Мабыць, кожны з нас абавязаны настаўніку за тое, што зрабіў, чаго дасягнуў, як успрымаў працу, якім бачыў свой шлях, сэнс жыцця і сваё прызначэнне. Вялікае шчасце сустрэць педагога, які вучыць дабрыні і справядлівасці, працавітасці і павазе да людзей. Добрага настаўніка не забываюць.
Аляксандр Васільевіч родам з вёскі Харытонаўка. Быў адзіным дзіцем у сям’і Васілія Мікалаевіча і Ганны Аляксандраўны. Бацькі не песцілі сына, выхоўвалі яго ў працы і вучылі прыносіць карысць грамадству. Дзякуючы ім захапляўся чытаннем, паколькі бацькі працавалі на пошце і маленькі Сашка чытаць пачаў раней, чым пайшоў у школу. Гэта яны навучылі яго цаніць кнігі, даражыць імі. Хлопец скончыў Ленявіцкую васьмігодку, а затым – Слабадакучынскую СШ. Асаблівыя здольнасці меў па геаграфіі, біялогіі, гісторыі, працоўным навучанні, займаўся лёгкай атлетыкай і футболам. У атэстаце была толькі адна чацвёрка – па рускай мове.
Паступаў у БДУ на факультэт міжнародных адносін. Не хапіла ўсяго аднаго бала. Але не журыўся – у Капыльскім СПТВ-21 атрымаў спецыяльнасць вадзіцеля. Крыху папрацаваў механізатарам у саўгасе «Крыніца» і быў прызваны ў рады Узброеных Сіл СССР. Служыў у званні старшага сяржанта на пасадзе намесніка камандзіра аўтамабільнага ўзвода аўтароты ў Калінінградзе. Выдатнік баявой і палітычнай падрыхтоўкі, адзначаны шматлікімі падзякамі камандавання. Вось тады і вырашыў у будучым звязаць свой лёс з выхаваннем маладога пакалення.
1 верасня 1991 года Аляксадр Кашуба пераступіў парог Ленявіцкай базавай школы – пачаў сваю педагагічную дзейнасць настаўнікам біялогіі. Быць настаўнікам на вёсцы – вялікая адказнасць. Ён павінен усё ведаць, усё паспець зрабіць, знайсці адказ на любое пытанне і выхад з любой сітуацыі.
Завочна скончыў БДПУ імя Максіма Танка з чырвоным дыпломам. Малады настаўнік вылучаўся сваёй добрай рэпутацыяй, арганізатарскімі здольнасцямі, дзелавымі якасцямі. Праз чатыры гады яго прызначылі дырэктарам Ленявіцкай, а затым – і Слабадакучынскай СШ. Шмат карыснага было зроблена на гэтай пасадзе. Не злічыць, колькі разоў яго вучні станавіліся пераможцамі і прызёрамі прадметных алімпіяд, інтэлектуальных конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў. Творчы чалавек, ён сам станавіўся прыкладам для дзяцей і калег – спяваў пад гітару на канцэртах і турыстычных злётах, удзельнічаў у спектаклях у час настаўніцкіх эстафет, пісаў вершы, ладзіў творчыя сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і воінамі-інтэрнацыяналістамі.
Пасля дзевяці гадоў дырэктарства стаў працаваць настаўнікам гісторыі і працоўнага навучання. Разам з вучнямі высаджваў дрэўцы і прышчэпліваў іх. Члены гуртка «Юныя садаводы» пад кіраўніцтвам Аляксандра Васільевіча сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу «Садам – заботу юных» у намінацыі «Мой вклад в программу «Плодоводство». Сёння прыемны смак яблык, груш, сліў з гэтых дрэў ведаюць усе, хто прыходзіць у школу.
У яго кароткім жыцці прызванне і прафесія ішлі поруч. Ён шчыра любіў дзяцей, адносіўся да іх як да роўных. І тыя дзяліліся з любімым настаўнікам сваімі поспехамі, радасцю і перажываннямі. Ён быў такім, якім павінен быць настаўнік – рознабаковым і творчым чалавекам. Мабыць, у многім дзякуючы яму выпускнікі Слабадакучынскай СШ праявілі сябе ў розных галінах народнай гаспадаркі, навукі, культуры і спорце.
А яшчэ была грамадская дзейнасць – тройчы выбіраўся мясцовым дэпутатам. Прымаў актыўны ўдзел у мерапрыемствах, звязаных з падрыхтоўкай і правядзеннем абласных і раённых дажынак, адзначаны граматамі і падзякамі. Яго сядзіба па выніках агляду-конкурсу ў 2001 годзе стала адной з лепшых на Капыльшчыне. Як патрыёт Бацькаўшчыны разам са сваімі вучнямі ўстанаўліваў помнікі героям вайны на могілках у вёсцы Бор, добраўпарадкаваў брацкія магілы ў роднай Харытонаўцы, не цураўся ніякай працы.
Аляксандр Васільевіч цяжка захварэў. Урачы правялі хірургічную аперацыю, і здавалася, што ён акрыяў. Праз некаторы час з вялікім натхненнем вярнуўся да любімай справы. Радаваўся, што ў школьным музеі паспеў аформіць стэнды «Нашы настаўнікі» і «Знакамітыя выпускнікі» – даніну павагі тым, хто даў яму пуцёўку ў жыццё, з каго браў прыклад. Для заняткаў гуртка «Юныя шахматысты» вырабіў настольныя шахматы – выразаў фігуркі з дрэва. Да апошняга часу, думаючы не пра сябе, а пра школу і вучняў, насуперак болю, ён вёў урокі, і ніхто не мог падумаць, наколькі нялёгка яму гэта давалася. Яму было вельмі цяжка, не мог паварушыцца, але стараўся сядзець, закрыўшы твар рукой, каб дзеці нічога не западозрылі. Ён жа НАСТАЎНІК!
Паміраў Аляксандр Васільевіч мужна і з годнасцю. Столькі яшчэ засталося незробленым, ненапісаным, непражытым…
Барыс ДЗЕНІСЮК, член Беларускага саюза журналістаў
Комментарии