Home
Четверг 29.05.2025 15:12

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Вербное воскресенье - праздник в душе и сердце

13.04.2025

Пальмовая нядзеля распачынае ў Каталіцкім Касцёле Вялікі тыдзень. Звычай асвячэння пальмовых і вербных галінак з’явіўся ва ўсім Касцёле ў XI стагоддзі. У гэты дзень у літургіі ўзгадваецца ўрачысты ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем за пяць дзён да Яго ўкрыжавання. Як пішуць eвангелісты, людзі з натоўпу, якія віталі Хрыста, слалі на дарозе свае вопраткі, а таксама аліўныя і пальмавыя галінкі, усклікаючы пры гэтым: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана».

Нядзеля Мукі Пана

На літургію святары апранаюцца ў літургічнае адзенне чырвонага колеру. У гэты дзень падчас святой Імшы чытаецца або спяваецца з падзелам на ролі апісанне Мукі Хрыста. Таму другая назва Пальмовай нядзелі — нядзеля Мукі Пана. Нягледзячы на гэта, урачыстасць мае радасны характар, бо з яе пачынаецца літургічны ўспамін падзеяў, у якіх здзейснілася збаўленне свету.

Хрысціянскія таямніцы веры ўзаемна прасякаюць адна адну: хвала і радасць ствараюць непадзельную цэласнасць з цярпеннем, а яно, у сваю чаргу, прадвяшчае ўваскрасенне і збаўленне. Удзел у літургіі Пальмовай нядзелі азначае згоду вернікаў прыняць крыж і цярпенне з Хрыстом. Згоду ісці да жыцця не іншым, а менавіта гэтым шляхам — шляхам, які паказаў нам Збаўца.

На пачатку літургіі Пальмовай нядзелі чытаецца Евангелле пра трыумфальны ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем, пасля чаго святар асвячае галінкі вербаў і пальмаў, прынесеныя вернікамі, а потым адбываецца ўрачыстая працэсія. Пазней асвячоныя галінкі спаляць, а попелам, які ад іх застанецца, будуць пасыпаны галовы вернікаў у Папяльцовую сераду наступнага года.

Пачатак святкавання Пальмовай нядзелі мы знаходзім у VІ стагоддзі ў Ерузалеме. Урачыстая працэсія з галінкамі пальмаў праходзіла ў той час з Бэтаніі да Ерузалема і выяўляла радаснае вітанне Хрыста. Людзі як мага дакладней стараліся паказаць сцэны з жыцця Хрыста.

Будзем жа рыхтаваць да гэтага часу не толькі свае дамы і святочныя сталы, але перш за ўсё зробім парадак у сваім сэрцы! Адкрыемся на дзеянне Божай ласкі, дазволім, каб Хрыстус мог да нас дакрануцца. Адчуем на сабе дотык і позірк Езуса Хрыста, які ўрачыста ўязджае ў Ерузалем!

Андрэй КАЛЯДКА, ксёндз касцёла Святых Пятра i Паўла ў Капылі


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей