Прафесія цікавіць мяне сваім імкненнем адлюстроўваць эмоцыі людзей, іх меркаванні. Акрамя таго, мы яшчэ і фотакарэспандэнты. Лічу поспехам, калі атрымліваецца на здымку адлюстраваць імгненне, вельмі важнае ў жыцці чалавека. Магчыма, больш ніколі яно не паўторыцца…
Вельмі люблю сваю працу за тое, што кожны дзень яна прыносіць нешта новае, цікавае. З самага памятнага, што адбылося ў першы працоўны дзень, мабыць, назаву работу з пісьмом пазаштатніка Сцяпана Чуеўскага. З яго назіранняў пра птушачак трэба было зрабіць заметку, якая б зацікавіла чытача. І, як сказалі калегі, у мяне гэта атрымалася.
Азам прафесіі мяне вучылі былыя галоўныя рэдактары Марыя Шэіна і Таццяна Раіцкая, адказны сакратар Уладзімір Скрыпінскі, майстры слова Алена Галіноўская, Іна Беркі, Любоў Пятрова, Маргарыта Саковіч. Дарэчы, з Маргарытай нас яшчэ аб’ядноўвае больш чым дваццацігадовы праект – мясцовае радыё, якое мы выпускалі разам. Радыйная частка жыцця асаблівая, нагадвае пра маладосць, калі ў шэсць гадзін раніцы ці ў дзесяць вечара імчаўся на вузел сувязі, каб выпусціць перадачу ў эфір, якая была жаданай госцяй у кожнай хаце. Памятаю, як Капыльшчыну з візітам наведваў пасол ФРГ у Беларусі. Пагутарыўшы са мной, ён ніяк не мог зразумець, якім чынам перадачы транслююцца па правадах, а не па радыёхвалях. Але ж і ў нас эпоха праваднога радыё закончылася, а пасля яе ў хуткім часе – і мясцовага радыёвяшчання.
А яшчэ ўсплываюць у памяці шматлікія інтэрв’ю з вядомымі людзьмі. У іх пераліку хацелася б вылучыць дачку вядомага паэта-песенніка Адама Русака Людмілу, спевакоў Ірыну Дарафееву, Георгія Калдуна, Надзею Мікуліч і, вядома ж, Аляксандра Саладуху.
Комментарии