Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Смехотерапия в терапии: лечимся без лекарств

29.06.2025

Нас у палаце чацвёра, амаль усе пенсіянеры, толькі Віцю ўсяго 48.

Жыццё ідзе размерана, асаблівых скаргаў на здароўе няма, таму час бавім весела. Таблеткі, уколы, сняданак, абыход урача, працэдуры, прагулкі, абед, дабаўка з халадзільнікаў і тумбачак, зноў перакур (чытай: дыханне свежым паветрам), ціхая гадзіна (гэта ў бальніцы святое, бо сон – найлепшы лекар), заняткі па інтэрэсах з перапынкам на вячэру, кефір, мацыёны па ўсталяваным маршруце, зноў сякія-такія лекі і… адбой. Канечне ж, візіты радні, калег, сяброў ніхто не адмяняў: толькі паспявай з’ядаць прывезенае, хруст ідзе 24 гадзіны ў суткі. У іншых сітуацыя такая, што за тыдзень запас на паўзімы зрабіць можна, у бальніцы ж не пакінеш. А прыгажуні-медсястрычкі, доктаркі, лабаранткі, іншы персанал…не, паміраць не бу-дзем, не ўсе яшчэ справы зроблены! А каб і хацеў, рэаніматары з таго свету цябе дастануць, абы чалавека ў рай не пусціць. Асцерагацца трэба толькі тым, у каго ціск скача ці якая сардэчная праблема. Гэта ж не жартачкі – сапраўдныя палітычныя дэбаты разгараюцца на лаўках з працягам у палатах. Вось дзе яскравасць, вось дзе праўда жыцця!

Пашанцавала Ігару: сёння яго выпісалі, бывай здароў, больш не трапляй. «Выбачай, калі што не так, было прыемна пазнаёміцца! – Узаемна… чакай новага суседа». Пасля абеду акупіравалі лаўкі, як мае быць правялі чарговую трэніроўку. Тут Віця заходзіць у палату, а на яго ложку ляжыць чалавек гадоў 80. Вочы ў Віці па яблыку, чэлюсць адвісла, азірнуўся.

– Ты чаго тут уклаўся?

– А што?

– Табе вось тут паслалі (паказвае на месца Ігара).

– Не! Я тут буду.

– Дык гэта ж маё месца! Перайдзі сюды.

– Чаму ж гэта тваё? Маё! Я тут ляжу! Мо палаты пераблытаў?

Умяшаліся мы, прыйшлося ўдакладніць:

– І даўно вы тут ляжыце?

– Даўно, усякі раз.

– Віця, хай сабе ляжыць. Ты ж бачыш, чалавек страціў памяць, не тут кажучы. Якая табе розніца?

– І праўда, як сабе хоча, – пагадзіўся Віця і пачаў запраўляць свабоднае месца.

Заглядвае на гэтую разборку санітарка.

– Вось дзе ён (звяртаючыся да Сцяпана-навічка). Не паспела адвярнуцца – знік! Галаву звярнула, шукаючы. Хадзем, табе ў іншай палаце паслалі.

– Мне і тут добра.

– Добра не добра, пайшлі са мной!

– Не пайду!

– А ты чаго на новае месца месцішся? – гаворыць тая ўжо да Віці. – Хіба ж гэта для цябе?

Бедны Віця не ведае, што рабіць: са свайго месца яго прагналі, а другога яму не даюць.

– Пры чым тут Віця? – зноў умяшаліся мы. – Вый-шла так, што памыліўся Сцяпан, што з яго возьмеш. Чаго ж на Віцю крычаць, ён жа – пацярпелы!

– Ат, рабіце, што хочаце! А ты (да Сцяпана) марш у другую палату!

– Пашанцавала табе, Сцяпан, – жартаўліва пазайздросцілі мы новаму суседу:

– Як ні круці, а адразу два месцы! Застаўся ты ў нас.

На гэтым і вырашылі, уладкаваліся чын чынаром…Ціхая гадзіна, ляжым, збіраемся з думкамі.

– Віця, ты больш не выходзь на вуліцу, а то і гэты ложак займуць!

– Не, хай сабе і выйдзе, але з ложкам.

– А тумбачку з сабой таксама браць?

– Не, камянёў нагрузі, каб не паднялі.

– Лепш сігналізацыю падключыць.

– Да, Віця, спачуваем, застаецца спадзявацца, што на гэтым твае прыгоды скончыліся. Але на ўсякі выпадак, трымайся! І ўсё трымай пры сабе. А то яшчэ за бальнічную маёмасць плаціць трэба будзе.

– А за гэта жонка з дому выганіць. Так і будзеш скітацца па бальніцах.

– Мусіць, трэба хутчэй на выпіску прасіцца?

– Вось-вось, безвыходнае становішча, відаць, выгадней памерці…

Перагаворы-здзекі ў добрым сэнсе парушыла раздатчыца з кефірам: пацыенты атрымалі перадышку. Але на вуліцы гісторыя з ложкамі мела працяг. Бедны Віця! Парады яму сыпаліся, як збожжа з бункера: адкупіцца трэба; раскладушку прывезці; сабаку прывязаць; ток падлючыць; абнесці плотам… Віця выздараўліваў на вачах: спачатку ўсміхаўся, затым смяяўся, рагатаў. Амаль усе ад смеху хапаліся за жываты, некаторыя ўжо выціралі слёзы…

Сцяпан у гэты час спакойна адпачываў, перыядычна падсілкоўваўся, але ложак не пакідаў. Відаць, баяўся высялення. Наступіла ноч. Крыху пагаманіўшы пра жыццё на розныя тэмы, сабраліся спаць. Сцяпан маўчаў. Патушылі святло. Сцяпан заварушыўся, сеў на ложак, абуў тапкі, пайшоў. Значыць, трэба чалавеку. Але амаль адразу вярнуўся, лёг. Зноў устаў, пачэпаў з палаты. Дзверы мы пакідалі насцеж адкрытымі. Глядзім, назад ідзе, але… міма. Спыніўся насупраць суседняй палаты, а там, між іншым, жанчыны…

Няўжо пойдзе туды, высяляць кагосьці са свайго месца? Мы навастрылі вушы, каб своечасова ўмяшацца, калі што. Але не, не атрымалася кіно. Сцяпан вярнуўся назад, лёг і больш яго да раніцы, дакладней, да наступнай ночы чуваць амаль не было.

Наступны дзень ішоў у звычайным бальнічным рытме. Жарты з Віці сталі ўжо неактуальнымі, здаволіліся: гаварылі пра школы, бальніцы, аграгарадкі, зразумела, пра жанчын, сямейнае жыццё… ды толькі ў паветры літаральна павісла адчуванне чагосьці асаблівага, непаўторнага. І яно было не за гарамі…

Патушылі свет, пачалі драмаць.

– Зіна, ты веранду закрыла? – гэта азваўся Сцяпан.

– Закрыла, – каб супакоіць дзядзьку, адказаў я.

Відаць, не паверыў. Падняўся, падышоў да ўсё таго ж няшчаснага Віці і як раўкне:

– Зіна, ты веранду закрыла?!

– Закрыла, – спужана, але, напэўна, больш пераканана адказаў той і зашыўся пад коўдру.

Сцяпан патэпаў назад.

– Зіна, ты жывая? – у палаце стаяў рогат, ужо ніхто не спаў.

Ускочыла медсястра:

– Хлопцы, супакойцеся!

Дзесьці праз хвіліну:

– Мусіць, Зіна прыбягала?

– Якая Зіна? Бачыш, ляжыць, не варушыцца.

– Зіна, табе не паплахела? Паглядзі, можа нежывая? Га-га-га-га…

– От, зубаскалы! – Баранілася цяпер «Зіна»…

Мянушка прыклеілася да Віці, як ліст у лазні. «Зіна, да цябе прыйшлі», «Зіна, хадзем у сталовую», «Зіна, дождж ідзе?», «Зіна, патушы святло», «Зіна, табе на працэдуры», «Зіна, муху забі», «у Зіны папытай», «Зіна, ты веранду закрыла?» Віці больш не існавала, затое з’явілася Зіна. Ніхто не крыўдзіўся, усе заліваліся смехам, асабліва весялілася «Зіна»…

Напрыканцы. Калі я выпісваўся, Сцяпана і Віцю разам вазілі ў Слуцк на абследаванне. Спадзяюся, у хлопцаў сур’ёзнага захворвання няма. А за сумесна праведзены ў бальніцы час – вялікі дзякуй, сябры-суседзі!

Мікалай МАЙСЮК,
пазаштатны аўтар «СП»

Фота створана з дапамогай штучнага інтэлекту


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей