Сустрэчы – рэгулярныя
Сходы грамадзян прайшлі ў вёсках Даменікова і Малінова.
Перад вяскоўцамі выступіў старшыня Капыльскага раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Рудакоўскі. Першачарговую ўвагу грамадзяне надалі пытанням спілоўвання аварыйных дрэў, пляцоўкі для сметніка на могілках, уборцы пахаванняў. Жыхары ініцыявалі збор грошай для агароджы могілак, а таксама падтрымалі прапанову мясцовай улады аб правядзенні суботніка і ўборцы могілак.
– Такога роду сустрэчы з вяскоўцамі мы праводзім на рэгулярнай аснове, – адзначыла старшыня Бучацінскага сельвыканкама Святлана Сташаніна. – Мы не толькі абмяркоўваем і вырашаем хвалюючыя насельніцтва пытанні, але і, уносячы разнастайнасць у праграму сельскіх сходаў, стараемся, каб людзі вярталіся дадому з добрым настроем. Напрыклад, да размовы былі запрошаны таксама работнікі культуры: музычнай творчасцю парадавалі гледачоў артысты РЦК Вячаслаў Курчык і Антон Шышмароў.
Аналагічныя сходы грамадзян таксама прайшлі ў вёсках Гулевічы і Выгода.
Курс на добраўпарадкаванне
Бучацінскі сельсавет актыўна працуе над добраўпарадкаваннем сваёй тэрыторыі, і вынікі гэтай працы ўжо прыкметныя.
Спілаваны 14 аварыйных дрэў у вёсках Бучаціна, Ракіні, Гулевічы і Смалічы.
За кошт бюджэтных сродкаў праведзена добраўпарадкаванне трох воінскіх пахаванняў (брацкіх магіл) у вёсках Бучаціна, Садавічы і Смалічы.
Актыўна ідзе абкошванне населеных пунктаў: Садавічы, Навасёлкі, Ракіні, Бучаціна. Раней абкасілі Жыліхава і Гулевічы.
Дапамога ад мясцовых гаспадарак
У рамках правядзення раённага свята хлебаробаў «Зажынкі», якое прайшло на тэрыторыі ЗАТ «Жыліхава», мясцовае сельгаспрадпрыемства актыўна ўключылася ў работу па навядзенні парадку на зямлі. Так, абкошаны прыдарожныя палосы, адрамантаваны і пафарбаваны агароджы, яркімі фарбамі зайгралі будынак сельскага дома культуры і адміністрацыйны будынак гаспадаркі. Свой уклад у добраўпарадкаванне ўнесла і ААТ «Ціміразеўскі»: знесены два вытворчыя будынкі ў в.Смалічы (на здымку).
Рамонт адміністрацыйнага будынка
У адміністрацыйным будынку сельвыканкама праведзены рамонт.
Адрамантаваны два кабінеты, два ганкі (уваходная група і каля паштовага аддзялення). Акрамя таго, зроблены рамонт тратуарнай дарожкі.
Комментарии