І людзі ў Аксамітах жывуць шчырыя, светлыя душой, працавітыя і дружалюбныя. Васіль памятае, як бацька часта паўтараў, што аксамітоўцы пан-шчыны не рабілі, былі мужыкі вольныя…
Вайна… Яна кожны дзень змяняе ўсё звыклае, дарагое сэрцу… Змяняе аблічча селішчаў, змяняе звычкі людзей, іх характар, само жыццё.
Валера часта, ужо без патрэбы, ідзе ў Грозаў. Зараз у мястэчку ціха. Амаль усіх жыхароў, а гэта каля пяцісот чалавек, немцы вывезлі ў Канюхі, у гета. Сярод іх – палова Валеравага класа, местачковыя хлопцы і дзяўчаты, сярод іх і Цалер Абрамавіч, кіраўнік школьнага тэатра. Валеру балюча ісці па пустой брукаванай вуліцы, успамінаць, як некалькі месяцаў таму яны тут ішлі разам з Анютай, бесклапотна аб нечым балбаталі, марылі… Цяпер школы няма, яе спалілі самі партызаны, каб фашысты не зрабілі там управу.
Нямецкі гарнізон размясціўся ў Грэску. Тут жа знаходзіцца і паліцэйская ўправа.
На краю Аксамітаў расце высокая разгалістая таполя. Адсюль выдатна праглядваецца мястэчка і навакольныя вёскі. Падлеткі па чарзе на таполі нясуць вахту: сочаць, ці не едуць па грозаўскай дарозе немцы або паліцаі. Гэтае слова, немцы, ведаюць і разумеюць і Святланка, і Валік, і нават двухгадовы Шурык. Калі хтосьці крычыць: «Немцы!» – значыць, трэба напрасткі праз агароды, праз жыта бегчы ў Дзедаў лес. Не азірацца, не плакаць, не слухаць, як свішчуць кулі паўз галаву, а бегчы, бегчы наперад. Там, у Чортавым Клыжы, пабудаваны зямлянкі для сховішча. А немцы лесу і балота баяцца, туды не сунуцца.
Васіль Радзевіч моцна перажываў за сыноў. Антон некалькі разоў прыходзіў з лесу дамоў. Расказваў, што натрапілі на групу чырвонаармейцаў, якія выйшлі з акружэння. Так узнік партызанскі атрад, Антон быў прызначаны камісарам. Пасля атрад папоўніўся ваеннапалоннымі, якім Антон са сваім атрадам дапамог уцячы з канцлагера з-пад Слуцка. Тады сын сказаў, што яны пойдуць далей, у Старыцкі лес. З партызанамі пайшлі многія аксаміцкія мужчыны. Пайшла і Шурка, як ні прасіў яе Васіль застацца, сказала цвёрда, рашуча, як адрэзала: «Я камсамолка, бацька. Я павінна ісці і змагацца». Пайшоў і Насцін брат, Віця. Прасіўся і Валерык, Анюцін сябар. Выслухаўшы яго ўважліва, Антон спытаў:
– Ты камсамолец, Валера?
– Канешне.
– Нам патрэбны свае людзі ў паліцыі, – прамовіў Антон і пытальна зазірнуў хлопцу ў вочы.
– За каго вы мяне прымаеце! Я не пайду ў паліцаі! – абурыўся юнак.
– За камсамольца цябе прымаю, Валера. На вайне – у кожнага сваё месца, сваё поле бою. Абаронца Радзімы не толькі той, хто ў бой ідзе, а і той, хто працуе падпольна. Чуў пра слуцкіх падпольшчыкаў?
– Чуў. Дык то падпольшчыкі, а вы мяне ў здраднікі адпраўляеце, – ужо спакайней сказаў хлопец.
– Здрада – сядзець склаўшы рукі і глядзець, як іншыя гінуць.
Раптам Валерыку ўспомніліся Анюціны словы: «Такім павінен быць, як наш Антон, сапраўдным абаронцам».
– Добра, я згодзен, – ціха прамовіў той.
– Вось гэта іншая размова, – сур’ёзна сказаў Антон і дадаў: – А ведаеш, айцец Кірыл учора служыў малебен за перамогу над ворагам. Вось да яго ў царкву і пойдзеш. Ён табе ўсё растлумачыць, што да чаго, і заадно медыкаменты перадасць, аддасі бацьку. Ён звяжацца з намі, у атрадзе шмат параненых. А ты кажаш – у здраднікі запісваю. Пасля перамогі ўжо будзем разбірацца, хто героем быў, а хто – здраднікам…
Раніцай (яшчэ вёска спала) Васіль адправіўся ў лес: трэба звязацца з Антонам, параіцца, што рабіць. Як ні стараўся ісці хутчэй, разумеў, што марудзіць, яму перашкаджаў і цяжкі, доўгі кажух, і глыбокі лютаўскі снег, а яшчэ і торбу захапіў з вялікім боханам хлеба: да партызан ісці ўпустую не хацелася. Да лесу заставалася ўжо метраў сто, як Васіль пачуў ззаду стрэлы, гучныя крыкі: «Не страляць! Узяць жывым! Стой, партызанская сволач!»
У грудзях пахаладзела. «Усё. Гэта канец» – прамільгнула думка. Азірнуўшыся на бягу, Васіль заўважыў, што па полі імчаць сані з паліцаямі. «Толькі б дабегчы да лесу, вунь да тых першых хвоек, – думаў стары. – У лес яны трасцы сунуцца, пабаяцца». Аднак пагоня імкліва набліжалася, паліцаі саскочылі з саней, збілі Васіля з ног, заламалі рукі, скруціўшы іх вяроўкай за спінай, і, задаволеныя поспехам справы, накіравалі сані ў бок Аксамітаў. Васіль ляжаў звязаны на санях, у вушах яго стаяў глухі шум як стогн лесу.
Насця тым часам запальвала ў печы. Калі выйшла ў хлеў па дровы, пачула жаночы плач на другім канцы вёскі. «Аблава», – мільганула думка. «Схаваць дзяцей», – першае, што маланкай пранеслася ў галаве. Святланка ўжо паднялася, сядзела на печы, звесіўшы босыя ногі. Насця схапіла яе і распранутую, у адной кашульцы, агародамі подбегам панесла ў хату Давідоўскіх. Яна яшчэ нічога не паспела сказаць, толькі расчыніла дзверы і ўкінула дзіця, як Марыля ўсё зразумела без слоў, хуценька завязала дзяўчынцы белую касыначку і пасадзіла за стол побач са сваімі дзецьмі.
Калі Насця вярталася дамоў, каб схапіць Валіка і Шурыка, зразумела: ужо позна. Немцы акружылі хату. Адтуль чуліся крыкі паліцаяў:
– Дзе брат? Не ведаеш? Нічога, зараз паедзеш ва ўправу, там усё ўведаеш, усё раскажаш, с… партызанская, там усе разгаворчывымі робяцца.
З хаты выштурхнулі Анюту са звязанымі рукамі. Валасы ў яе былі рассыпаныя па плячах, вусны моцна сціснутыя. Дзяўчына трымалася мужна, у вачах не было ні слязінкі, яны гарэлі агнём нянавісці. І ад гэтага паліцаі шалелі яшчэ болей:
– Прыгожая, ведзьма. У Грэску з табой хутка разбяруцца.
Следам ішоў збялелы Валерык. Ідучы паўз Насцю, на хаду шапнуў: «Вас расстраляюць заўтра. Ім патрэбен Антон, яго чакаюць».
«Расстраляюць заўтра. Гэта ж сігнал. Значыць, у яе, Насці, ёсць суткі – дзень і ноч. Дзякуй, Валерык», – думкі блыталіся, збіваліся. Насця зайшла ў хату, села ў куточку на табурэтку і безуважна глядзела пустымі вачыма, як паліцаі выносяць з хаты коўдры, падушкі, посуд… Дзеці спалохана выглядвалі з-за коміна на маці. Раптам Насця ўбачыла праз акно, што паўз хату вязуць на санях Васіля. Яна на момант сустрэлася поглядам са свёкрам, той кіўнуў ёй, як быццам развітаўся. А ў галаве неадчэпна стукала думка: «Расстраляюць заўтра… Расстраляюць заўтра… А астатніх, выходзіць, будуць сёння страляць? Што ж гэта робіцца? Госпадзі-і-і!» Насця ізноў прыпала да акна і бачыла, як з хат выганяюць аднавяскоўцаў. Вось ідуць Астроўскія, Цімошкі, Бякешкі…Дзеці, жанчыны, старыя… Усяго пятнаццаць чалавек. Паперадзе ехалі паліцаі на санях, там сядзелі і Анюта з Валерам, затым вялі палонных, ззаду ішлі сані з нарабаваным дабром. За імі – зноў паліцаі і немцы.
«Куды яны? Што іх чакае? Што задумалі нелюдзі?» – шаптала Насця і не магла знайсці адказу на гэтыя пытанні.
Палонных пагналі на Грозаў. Увесь гэты нясцерпна цяжкі шлях ад Аксаміт да Грозава Васіль думаў пра дзяцей. Ён ніколі не быў набожным, маліцца, як належыць, не ўмеў, і зараз у думках звяртаўся да Бога, як атрымоўвалася: «Божа, за што ты караеш бязвінныя душы? Я ўжо стары, можа, я жыў няправільна, дзесьці грашыў, мала гаварыў з табою, забяры мяне аднаго, уратуй дзетак, гэта ж анёлы божыя. Яны ні ў чым не вінаватыя».
У цэнтры мястэчка, каля Мікалаеўскай царквы, першыя сані, дзе сядзела Анюта, павярнулі на Грэск. Валера разумеў: ёй нельга трапіць у паліцэйскі ўчастак. Ужо лепей загінуць. Хлопец даўно склаў план і чакаў зручнага моманту, каб здзейсніць свой намер. Сані хутка імчалі па наезджанай дарозе. Спераду сядзелі два паліцаі, Анюта – пасярэдзіне. Ён знарок сеў ззаду. Ад Грозава да Грэска – кіламетраў сем. З іх з паўкіламетра – лесам. Валера прыглядаўся навокал, звярнуў увагу, што паабапал дарогі прыдарожныя канавы амаль не занесеныя снегам. Рукой ён намацаў на поясе гранату, поглядам сустрэўся з Аняй, вачыма падаў знак, маўляў, будзь гатова. Чамусьці успомніліся Антонавы словы: «Пасля перамогі будзем разбірацца, хто героем быў, а хто – здраднікам». Як толькі дарога зайшла ў лес, Валера што ёсць моцы штурхануў Анюту ў бок, скінуў з саней у канаву і з крыкам: «Бяжы, Аня!» – сарваў з гранаты чаку. Усё адбылося ў імгненне вока. Раздаўся аглушальны выбух. Анюта ляжала тварам у снезе і з хвіліну не магла зразумець, што здарылася. Калі ўбачыла на дарозе нежывога Валеру, акрываўленыя трупы паліцаяў, прыйшло ўсведамленне таго, што адбылося непапраўнае. Дзяўчына кінулася ўцякаць у лес.
Тым часам астатніх палонных прыгналі на акраіну мястэчка, спыніліся недалёка ад спаленага будынка школы, у метрах трохстах ад царквы. Людзей загналі ў старую яўрэйскую хату, што стаяла наводшыбе.
З царквы выляцеў айцец Кірыл. Распрануты, з крыжам у руках, ён бег і крычаў:
– Спыніцеся! Што тварыце?! Вы самі не ведаеце, што тварыце! Ірады! Спыні…
Рэзка застракатала аўтаматная чарга, абарваўшы яго на паўслове. Айцец Кірыл упаў, распластаўшыся на снезе. Немцы падхапілі яго і ўкінулі ў хату да палонных. Жаночы крык, плач дзяцей, здаецца, аглушыў наваколле. Хату аблілі бензінам, і полымя ўмомант ахапіла яе. Языкі агню, падхопленыя ветрам, высока ўзняліся ў неба і адлюстраваліся ва ўсіх пяці купалах Мікалаеўскай царквы. Гул полымя, трэск палаючага дрэва, жаночае галашэнне і дзіцячы енк – усё злілося ў адзін жудасны гук…
…І іскры ад гэтага жахлівага вогнішча ўзнімаліся ўгару і чорным попелам асыпаліся вакол: на купалы царквы, на галовы катаў і на белы снег…
… І снег вакол стаў, як чорны аксаміт…
Апошнія Васілёвы думкі былі пра дзяцей. Ён піхаў малых пад печ, спадзеючыся, што полымя там не дастане, і шаптаў словы малітвы.
Алена ДУБІНА, аг. Грозава
Комментарии