Абмеркавалі надзённыя пытанні
З удзелам пракурора Капыльскага раёна Віталя Афанасенкі і намесніка начальніка Капыльскага РАНС Вадзіма Мардасевіча адбылося пасяджэнне Савета грамадскага пункта аховы правапарадку. Падчас пасяджэння абмеркаваны пытанні п’янства і алкагалізму насельніцтва, а таксама паводзіны ў пажаранебяспечны перыяд. На сустрэчу былі запрошаны грамадзяне, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, а таксама тыя, хто знаходзіцца на розных відах уліку.
Віншавалі жанчын
Святочны канцэрт «Наши любимые 23+8» завітаў у Грозаўскі сацыяльны пансіянат «Ліпавы рай». Валанцёры дабрачыннага фонду «Спірас» стварылі для жанчын шыкоўныя вобразы, якія яны прадэманстравалі ўсім са сцэны. У гэты дзень прайшла забаўляльная конкурсная праграма, гучалі песні і добрыя пажаданні для самай прыгожай паловы чалавецтва.
Пазнавальныя школьныя будні
Акрамя вучобы вучні Камсамольскай сярэдняй школы наведваюць цікавыя і значныя месцы Капыльшчыны, а таксама сябруюць з Законам. Так, зусім нядаўна яны наведалі раённы міні-цэнтр бяспекі МНС у г. Капылі. Вучні вывучылі правілы пажарнай бяспекі і таксама даведаліся аб аказанні першай медыцынскай дапамогі. Цікавай была паездка і ў раённы краязнаўчы музей. Акрамя гэтага, бібліятэкар Камсамольскай сельскай бібліятэкі-клуба Сняжана Цішчанка падчас акцыі «Сябруем з законам» правяла класную гадзіну «Оскорбление и обида» (на здымку).
Веснавое свята запрашала
У «Доме надзеі» ў аграгарадку Грозава адбылося веснавое свята. Так, бібліятэкар Грозаўскай сельскай бібліятэкі Таццяна Нераненя сумесна з інспектарам ТЦСАН Аленай Абрамовіч і ўдзельнікамі клуба «Пераходны ўзрост» арганізавалі для пражываючых віншавальную паштоўку «Для самых абаяльных і прывабных» (на здымку).
Комментарии