Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Распределение со слезами на глазах: все ли так печально?

18.02.2025

У студэнтаў выпускных курсаў прайшло папярэдняе размеркаванне. І многія любяць дзяліцца сваімі эмоцыямі ў сацыяльных сетках: куды накіравалі, ці апраўдаліся пажаданні, як далёка ад родных мясцін.

Нядаўна ў TikTok з’явілася відэа студэнткі Пінскага медыцынскага каледжа, якая падзялілася перажываннямі аднагрупніц з нагоды размеркавання. Замест чаканых Брэста ці Пінска, а ў кагосьці і Мінска, іх накіравалі ў невялікія аграгарадкі на ФАПы. Дзяўчына прызналася, што адчувае расчараванне і трывогу: яе палохаюць адсутнасць звык-лай інфраструктуры, абмежаваныя магчымасці для вольнага часу і перспектыва працы ва ўмовах, далёкіх ад ідэальных.

Яе эмоцыі зразумелыя. Маладыя спецыялісты часта мараць пра старт кар’еры ў буйных гарадах, дзе ёсць магчымасці для прафесійнага росту і асабістага жыцця. Аднак у каментарыях дзяўчыну падбадзёрвалі: праца ў аграгарадку – гэта не тупік, а ўнікальны шанец атрымаць бясцэнны вопыт, які стане падмуркам для будучых дасягненняў.

Практыка замест тэорыі

У невялікіх населеных пунктах маладыя спецыялісты часта сутыкаюцца з задачамі, якія ў горадзе дэлегуюць вузкапрофільным калегам. Няма падзелу на «ваша» і «маё». Гэта каштоўны вопыт, які загартоўвае характар і правярае майстэрства спецыялістаў. Ва ўмовах абмежаваных рэсурсаў і невялікага штату супрацоўнікаў маладыя медыкі хутка асвойваюць шырокі спектр абавязкаў. Напрыклад, фельчар у аграгарадку можа адначасова быць і тэрапеўтам, і акушэрам, і нават псіхолагам для сваіх пацыентаў. Такі вопыт дазваляе не толькі глыбей зразумець прафесію, але і развіць гнуткасць мыслення, якая спатрэбіцца ў любой сферы.

Камунікацыя – ключ да даверу

У маленькіх супольнасцях медыкі хутка становяцца «сваімі». Уменне знаходзіць агульную мову з рознымі людзьмі – ад пажылых вяскоўцаў да маладых бацькоў – надзвычай важнае. Пацыенты цэняць шчырасць. Калі ты заслужыш іх павагу – рэкамендацыі і падтрымка забяспечаны.

Праца ў аграгарадку вучыць не толькі медыцынскім навыкам, але і мастацтву зносін. Маладыя спецыялісты вучацца слухаць, суперажываць і знаходзіць падыход да кожнага пацыента. Гэтыя навыкі, незаменныя ў любой прафесіі, звязанай з людзьмі, і дапамогуць у будучыні, нават калі вы вырашыце змяніць сферу дзейнасці.

Добрыя водгукі – квіток у будучыню

Упартасць і прафесіяналізм у складаных умовах не застаюцца незаўважанымі. Добрыя водгукі ад кіраўніцтва і мясцовых жыхароў дапамагаюць пры новым працаўладкаванні або паступленні ў ВНУ. Адказныя і мэтанакіраваныя спецыялісты высока цэняцца ў любой арганізацыі, і рэкамендацыі з першага месца працы могуць стаць вашай канкурэнтнай перавагай.

Час на самавызначэнне

Год-два працы – ідэальны тэрмін, каб праверыць свае сілы і зразумець, у якім кірунку развівацца. Многія пасля аграгарадкоў выбіраюць вузкія спецыялізацыі: ад педыятрыі да хірургіі. Праца ў раёне дазваляе не толькі набрацца вопыту, але і лепш зразумець свае інтарэсы і здольнасці. Гэты час можна выкарыстоўваць для падрыхтоўкі да паступлення ў ВНУ або для пошуку сваёй нішы ў медыцыне.
Праца ва ўмовах, дзе не заўсёды ёсць доступ да сучаснага абсталявання і лекаў, развівае крэатыўнасць і ўменне хутка прымаць рашэнні. Гэтыя навыкі, незаменныя ў любой прафесіі, і дапамогуць вам вылучыцца сярод калег.

Не медык, але таксама студэнт

Глядзела я на ўсе гэтыя слёзы як чалавек, які адлічвае дні да атрымання дыплома і... адпрацоўкі на роднай Капыльшчыне. За чатыры гады вучобы многа разоў чула ад аднакурснікаў, што «ў Мінску ўся сіла». Выкладчыкі ківалі галавой, а рэдактары абласных і рэспубліканскіх СМІ пераключаліся на іншых слухачоў лекцыі пасля пытання да мяне пра размеркаванне. Хоць я не бачу ў гэтым ніякай праблемы. Перыферыя – гэта не перашкода, а добрая прыступка ў кар’ернай лесвіцы маладога спецыяліста. Выдатны шанец праверыць свае навыкі камунікацыі, асвоіць новую тэму, а таксама паказваць мясцовым жыхарам погляд на малую радзіму сваімі вачыма. А калі баіцеся працы ў невялікім раёне, то ці ўпэўнены вы, што вас чакаюць дзесьці ў сталіцы ці абласным цэнтры? Усё жыццё яшчэ наперадзе – а маленькі горад дапаможа вам.

Першае размеркаванне – толькі пачатак шляху, а не прысуд. Тыя, хто падыходзіць да яго як да этапу росту, часта абганяюць аднагодкаў, якія стартавалі ў камфортных гарадскіх умовах. Як кажа народная мудрасць: «дзе нарадзіўся – там і спатрэбіўся». Але дадам яшчэ: а дзе спатрэбіўся – там і перамагаць навучыўся.

Ганна Матусевіч, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей