Вадаёмы пад кантролем
Месцы, дзе купанне людзей забаронена, прадстаўнікі сельвыканкама манітораць увесь час, звяртаючы ўвагу на наяўнасць папераджальных знакаў і таблічак.
Днямі паўторна наведалі сем вадаёмаў: у аг. Старыца, вёсках Харытонаўка і Свідзічы, ур. Найдубава і р. Выня, дзе праверылі наяўнасць інфармацыйных таблічак з надпісам «Купанне забаронена».
Сустракаючыся з насельніцтвам, работнікі сельвыканкама кожны раз нагадваюць, што падчас адпачынку ля вадаёмаў неабходна выконваць правілы бяспекі. А купанне дазволена толькі ў афіцыйна абсталяваных месцах Капыльшчыны: сажалкі № 2 у Капылі і ў в. Багушы, вадаём у в. Астравок.
Час актыўнага адпачынку
У Старыцкім сельскім доме культуры для жыхароў аграгарадка адпачынак праходзіць у розных напрамках.
Акрамя асноўных мерапрыемстваў, якія ідуць згодна з планам работы, у вяскоўцаў ёсць магчымасць правесці вольны час з карысцю. Напрыклад, для падлеткаў прайшоў майстар-клас па вырабе аплікацыі «Беларусь сінявокая», а ў зале старэйшае пакаленне спаборнічала ў тэнісным турніры «Твой ход» (на здымку).
Увага – аварыйным дрэвам…
Наступствы ўрагану паказалі, што трэба выдаляць аварыйныя дрэвы.
За апошнія два тыдні спілавана 11 такіх дрэў у вёсках Свідзічы, Бор і Карзуны, аг. Старыца. Як адзначыла старшыня Слабадакучынскага сельвыканкама Нэла Гусева, каб выдаліць небяспечныя дрэвы, трэба атрымаць адпаведнае заключэнне, якое выдаецца спецыялістам па азеляненні Капыльскай ЖКГ.
... і скошванню травы
На тэрыторыі сельсавета адным з галоўных клопатаў у гэтыя ліпеньскія дні – скошванне травы.
Працягваецца добраўпарадкаванне грамадзянскіх могілак: іх на тэрыторыі сельсавета 15. Па другім разе пачалося скошванне: работы праводзяцца на могілках у аг. Старыца, вёсках Русакі і Слабада-Кучынка.
У 90 год поўны запалу
Днямі свой 90-гадовы юбілей адзначыў ветэран працы Пётр Іванавіч Кашуба з в. Астрэйкі.
Большую частку жыцця ён прапрацаваў касірам у Слабада-Кучынскім сельсавеце, а выйшаўшы на пенсію, прысвяціў сябе сям’і і зямлі. Акрамя таго, мужчына з’яўляецца актыўным удзельнікам традыцыйнага конкурсу «Ветэранскае падвор’е». Застаецца пажадаць Пятру Іванавічу актыўнага даўгалецця і новых юбілеяў.
Комментарии