Вершы ўдзельнікаў літаратурнага аб’яднання «Вясёлка».
Ніна КРАЎЧАНКА
Мова беларуская
Вы паслухайце, паслухайце,
Як мова беларуская гучыць.
Як ручаёк бяжыць да рэчкі,
На каменчыках журчыць.
Як шапаціць калоссе ў полі
І ветрык гойдае вярбу.
І бусел белымі крыламі
Зноў ахіне маю журбу.
Як трапяткія сонца промні
Пранізваюць густы туман.
І святло далёкай поўні
Падобна на міраж, падман.
Як кропелькі расы на кветках
Іскрыстаю вясёлкай зіхацяць,
Так мова наша родная жыве
І ніхто не здолее яе ў нас адабраць.
Ядвіга МАЛЕВІЧ
Родная мова
Забываюць мову беларускую
Беларусы, шукальнікі свайго «я».
Карабаватая яна ці вузкая
Для разумення нас на планеце Зямля?
Для ўсіх краін свая не шумавінне,
Якое б чарпаком скідаць у вядро.
Мы ганарыцца сваёй моваю павінны –
Яна Айчыны нашае ядро!
Усе мовы ў павазе,
Ды толькі роднай быць у перавазе!
Каб наша родная мова гучала –
Не скідайце яе з размоўнага п’едэстала!
Марына КОРШУК
Нашы словы
У нашай мове
беларускай роднай
Ёсць словы
для пяшчоты і натхнення,
Ёсць словы для гаворкі моднай
Для моладзі,
для новых пакаленняў.
Мы словы родныя ўжываем,
Каб выразіць нягоду,
зайздрасць.
У запасе моўным словы маем,
Каб паказаць і злосць,
і ўпартасць.
Але найбольш любімымі,
жывымі
Мы лічым словы ласкі, дабрыні,
Што дапамогуць нам
дарогамі любымі,
Узляцець на шчасця крылах
да нябеснай вышыні.
На гэтых крылах завітаць
да маці,
Абняць яе, сказаць:
«Люблю цябе!»
І словамі падзякі ў роднай хаце
Пацалаваць ікону толькі за яе.
Не трацьце часу
на худыя словы,
На словы,
што не могуць акрыліць,
А беражыце тыя словы
роднай мовы,
З якімі нашы беларусы
будуць жыць.
Алена РАЗУМОЎСКАЯ
Ад юнацтва душой прыкіпела
Ад юнацтва душой прыкіпела,
Назаўжды прыжылася я з ёй,
Мая родная слаўная мова –
Не магу наталіцца табой.
Мілагучная сэрца кранае
Ды па родных мясцінах вядзе
Майго любага, добрага краю,
Гучыць песняй
яна ў грамадзе.
Мова спраўная зоркі чапляе –
Наталі ты мяне, гучны спеў.
Нават Колас і Янка Купала
Гэтай мовай не раз яго грэў.
Чую верш калі Багдановіча,
Так зайграюць
званочкі ў душы!
Прыемным здаецца відовішча
Ад уяў і ад слоў смакаты.
Гэта волаты роднага слова,
Беларусі адзінай сыны.
Ганарыцца заўсёды гатова.
Мова дзіўная, лепшая ты!
Алена РАЗУМОЎСКАЯ
Хлеб
Я бохан хлеба нясу ў руках,
Скарынкі свежай салодкі пах.
Глытаю сліну, казыча нос –
Нясу ўспамінаў дзіцячых стос.
Не мовіць студзень
мне пра мароз,
Адлігі зноўку
працяглы крос.
Не заўважаю – я хлеб нясу,
Жыццё трымаю, яго вясну!
Без хлеба – гора, альбо – бяда,
Няхай ён будзе заўсёды для
Майго натхнення
багаццем дня –
Адвеку родзіць яго зямля.
Я бохан хлеба нясу ў руках.
Мой хлеб надзённы,
жыві ў вяках,
Як гэта неба,
што Божы дар,
Здабыты ў працы
хлеб-гаспадар.
Комментарии