Для мяне матчына мова буяе не толькі ў гэтую дату, яна жыве са мной на працягу ўсяго жыцця. І як агідна, што некаторыя суайчыннікі зрабілі з мовы мёртвую латынь, стаўшы манкуртамі, нават здраднікамі Айчыны, людзьмі перакаці-поле… А для таго, каб палюбіць па-сапраўднаму роднае, палюбіць мову, трэба штодзённа думаць і размаўляць па-беларуску, імкнуцца стаць патрыётам, чытаць лепшыя творы нацыянальнага прыгожага пісьменства. Запрашаць на мерапрыемствы пісьменнікаў, часцей наведваць кнігарні, грамадскія бібліятэкі, актыўна збіраць хатнія, сямейныя бібліятэкі.
Сёння мне захацелася звярнуцца да духоўнай спадчыны літаратурнай Капыльшчыны. Наша мужная і прыгожая зямля дала свету многіх таленавітых і знакамітых творцаў. А яны ў сваю чаргу падарылі нам лепшыя ўзоры беларускай літаратурнай мовы, стварыўшы шэдэўры. Так што роднае слова можна вывучаць і па творах землякоў.
Кузьма Чорны (1900–1944) – ураджэнец вёсачкі Борка-Бялевічы. Выступіў як празаік, драматург, публіцыст. Скончыў Цімкавіцкае народнае вучылішча. Вучыўся на літаратурным аддзяленні педфакультэта БДУ. Працаваў галоўным літкансультантам кабінета маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР. Браў удзел у выданні газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну».
У 1945 годзе выйшла яго кніга пад сімвалічнай назвай «Вялікае сэрца». І сэрца самога творцы было велізарным. Білася для людей, дзеля росквіту беларускага народа, яго культуры, духоўнасці, мовы. Аўтар, які выйшаў з самай гушчы народа, ніколі не здраджваў яму. За сваё невялікае жыццё ён нібы спяшаўся падслухаць стук сэрцаў мільёнаў суайчыннікаў. Яму належыць афарызм «Чалавек – гэта цэлы свет». І ў гэты свет Кузьма Чорны не стамляўся паглыбляцца да апошніх дзён жыцця.
Паэт-песеннік Анатоль Астрэйка (1911–1978) – ураджэнец вёскі Пясочнае. Ён скончыў двухгадовыя настаўніцкія курсы пры Мінскім педтэхнікуме. Вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага педінстытута. У Вялікую Айчынную вайну быў адказным сакратаром газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». З’яўляўся адказным сакратаром папулярнага часопіса «Вожык», выдання, якое зрабіла надзвычай многа для фарміравання сатырычнага стылю ў роднай літаратуры. Дарэчы, выданне такама прапагандавала толькі беларускую мову!
Сяргей Астрэйка (1913–1937) – ура-джэнец вёсачкі Каласаўшчына. Праявіў сябе як паэт, перакладчык. Скончыў Капыльскую сямігодку, затым вучыўся ў Мінскім педагагічным тэхнікуме. З’яўляўся навуковым супрацоўнікам Інс-тытута літаратуры і мастацтва БелАН. Шмат часу ўдзяляў працы ў Камісіі па складанні слоўнікаў. Вершы пачаў пісаць яшчэ падчас навучання ў сямігодцы. Па рэкамендацыі Цішкі Гартнага вершы земляка з’явіліся ў папулярнай газеце «Чырвоная змена».
Алесь Адамовіч (1926–1994) – ураджэнец вёскі Канюхі. Гэта пісьменнік-патрыёт, гуманіст. Ён выступіў і як навуковец, доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР. А ў сваіх раманах і дакументальных аповесцях скрупулёзна даследаваў праблемы захавання духоўнай спачыны беларускага народа. Творца выступаў за захаванне дзяржаўнага суверэнітэту, духоўнае адраджэнне Айчыны і нацыі. Паняцце «Бацькаўшчына» заўсёды квітнела, буяла ў яго сэрцы. І творы Алеся Адамовіча сталі аўтабіяграфічнымі. Разам з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам яны аб’ехалі ўсю Беларусь з магнітафонам, пабывалі ў сотнях спаленых вёсак. Творцы апыталі і запісалі больш за трыста сведкаў жудаснай ваеннай трагедыі. Гэтыя народныя навелы сталі асновай дакументальнай кнігі «Я з вог-неннай вёскі». Яна перакладзена на многія замежныя мовы.
Мікалай Новік нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы Дубейкі. Скончыў Грозаўскую школу, філалагічны факультэт БДУ па спецыяльнасці «беларуская і руская мова і літаратура». Затым была аспірантура пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Абараніў кандыдацкую дысертацыю па філалогіі «Лексіка Статута ВКЛ 1588». Усё жыццё таленавіты зямляк цікавіцца гісторыяй і культурай беларускай літаратурнай мовы.
Так што, сябры, Дзень роднай мовы – гэта не проста адзнака ў календары. Гэта добрая нагода пачаць сур’ёзна і скрупулёзна знаёміцца з багатай спадчынай творцаў Бацькаўшчыны. А сустрэча з добрай кнігай – заўсёды свята для неабыякавага чытача.
«Трэба заўсёды вывучаць сваю мову. Прыслухоўвацца да народных гутарак», – такі запавет перадаў нам у спадчыну легендарны аўтар Кузьма Чорны. А прыслухоўвацца да вялікіх людзей трэба абавязкова!
Спецыяльна для «СП»
Канстанцін КАРНЯЛЮК
Комментарии