У сёлетняй выставе паўдзельнічалі госці з 20 краін – пісьменнікі, выдаўцы, аматары новых і старых кніг з розных краін. Гэтае мерапрыемства – шырока вядомае і папулярнае ва ўсім свеце. І ў той час, калі ЗША, Еўропа дбаюць толькі пра войны, мы, беларусы, клапоцімся пра гуманнасць, міралюбнасць, мірнае неба над галавой.
Лічу, што асаблівую важнасць сёлетняй ХХХII выставе надала падзея – 80-годдзе Вялікай Перамогі, якую хутка адзначыць усё прагрэсіўнае чалавецтва. Зразумела, што менавіта з гэтым юбілеем звязана мноства твораў як класікаў, так і аўтараў маладзейшых пакаленняў. Вельмі важна, каб і ў ХХІ стагоддзі ўдумлівае слова мастака найперш вызначала маральныя асновы беларуса і беларускі, выхоўвала пачуццё адказнасці за лёс Бацькаўшчыны, садзейнічала кансалідацыі грамадства перад крывымі і вар’яцкімі пагрозамі сучаснасці.
Паспяхова прайшоў на выставе і ХІ сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час». Не сакрэт, што сёння чытаюць многія. Аднак вельмі важна, каб людзі чыталі добрае і гуманістычнае, светлае і прыгожае, разумнае і мудрае. Бо сапраўдныя кнігі заўсёды накіраваны на захаванне гуманістычных асноў грамадства, гістарычнай праўды, згоды і справядлівасці на планеце Зямля. Не можа не абураць, што сёння ў свеце руйнуюцца помнікі Другой сусветнай вайны, робяцца шматлікія спробы перапісаць гісторыю вайны. Больш таго, «добрыя» заморскія цётачкі ды дзядзечкі імкнуцца руйнаваць і нашу памяць. А вось добрае праўдзівае слова пісьменніка здольна змагацца супраць усялякага кшталту фэйкаў і хлусні.
Беларусы – адна з самых кніжных, высокаінтэлектуальных нацый. А выстава-кірмаш ужо дзесяцігоддзі з’яўляецца адной з самых каларытных падзей у духоўным жыцці Айчыны, важнай пляцоўкай сяброўства, ўзаемапаразумення розных аўтараў з усяго свету. Менавіта тут і пачынае буяць перакладчыцкая літаратура.
Цікава, што паводле сацыялагічных даследаванняў, абсалютная большасць грамадзян, як і раней, аддаюць перавазе кнізе ў друкаваным выглядзе (88,3%), тады як электронныя і аўдыёварыянты выбіраюць толькі 8,5% і 0,9% рэспандэнтаў адпаведна. Так што сарафаннае радыё пра хуткую смерць традыцыйнай кнігі яшчэ зусім рана ўключыла свае фэйкавыя перадачы!
Сярод найбольш папулярных беларускіх аўтараў суайчыннікі назвалі Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Якуба Коласа, Янку Купалу, Максіма Багдановіча і Івана Шамякіна. Сярод найбольш цікавых твораў рэспандэнты адзначылі «Дзікае паляванне караля Стаха», «Людзі на балоце» («Палескую хроніку»), «Каласы пад сярпом тваім», «Чорны замак Альшанскі», «Жураўліны крык». Зусім невыпадкова Уладзімір Караткевіч адзначаў: «Кожную кнігу трэба пісаць так, нібы гэта твая лепшая і апошняя».
На выставе можна было набыць і новыя кнігі пра генацыд беларускага народа ў Вялікую Айчынную вайну. І наогул наша айчынная літаратура мае непарыўную традыцыйную сувязь з працэсам выхавання. І ў значнай частцы гэта тычыцца багата прадстаўленай на кірмашы літаратуры для моладзі.
Нельга не сказаць тут і пра яшчэ адну навінку – тэматычны зборнік «Званоў перазвон», які прысвечаны 80-годдзю Хатынскай трагедыі. Гэта духоўная памяць аб ахвярах Хатыні і іншых вёсачак Міншчыны, спаленых у вайну. Удзел у гэтым важным праекце прынялі ажно тры дзясяткі паэтаў, празаікаў і публіцыстаў. Гэтая кніга будзе цікавая суайчыннікам усіх узростаў.
Вельмі важна, каб добрыя кнігі хутчэй траплялі ў бібліятэкі ўстаноў адукацыі і культуры. Мне думаецца, што дзіцячыя сады, школы, каледжы, універсітэты – гэта якраз тыя цэнтры духоўнага і маральнага грамадзянскага станаўлення падрастаючага пакалення, дзе менавіта Кніга ў якасці надзейнага сродку дастойнага выхавання запатрабавана ў першую чаргу. І таму вялікую справу робяць тыя навучальныя ўстановы, якія арганізоўваюць шматлікія сустрэчы з пісьменнікамі сваёй малой радзімы, іншых рэгіёнаў.
Нам усім разам неабходна актыўна папулярызаваць творчасць класікаў нацыянальнага прыгожага пісьменства. Вельмі добра, што ў Беларусі стала запатрабаванай рэспубліканская акцыя «Лета з добрай кнігай». Скончыць мне хацелася б залатымі мудрымі слоўцамі Янкі Брыля: «Калі я чытаю добрую кнігу, не папракайце мяне ў гультайстве. Не хочаце прызнаць, што я працую, дык думайце, што я малюся – Слову».
Спецыяльна для «СП» Канстанцін КАРНЯЛЮК
Комментарии