Home
Воскресенье 06.04.2025 16:04

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Жизнь и строки оборвала война: рассказываем о поэте-юбиляре с Копыльщины

22.02.2025

22 лютага адзначаецца 105-годдзе з дня нараджэння ўраджэнца Капыльшчыны, таленавітага паэта Аляксея Ігнатавіча Коршака. Творцу наканавана было пражыць усяго 25 гадоў. Аднак і за такі кароткі час ён паспеў пакінуць значны след на роднай зямлі і ў літаратурнай спадчыне краіны.

Першыя крокі ў паэзію Аляксей Коршак рабіў на старонках раённай газеты «Калгаснік Капыльшчыны». На жаль, пазней многа напісаць не давялося – яму наканавана было стаць адной з ахвяр ваеннага ліхалецця. Аднак засталіся творы, прасякнутыя нясцерпным болем трагедыі і ў той жа час гонарам за мужнасць беларускага народа.

Пра бесклапотнае дзяцінства…

22 лютага 1920 года ў в. Вуглы на свет з’явіўся будучы паэт. Закончыў сямігодку ў Доктаравічах, потым стаў вучнем Капыльскай сярэдняй школы (зараз гімназія № 1 г. Капыля), дзе атрымаў добрую літаратурную падрыхтоўку.

Тут Аляксей моцна захапіўся творчасцю Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і іншых беларускіх паэтаў. Быў ініцыятарам выпуску рукапіснага літаратурнага часопіса «Юнае племя», прымаў удзел у рабоце літаратурнага гуртка.

Яшчэ падчас вучобы ў школе паспрабаваў свае сілы ў паэзіі. У адным з яго твораў – сатырыка-гумарыстычнай паэме «Капрызы фартуны» – было і прысвячэнне Капылю:

Капыль! Капыль! Мой любы дружа,
Люблю я строгі выгляд твой,
Твайго нардому корпус дужы,
Сады з зялёнаю ліствой.

…і творчае юнацтва

Пасля спробы пяра ў раёнцы неўзабаве пачаў друкавацца і ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях. Прычым, па сведчаннях сяброў, над паэтычным радком малады аўтар працаваў старанна і настойліва, не адпраўляў іх у рэдакцыю «сырымі».

У 1938–1941 гг. вучыўся ў Мінскім педагагічным інстытуце імя М. Горкага. З вершамі і рэцэнзіямі выступаў у друку, у асноўным на старонках газеты «Літаратура і мастацтва». Быў намеснікам рэдактара інстытуцкага рукапіснага часопіса «Наша творчасць».

Маладое жыццё віравала. Паэт поўніўся марамі аб чалавечым шчасці. Вучоба ў інстытуце давалася лёгка, заняткі былі ў задавальненне. Але мірнае існаванне абарвала фашысцкая навала. Пачалася Вялікая Айчынная вайна, якую Аляксей сустрэў у Мінску. Пазней вярнуўся да бацькоў, некаторы час працаваў настаўнікам. Паўсюдна лілася кроў, пакутавалі людзі, палала знявечаная беларуская зямля. I гэты боль, вялікая чалавечая трагедыя знайшлі сваё адлюстраванне ў творчасці Коршака. Разам з тым паэт цвёрда верыў у вызваленне роднай зямлі.

Навек застаўся маладым

У Чырвоную Армію Аляксей Коршак быў прызваны ў 1944 годзе. Яму ледзь споўнілася 25, як варожая куля абарвала яго жыццё. Гэта здарылася ў адным з баёў ва Усходняй Прусіі, пад паселішчам Ласлейндорф, 27 лютага 1945 года, калі да вясны заставаўся ўсяго адзін дзень, а да Вялікай Перамогі – крыху больш за два месяцы. Але нават там, у самым пекле, смелы франтавы разведчык не забываўся пра паэзію, вёў перапіску з сябрамі, цешыў сябе надзеяй, што вось-вось усё закончыцца і можна будзе спаўна аддацца літаратурнай працы. На жаль, так не сталася.

Памяць жыве

З творчай спадчыны нашага земляка для нашчадкаў застаўся шэранькі блакнот, густа спісаны чырвонымі чарніламі. Ён спачатку трапіў у рукі сяброў Аляксея – Сцяпана Александровіча і Міколы Аўрамчыка, а ў 1963 годзе выйшаў з друку ў выглядзе невялічкага, сціпла аформленага паэтычнага зборніка «Апаленыя пялёсткі». Кожны верш гэтага зборніка вызначаецца светлым лірызмам, высокімі мастацкімі якасцямі. Гэта творы пра шчырае сяброўства, улюбёнасць у жыццё, франтавыя будні, красу маладосці. Яны адразу бяруць за жывое, наводзяць на глыбокі роздум. Пад такой жа назвай выдавецтва «Мастацкая літаратура» ў 1991 г. выпусціла яшчэ адзін зборнік Аляксея Коршака. У ім найбольш поўна прадстаўлена творчая спадчына, а таксама змешчаны ўспаміны пра паэта.

Імем Аляксея Коршака названа адна з вуліц горада Капыля, а на гімназіі № 1 устаноўлена мемарыяльная дошка, прысвечаная знакамітаму земляку. Памяць аб таленавітым аўтары з Капыльшчыны перадаецца з пакалення ў пакаленне падчас правядзення тэматычных мерапрыемстваў і выстаў, што ладзяцца ва ўстановах адукацыі і культуры раёна.


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей