатар, у кішэні – мікрафоны. Мая задача – зрабіць шмат відэа для TikTok @kopyl_life (дарэчы, знаходзьце і падпісвайцеся!).

Пакуль чакаем нашага «экскурсавода» – намесніка дырэктара сельгаспрадпрыемства Сяргея Мацюшэнку – я разглядваю поле. Здалёк паглядзіш – нейкі хаос. Але праз некалькі хвілін разумееш, што ў гэтым – свой парадак, проста нявопытнаму чалавеку разгледзець складана. Пакуль мае старэйшыя паплечнікі абмяркоўвалі ўборачную, я адышла паглядзець на «памочнікаў» механізатараў – буслоў. Памятаю, як ў мінулым годзе мы пісалі пра «птушыны бэбі-бум», але гэты раз мяне больш уразіў. Адныя птушкі спакойна праходзяць побач з працуючым камбайнам, іншыя – не рызыкуюць і чакаюць на краі поля. Спадзяюся, такія «калегі па цэху» не перашкаджаюць, а толькі надаюць настрою ўборачнай.

Пераходзім да асноўнага занятку – відэа з працаўнікамі. Хочацца, каб мне не адмаўлялі і не казалі, што нічога не атрымаецца. Першыя на шляху – сямейны экіпаж Чапляевых. Геннадзь і Алена выслухалі маю хуткую прамову пра тое, што я раблю «кантэнт» для сацсетак і мне неабходна ўсяго 30 секунд.

– Толькі трошкі нам дапаможаце, добра? – перапытваюць у мяне працаўнікі.

Некалькі рэпетыцый, рэкамендацый – і вось сям’я вяртаецца ў камбайн. А зрабілі мы сапраўды добра: колькасць праглядаў відэа з Чапляевымі за пару дзён пераскочыла за сто тысяч. У каментарыях людзі жадаюць лёгкай працы і добрых намалотаў. Цяпер галоўнае, каб усе пажаданні пачуў космас і дапамог маім героям.

Рухаемся далей. На гэты раз наш прыпынак – экіпаж «тысячнікаў». Бачыла іх у асабістым аккаўнце прадпрыемства ў тым жа ціктоку. Спыніўся зялёны камбайн, выглядаюць «зоркі ўборачнай» Віталь Лобан і Сяргей Гарашчэня. Першага я памятаю яшчэ з мінулага году – тады ён таксама скончыў сезон з добрымі вынікамі. Спачатку інтэрв’ю бярэ Сяргей Леанідавіч, а я здымаю працоўную машыну. І потым зноў пачынаю дамаўляцца на відэа. «Ціктокі гэтыя вашыя? Добра!» – гучна адказваюць мужчыны. Шчыра кажучы, адрапартавалі яны шыкоўна. Пускаю іх да працы. Толькі дома я ўбачыла на відэа, што яны мне рукою махалі, пакуль выязджалі – прыемна!

– Зараз перапынак на абед, – перадае мне Сяргей Уладзіміравіч.

– Давайце Вас здымем? Раскажаце пра ўборачную ў гэтым годзе, – пачынаю выпрошваць я.

– Прабачце, не люблю на відэа. – Здымем 40 секунд, а калі трэба – некалькі раз і пакінем лепшы варыянт.

Мне ў такой працы не хапае толькі вялізных сумных вачэй, як у Ката ў ботах з мультфільма пра Шрэка, каб дамовіцца на відэа. Але спрацавала – і «плюс адзін» у рэдакцыйным айфоне.

Апошнім прыпынкам стаў экіпаж «маладых» – Аляксея Крывецкага і Аляксандра Чаюка. На адное была надзея: яны пасля абеду, таму павінны быць добрымі. Падыходжу, дамаўляюся – «пішам!», толькі паспявай уключыць запіс відэа. Адрапартавалі, хуценька перадалі мне мікрафоны – і зноў «па машынах». Ні хвіліны без працы. У такое непастаяннае лета аніяк інакш!

Праходжу апошні раз праз камбайны, каб яшчэ некалькі кадраў зрабіць, і ўжо выязджаем назад у рэдакцыю. Пакуль едзем – перакідаю сваім сябрам у асабісты чат некалькі відэа, дзе я на фоне машын. Яны заўсёды кажуць, што ў полі ў мяне ўзняты настрой і нібыта вочы блішчаць ад радасці. А што – пакуль яны ў Мінску, у мяне во якое жыццё! Яшчэ некалькі відэа – і я зваблю іх прыехаць у Капыль.

Цікава, на якое поле я даеду ў наступны раз? А зараз толькі пераглядаю відэа з палёў ААТ «Капыльскае». Жадаю хлебаробам поспехаў і добрага настрою!


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей