Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Уроженец Копыльщины Николай Гуринович: «Я люблю свой народ!»

23.02.2025

Радзіма для кожнага чалавека пачынаецца з роднай прыроды, бацькоўскай хаты, дзе прайшло яго дзяцінства, сцяжынкі, якая вяла да храма навукі, і тых, хто даў пуцёўку ў жыццё.

Мне пашчасціла сустрэцца з ветэранам Дальняй авіяцыі Мікалаем Гурыновічам. Кожнае яго слова было прасякнута любоўю да роднай зямлі і людзей:

– Цягне на Радзіму заўсёды! Праязджаючы мяжу – хвалявання не суняць, адразу адчуваеш, што ты дома. Чыстая, светлая, прыгожая краіна. Мне даводзілася бываць у многіх месцах, але адносіны беларусаў да людзей – гэта нешта асаблівае. Калі чалавек трапіў у бяду – беларусы заўсёды адчыняць дзверы, напояць і накормяць, дадуць прытулак. Вось за гэта я люблю свой народ!

Мікалай Гурыновіч заўсёды з вялікай удзячнасцю за глыбокія веды і выхаванне узгадваў сваіх педагогаў: Леаніду Любецкую, Генадзя Сухната, Таццяну Лучыновіч, Тамару Дзенісюк, Аляксандра Кандыбовіча і інш. На ўсё жыццё запомнілася яму ваенная выпраўка, дысцыплінаванасць і культура паводзін дырэктара школы, былога франтавіка Івана Трацэўскага. Толькі мала хто ведае, колькі хлопцу з невялікай капыльскай вёскі Падгорцы прыйшлося папрацаваць, выяўляючы неймаверную стараннасць, цярпенне і зайздросную мэтанакіраванасць, каб дасягнуць пастаўленай мэты.

Мікалай Канстанцінавіч Гуры-новіч, будучы палкоўнік ВПС Расіі, нарадзіўся ў мнагадзетнай сялянскай сям’і. З дзяцінства марыў стаць лётчыкам. Пасля заканчэння Слабадакучынскай СШ у 1971 годзе Мікалай праходзіў медыцынскую камісію ў Сызранскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча. Здарыўся казус: памылка кардыёлага не давала права лятаць на самалётах. Але поўны надзей і імкненняў абітурыент рашыў не адступаць: паспяхова вытрымаў экзамены ў Васількоўскае ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча імя 50-годдзя ЛКСМ Украіны. У час гутаркі сказаў, што ўсе прадметы будзе здаваць на роднай мове. Прыёмная камісія пайшла насустрач і знайшла ўсё ж выкладчыка, які валодаў беларускай мовай. Юнак сдаў фізіку і матэматыку на пяцёркі, а апошні экзамен – сачыненне – яму залічылі «аўтаматам» за добрыя веды. Мікалай скончыў вучылішча на выдатна і па размеркаванні трапіў ў Галоўны штаб ВПС СССР. Затым ён працаваў на заводзе імя Антонава ў Кіеве. Мара лятаць збылася пасля праходжання перападрыхтоўкі ў Разанскім лётным вучэбным цэнтры. Урачы прызналі мінулую медыцынскую памылку і далі дазвол на палёты.

Паслужны спіс палкоўніка Гурыновіча наступны: старшы тэхнік дальняй авіяцыі, тэхнік авіяцыйнага звяна, бартавы інжынер. У Галоўным штабе Мікалай служыў на пасадзе старшага бартавога інжынера. Лятаў на самалётах розных тыпаў, на ТУ-95 МС аблятаў усю Расію – Далёкі Усход, Сібір, Паўночны Каўказ. За 20 гадоў палётаў ён правёў у паветры звыш 5000 гадзін, здзейсніў больш за 100 скачкоў з парашутам. Трапляў і ў экстрэмальныя сітуацыі, калі адказваў рухавік, узнікаў пажар, адкрываліся аварыйныя люкі, прыходзілася катапульціравацца. Дзякуючы высокаму ўзроўню інжынерна-тэхнічнай падрыхтоўкі, глыбокаму веданню авіяцыйнай тэхнікі і багатаму вопыту лётнай работы быў вылучаны на пасаду інспектара службы бяспекі палётаў 37-й паветранай арміі Вярхоўнага Галоўнага камандавання стратэгічнага прызначэння. На гэтай пасадзе ён завяршыў 30-гадовую ваенную службу, унёсшы вялікі ўклад у прафілактычную работу па забеспячэнні бяспекі палётаў у лётных часцях.

За бездакорнае выкананне воінскага абавязку палкоўнік Гурыновіч удастоены ордэна «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» ІІІ ступені, медалёў «За баявыя заслугі», «За бездакорную службу» І, ІІ, ІІІ ступеней, «Ветэран Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі» і інш. У 2000 годзе Указам Прэзідэнта РФ яму прысвоена званне «Заслужаны ваенны спецыяліст Расійскай Федэрацыі».

Мікалай Гурыновіч дасягнуў многага, але заўсёды перажываў за вясковых хлопцаў. Як цяжка ім прабіцца ў жыцці? Афіцэр, ардэнаносец, ён заўсёды заставаўся сціплым і роўным сярод простых людзей. Кожны год наведваў родныя Падгорцы. Хацелася чым больш дапамагчы бацькам па гаспадарцы. У час водпуску паспяваў нарыхтаваць сена для каровы, дровы на зіму, паправіць дах і плот. Яго бацькі, Канстанцін Рыгоравіч і Зінаіда Антонаўна, прайшлі нацысцкі канцлагер у Германіі, часта хварэлі, але Мікалай заўсёды знаходзіў час вырвацца на некалькі дзён на радзіму або перадаць пасылку з падарункамі і лекамі. Калі 85-гадовы бацька цяжка захварэў, сын забраў яго ў Маскву, даглядаў, прывозіў кваліфікаваных урачоў, лячыў у прэстыжнай клініцы, аддаючы даніну павагі і выконваючы свой сыноўні доўг.

Шматгадовая ваенная служба істотна адбілася на стане здароўя нашага земляка. У 2021-м на 67 го-дзе жыцця яго не стала. Памяць аб знакамітым земляку ўвекавечана ў кнізе Уладзіміра Сапёрава «Ядзерны шчыт Расіі» і музеі імя І. С. Трацэўскага ў Слабадакучынскай СШ.

Барыс ДЗЕНІСЮК,
член Беларускага саюза афіцэраў


Слава працы Автор:

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/36066-urozhenets-kopylshchiny-nikolaj-gurinovich-ya-lyublyu-svoj-narod#sigProId3f7654ca74
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей