У Крамлі высока ацанілі гэты факт, заявіўшы, што гэта найперш сведчыць не толькі пра саюзніцкія, але і пра глыбока братэрскія адносіны паміж дзвюма краінамі.
Мне як грамадзяніну суверэннай Беларусі імпануюць добрызычлівыя, сяброўскія адносіны паміж прэзідэнтамі. Інакш і быць не можа: мы ўжо шмат гадоў будуем агульную Саюзную дзяржаву. І, канешне ж, не толькі для сябе, але і для нашых дзяцей і ўнукаў. Ужо сёння зразумела, што і беларусы, і рускія рухаюцца ў правільным кірунку.
Выбары ў Беларусі паказалі, што наш народ цалкам падтрымлівае Расію ў яе як магістральных, стратэгічных, так і ў паўсядзённых, больш прыземленых кірунках. «Мы ствараем унікальнае будаўніцтва ў выглядзе Саюзнай дзяржавы, прыкладаў якога не было ў гісторыі. Крочым няпройдзеным да нас шляхам, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка». А на такім шляху, канешне ж, не могуць не здарацца цяжкасці, памылкі. Ды й еўрапейскія «дэмакраты» пры зручным выпадку гатовы выконваць функцыі не гуманістаў, а драпежнікаў-пярэваратняў.
Змест сустрэчы ў Маскве, як заўсёды, аказаўся змястоўным і насычаным. Гаварылі і пра будаўніцтва другой беларускай АЭС, і пра ўзвядзенне высокахуткаснай чыгуначнай магістралі, і пра вытворчасць беспілотнікаў. Дзіўна, але яшчэ нядаўна ніхто і не думаў, што менавіта беспілотнікі могуць аказацца такімі запатрабаванымі як у ваенны, так і ў мірны час. Іх ужо даўно чакае аграпрамысловы комплекс.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў пабудаваць высокахуткасную магістраль да Мінска ці нават да Брэста. Дамовіліся і пра будаўніцтва завода па вытворчасці беспілотнікаў у Беларусі. Дамовіліся і пра больш эфектыўнае супрацоўніцтва і ў сферы інфармацыйных тэхналогій.
Зразумела, што абодва прэзідэнты не маглі не закрануць і тэму агульнай абароннай прасторы: мы ведаем, што калі грымне бяда і ў нашым доме, то Беларусь зможа разлічваць на дапамогу старэйшага брата. Адным словам, прэзідэнтамі быў падпісаны салідны пакет дакументаў: адбыўся абмен граматамі аб ратыфікацыі Дагавора аб гарантыях бяспекі ў межах Саюзнай дзяржавы.
У дакуменце гаворыцца, што Масква і Мінск «зыходзяць з цэласнасці прасторы Саюзнай дзяржавы», «разглядаюць узброенае нападзенне на дзяржаву-ўдзельніка як акт агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы ў цэлым і будуць прымаць адпаведныя меры ў якасці адказу». Такім чынам, з 13 сакавіка гэты дакумент ужо дзейнічае на прасторы Саюзнай дзяржавы.
Адзначым, што на беларускай тэрыторыі ўжо разгорнуты сумесная рэгіянальная групоўка войскаў, расійскія сучасныя абаронныя комплексы і тактычная ядзерная зброя. Усё гэта надзейна прыкрывае заходнія межы Саюза.
Наш Прэзідэнт прадкрэсліў, што Саюзная дзяржава паспяхова вырашае пытанні імпартазамяшчэння, супрацьстаіць вар’яцкім санкцыям. Але ўсялякія саладжавыя перамовы з ЗША ўжо нікога не змогуць падмануць… Расійска-беларускі тавараабарот ужо перавысіў адзнаку 50 мільярдаў долараў, на нацыянальныя валюты прыходзіцца ўжо больш 90% плацяжоў.
Важным пытаннем стала і патрыятычнае мерапрыемства – святкаванне саліднай юбілейнай даты – 80-годдзя Вялікай Перамогі. Аляксандр Лукашэнка даў згоду на ўдзел у святкаванні Дня Перамогі 9 мая ў Маскве. У парадзе на Краснай плошчы будзе браць удзел і групоўка Узброеных Сіл Беларусі. У гарадах Беларусі і Расіі пройдуць акцыі «Бессмяротны полк» і «Беларусь помніць».
Ужо многія дзесяцігоддзі Беларусь не ведае, што такое вайна. Аднак чым далей адыходзяць тыя крывавыя і жудасныя падзеі, тым больш імкліва «заморскімі дабрадзеямі» навязваюцца нам «новыя» варыянты гісторыі Вялікай Айчыннай. Больш за тое, у нас, нашчадкаў тых, хто цаной уласнага жыцця выратаваў свет ад фашысцкай навалы, спрабуюць адабраць галоўную святыню – Вялікую Перамогу. У ХХІ стагоддзі мы як ніколі ў адказе за праўду пра вайну! За памяць, якую павінны захаваць, каб урокі тых 1418 дзён і начэй, якія ў сувязі з апошнімі ваенна-палітычнымі падзеямі, асабліва на Украіне, з’яўляюцца надзвычай актуальнымі сёння. Каб ні нам, ні іншым пакаленням беларусаў больш ніколі не давялося ўбачыць у сваіх дамах рознага кшталту фашысцкіх прыблуд і нацысцкіх антыгерояў.
Спецыяльна для «СП» Канстанцін КАРНЯЛЮК
Комментарии