Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Копыляне – об Основном Законе страны

15.03.2025

15 сакавіка 1994 года была прынята першая Канстытуцыя суверэннай Беларусі. З таго дня прайшло больш за тры дзесяцігоддзі. Тры гады мы жывём паводле абноўленай Канстытуцыі. Змяненні і дапаўненні ў Асноўны Закон краіны былі прыняты на рэспубліканскім рэферэндуме 27 лютага 2022 года. Канстытуцыйныя прынцыпы дазваляюць захоўваць стабільнасць і развіццё ў краіне. Такое меркаванне выказалі жыхары Капыльшчыны падчас бліц-апытання і адзначылі, што з вялікай павагай ставяцца да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Наталля ГАРБАЦЭВІЧ, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:

– Я паважаю сваю краіну і законы, па якіх мы жывём. А значыць, і Асноўны Закон беларускай дзяржавы. Гэты дакумент увабраў у сябе памяць продкаў, якія перадалі нам любоў і павагу да Айчыны, веру ў дабро і справядлівасць. У той жа час Канстытуцыя – гэта наша адказнасць за сваю Радзіму перад цяперашнім і будучымі пакаленнямі.                                                                                                                                                                                                                                                                                                              Для мяне Канстытуцыя – права свабодна жыць і працаваць на роднай зямлі, выхоўваць дзяцей. Гэта гарант парадку і справядлівасці ў нашай краіне, гарант нашых правоў і свабод. Я спакойная, бо ведаю, што знаходжуся пад абаронай дзяржавы. Сёння мы жывём у краіне, дзе пануюць мір і спакой, дзе вялікая ўвага надаецца моладзі і падрастаючаму пакаленню, дзе на першым месцы стаіць клопат пра чалавека, імкненне будаваць моцную, незалежную і квітнеючую Беларусь.

Сяргей ЦІМАШЭНКА, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Капыльскага дзяржаўнага каледжа:

– Я вырас у сям’і, дзе асновай былі любоў да Радзімы і патрыятызм. Мае бацькі заўсёды вучылі нас паважаць краіну, у якой жывём, і яе законы. Канстытуцыя якраз і з’яўляецца тым дакументам, які вызначае аснову дзяржаўнага ладу, рэгулюе ўсе сферы жыцця краіны: эканамічную, палітычную, сацыяльную, духоўную. Дзякуючы Канстытуцыі мы жывём і працуем у краіне, дзе ніхто не можа абмежаваць нашы правы. А яны гэтак жа, як і абавязкі, дакладна прапісаны ў Асноўным Законе.                                            Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь дастаткова маладая, пастаянна ўдасканальваецца і ідзе ў нагу з часам. У 2022 годзе адбыўся рэспубліканскі рэферэндум, у выніку якога ў Асноўным Законе з’явіліся новыя главы, якія адлюстроўваюць гістарычную праўду і дазваляюць нам памятаць усё, праз што прайшла наша краіна.                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                            У сілу свайго цяперашняга прафесійнага абавязку магу сказаць, што ў апошні час нашы дзеці прыкметна больш сталі цікавіцца гісторыяй роднай дзяржавы, творцамі якой былі іх бацькі, дзяды і прадзеды. Каштоўна, што ў нашай краіне робіцца ўсё, каб зберагчы гістарычную памяць, і вельмі своечасова ў дзяржаве быў зроблены на канстытуцыйным узроўні крок, каб не дапусціць забыцця. Важна выхоўваць патрыётаў, каб захоўваць мір і незалежнасць.

Людміла САЛАНОВІЧ, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства СШ №3 г. Капыля:

– Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – гэта важная падзея ў жыцці народа, які стагоддзямі абараняў права быць самастойным і незалежным іграком на палітычнай карце свету не толькі на паперы, але і ў рэальным жыцці.
27 лютага 2022 года ў Беларусі прайшоў рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у асноўны дакумент нашай краіны. У выніку падвергліся карэкціроўцы прэамбула і 85 артыкулаў, з’явіліся 11 новых артыкулаў, выключаны два. Таксама Асноўны Закон быў дапоўнены новым раздзелам «Усебеларускі народны сход». Апошняе, на маю думку, з’яўляецца яшчэ адной важнай вехай у палітычным плане, адлюстроўвае жаданне народа пісьменна кіраваць дзяржавай, разам знаходзіць кропкі для росту і развіцця, паслядоўна імкнуцца да іх дасягнення. Новы орган улады закліканы спалучыць у сабе найбольш важныя для грамадства ідэі і напрамкі рэалізацыі свайго суверэнітэту на практыцы.
Канстытуцыя замацоўвае неад’емныя свабоды і правы кожнага грамадзяніна незалежнай дзяржавы, закладвае асновы фарміравання і выхавання сапраўднага патрыёта: здольнага абараніць сваю краіну, працаваць на карысць усяго народа, выкарыстоўваць магчымасці для самарэалізацыі і самаідэнтыфікацыі сябе ў сучасных умовах развіцця інфармацыйнай прасторы.


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей