Куды накіроўваецца касец
Пры абкошванні населеных пунктаў у першую чаргу надаецца ўвага так бы мовіць цэнтральным сядзібам – аграгарадку Пацейкі і вёсцы Душава. Затым касец накіроўваецца выконваць неадкладныя заяўкі грамадзян ці працуе па графіках, складзеных па жаданні насельніцтва падчас сходаў.
Пяць заявак на конкурс
Сёлета пяць заявак на раённы конкурс «Ветэранскае падвор’е» падалі Ніна Макаўчык і Анатоль Тарасевіч з Душава і Галіна Жалянгоўская, Людміла Козел і Кацярына Мазоль з аг. Пацейкі.
Нарадзіліся дзве дзяўчынкі
У в. Душава ў ліпені на свет з’явіліся дзве дзяўчынкі Ксенія і Валерыя. Такому падарунку рады шматдзетныя бацькі Арцём і Яна.
Прыбіраюцца пашкоджаныя дрэвы
Экстранна пачалі спілоўванне аварыйных і старых дрэў пасля ліпеньскіх ліўняў і ўраганаў. Так, у в. Жавулкі была пашкоджана векавая ліпа, якая пасярэдзіне трэснула. Знаходзілася дрэва на землях агульнага карыстання, таму ліквідавана спецыяльна створанай пры сельвыканкаме брыгадай.
Канцэрт да свята
У Душаўскім доме культуры праведзены канцэрт пад назвай «Мы жывём пад мірным небам» (на здымку). У выкананні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці прагучалі песні аб роднай Беларусі, дабрыні і міры. Прадоўжылася вечарына танцавальнай праграмай.
Комментарии