У народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча ёсць роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове, аб’яднаныя ў кніжцы «Любоў прасветлая». Яна пісалася ім на працягу ўсяго жыцця. Галоўная тэма: родная мова. Вельмі цікавыя разважанні, адчуваецца вялікая любоў да роднага слова, гонар за яго высокія прыродныя вартасці, радасць ад карыстання ім, боль за яго прыніжэнне, горыч за здраду яму саміх жа беларусаў. І непахісная вера, што яму, вялікаму і магутнаму роднаму слову, жыць вечна...
А як часта мы размаўляем па-беларуску? Ды, наогул, ці часта чуем яе? Успомнілася мне вяселле майго ўнука. Госці – моладзь, моладзь… Сталыя людзі – толькі дзве бабулі, адзін дзед ды бацькі. Мова – толькі па-руску. А цяпер, чытач, здагадайся, чаму маё віншаванне закончылася апладысментамі? А ўнук сказаў: «Ну, бабуля, малайчына! Было так здорава!» Вядучы ж усё распытваў, ці доўга я рыхтавала гэтае незвычайнае віншаванне. Дык вось у чым быў сакрэт – у беларускай мове. Усіх уразіла наша «трапяткое, жывое» чыстае слова. Прыслухаліся, успомнілі, зразумелі, неяк нават развесяліліся – і аддзячылі апладысментамі. Паверце, гэта быў самы шчаслівы момант у маім старэчым жыцці!..
А я хачу выказаць падзяку нашай раёнцы, рэдакцыі газеты. З імі можна паразважаць аб шчасці, аб жыцці-быцці. І знайсці разуменне. А яшчэ дзякуй неабыякаваму чытачу, які правільную ацэнку дае і газеце, і яе карэспандэнтам.
Валянціна САЎЧАНКА, ветэран педагагічнай працы
Комментарии