Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

На месте воздушного боя за Копыль: история мемориала

07.05.2025

Адным з тых, хто імкнуўся захаваць памяць пра баявых таварышаў – быў сяржант 255-га артылерыйскага палка У ладзімір апанасавіч Усціменка. Менавіта ў яго лістах, якія атрымоўвалі пашукоўцы з другой гарадской школы, яскрава апісана вызваленне К апыля.

Калі вучні ў другой палове ХХ стагоддзя звярталіся да розных удзельнікаў і відавочцаў тых вогненных дзён, часцей за ўсё яны чулі, што нічога асаблівага не было. Так, вялікіх баёў за Капыль не ішло, аднак адбылося паветранае нападзенне на савецкія войскі, якія ўжо ўвайшлі ў горад.

Звернемся да мінулага і нібыта паслухаем расповед Уладзіміра Апанасавіча, яго ўспаміны:

– 1 ліпеня 1944 года недзе апоўдні мы спыніліся на кароткатэрміновую перадышку каля лесу, за якім, як потым даведаліся, знаходзіўся Капыль. Камандзір батарэі капітан Іваноў атрымаў загад рухацца праз лес з выхадам правей Капыля. Задача стаяла звычайная – прыкрыць нашы часці. Непасрэдна ў Капылі не было баёў з немцамі. Пад напорам імклівага наступлення нашай конна-механізаванай групы генерала Пліева фашысты спешна пакінулі горад. У склад групы ўваходзілі 4-ы кубанскі кавалерыйскі корпус, 4-ы мехкорпус і нашы артгрупы з рэзерву галоўнага камандавання. Непасрэдна мая батарэя мела 4 гарматы і 4 машыны «Студэбекер». Я ўваходзіў у склад разліку першай гарматы…

Я стаяў на машыне ў поўны рост, як раптам заўважыў чатыры варожыя штурмавікі, што рухаліся яшчэ далёка, але наперарэз нам. Мой вокліч «Паветра!» прадубліравалі на кожнай машыне. З кабіны выскачыў капітан Іваноў і скамандаваў: «Батарэя, к бою! Агонь!» Агонь па пярэдняй чацвёрцы самалётаў быў адкрыты своечасова. Мы з Паляковым хуценька падцягвалі абоймы са снарадамі заражаючаму Давыбарнаму. Скрозь страляніну я пачуў крык камандзіра батарэі. Азірнуўся і ўбачыў, што ён паказвае на хвост батарэі і нешта крычыць наводчыкам.

Перавёў позірк назад і жахнуўся: вось-вось нас атакуе з пікіраваннем другая чацвёрка «Фоке Вульфаў» і, канешне ж, разнясе ўшчэнт. Але не разгубіліся наводчыкі Маёраў і Шчэкатураў. Яны развярнулі гармату на 180 градусаў і ва ўпор адкрылі агонь па пікіроўшчыках, тым самым выратавалі батарэю ад поўнага знішчэння. Тады, пасля бою, і цяпер, праз многа-многа гадоў, я з удзячнасцю ўспамінаю менавіта хлопцаў-наводчыкаў. Гэта яны сваімі рашучымі дзеяннямі, сваёй мужнасцю падарылі жыццё ўсім астатнім воінам батарэі.

Шмат мы прайшлі баёў, але ў такім безабаронным стане, як пад Капылём, аказвацца не даводзілася. Не скінуўшы свой бомбавы запас, старшы штурмавік развярнуўся і спікіраваў толькі на першую гармату, маючы намер яе накрыць. Дзве бочкі бензіну ўзарваліся і аблілі агнём гармату. Як толькі бомбы пасыпаліся прама на гармату (а ў такой сітуацыі здаецца, што яны падаюць прама на цябе), члены разліку паўскоквалі і пачалі хавацца хто пад гармату, хто пад машыну. Шчэкатураў з-за штурвала гарматы зваліўся на дарогу і споўз у кювет і залёг там. Узрыўная хваля аднесла агонь з бензінам на машыну і гармату. Шчэкатураў і Збоеў былі забіты ў кювеце, а астатнія абгарэлі. Ніхто ўжо зараз не раскажа, хто з маіх баявых таварышаў быў паранены, хто згарэў зажыва, успыхнуўшы развітальным факелам. Усе згарэлі да непазнавальнасці. Капітана Іванова распазналі, напрыклад, толькі па пісталеце і злітку ордэна Чырвонага Сцяга, камсорга – таксама па пісталеце.

Я ж у час варожай атакі, бачачы, што сцярвятнік набліжаецца прама да мяне, саскочыў на зямлю, і паспеў прабегчы некалькі крокаў, як ззаду раздаўся выбух. Узрыўной хваляй мяне адкінула на зямлю. Адчуў страшны боль у жываце, рука апынулася ў лужыне крыві. Баючыся абгарэць разам з палаючай машынай, я прыціснуўся да зямлі і правай ру- кой закрыў твар. Параненага, мяне адцягнуў ад кастра наш санітарны інструктар Віктар Апанасавіч Будаеў.

Уявіце страшную карціну: палаюць машыны і гарматы, рвуцца снарады, патроны, гранаты. Над табой свішчуць асколкі. На распаленай зямлі ляжыш, паўжывы, пакутліва чакаеш свайго канца, яшчэ не ведаючы, што з адзінаццаці чалавек дыхаеш толькі ты, а больш нікога няма ў жывых. Калі першы штурмавік скінуў запас бомб, усе чатыры развярнуліся і з хваста прайшліся па батарэі гарматна-кулямётным агнём. Ужо ніхто ім не перашкаджаў. У той момант батарэя была поўнасцю выключана з бою».
З пісьма ад 22 студзеня 1988 года: «Калі вы атрымалі папярэдняе пісьмо, то я вельмі задаволены, што будзеце ведаць цяпер падрабязнасці таго ліха ад мяне, не толькі сведкі, а і непасрэднага ўдзельніка кровапраліцця. Хочацца, каб вы, дарагія рабяты, ведалі праўду пра салдат і афіцэраў, што вызвалялі Радзіму, палеглі ў вашу капыльскую зямлю. І пра іх трэба ведаць больш. Неабходна разумець, што батарэя не проста трапіла пад бомбавы і гарматна-кулямётны ўдар, яна ашчэрыла-
ся супраць налётчыкаў, вяла бой у непрадбачных абставінах. З поўным разуменнем гэтага зараз вы можаце сцвярджаць, што мае баявыя паплечнікі зрабілі ўсё магчымае, праявіўшы свой гераічны характар. Байцы гарматнага разліку злажылі галовы ў імя перамогі…»

У 1964 годзе Уладзімір Усціменка ўпершыню пасля вайны прыязджае ў Капыль. Да гэтага часу на скрыжаванні вуліц Партызанскай і Цімкавіцкай ужо стаяў помнік тым, хто абараняў Капыль, але прозвішчы былі пераблытаныя, многія імёны ўвогуле адсутнічалі. Уладзімір Апанасавіч выправіў усё, знайшоў тых, хто дапамог дастаць астанкі загінулых з іх «апошняга акопа» на ўскраіне Капыля для пераносу ў брацкую магілу. У чарговы прыезд зноў знайшоў грубыя памылкі ў тэксце на помніку. Паходы да кіраўніцтва раёна прынеслі свой плён – імёны былі адноўлены. Апошні раз ён прыехаў у Капыль 9 мая ў 1988 годзе і выйшаў з прапановай устанавіць на месцы бою зенітчыкаў мемарыяльны знак. Яго падтрымалі вучні і настаўнікі другой школы, а затым гэта знайшло водгук і ў РК ЛКСМБ з яго першым сакратаром Аляксандрам Касінскім. У 1989 годзе знак на месцы бою на вул. Заазёрнай быў устаноўлены. В.А. Усціменка ўбачыў яго толькі на фота. «Сурова, як праўда…» – даў адзнаку.

У 1990 годзе яго не стала.

Фота з архіва СШ № 2 г. Капыля


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей