Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Старый Новый год: семь вопросов, семь ответов

13.01.2025

Мала дзе святкуюць Стары Новы год. Вядомы гумарыст Міхаіл Задорнаў некалі казаў, што нікому ў свеце нельга растлумачыць, што гэта за свята. Аднак з 13 на 14 студзеня мы яго адзначым. І, як любое свята, што прыжылося ў славян, Стары Новы год захоўвае ў сабе шмат традыцый.

Асабістае

Калі традыцыйны Новы год мы святкавалі заўсёды, то пра Стары Новы год даведаліся недзе ў пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя. У той час усё новае ўспрымалася, як кажуць, на ўра. Мы жылі ў шматкватэрным доме, а пашчадраваць усё ж такі хацелася. Таму бацькі разам з суседзямі пераапраналіся хто ў ва што знайшоў і хадзілі па кватэрах. Нават да знаёмых у суседнія пад’езды наведваліся. Песні таксама спявалі, якія прыдумалі ці ведалі. Словам, весяліліся, як маглі.

1. Што святкуем?

У Беларусі і Украіне гэтае свята вядома як «Шчодры вечар», а ў Расіі – «Овсень». Па старым летазлічэнні гэты дзень прыпадаў на 1 студзеня і называўся Васільевым днём, паколькі быў днём памяці Васіля Вялікага, архiепiскапа Кесарыйскага (Кападакiйскага).
Ніякага асаблівага сэнсу ў назве гэтага свята не існуе. Так называецца гэты дзень толькі таму, што па юліянскім календары Новы год выпадаў з 13 на 14 студзеня. Сёння мы карыстаемся грыгарыянскім календаром, які быў уведзены ў 1918 годзе, таму свята і завецца Стары Новы год.

2. Дзе адзначаюць?

Раней Стары Новы год адзначалі ва ўсіх краінах Савецкага Саюза. Сёння гэтае свята існуе ў Беларусі, Расіі, Украіне, Арменіі, Грузіі, Малдове, Казахстане і Кыргызстане, а таксама ва Узбекістане і Азербайджане. Такая традыцыя захавалася і на тэрыторыі Швейцарыі, Чарнагорыі, Македоніі і Сербіі. У апошняй, напрыклад, гэтае свята называецца Сербскі Новы год. У ноч з 13 на 14 студзеня на плошчы ў Белградзе традыцыйна даюць салют.
А на Капыльшчыне жыхары вёскі Семежава менавіта з 13 на 14 студзеня ладзяць старадаўні абрад «Калядныя цары».

3. Як святкавалі?

Да гэтага свята куплялі добрую прыгожую вопратку. Вечар 13 студзеня называўся «шчодрым», а таму і стол накрывалі адпаведны. Людзі верылі: якім будзе стол, такім будзе і год. Раніцай жанчынам неабходна было прыгатаваць кашу, зробленую з суцэльных зярнят пшаніцы. Кашу запраўлялі салам, мясам. Альбо падавалі з варэннем ці мёдам. Таксама гаспадыні пяклі пірагі, бліны або варэнікі.

Святы Васіль лічыўся заступнікам свінаводаў, таму галоўным пачастункам на святочным стале былі стравы са свініны.

Увечары народ адпраўляўся па суседзях, каб сустрэць Стары Новы год. Лічылася асабліва важным, каб першым у дом прыйшоў «патрэбны» чалавек, а такім быў малады мужчына са шматдзетнай паважанай сям’і, у якой вялікая гаспадарка. Раніцай моладзь скакала праз падпаленыя снапы саломы, каб прагнаць паскуддзе.

4. Што павінна быць на стале?

Паводле старажытных традыцый, на стале ў Васільеў вечар павінна была быць шчодрая куцця. Халвы, арэхаў, мёду і разынак не шкадавалі: чым шчадрэй будзе страва, тым больш насычаным і багатым новы год. Акрамя таго, на стале абавязкова былі парася, певень або заяц. Усе тры гатункі мяса неслі ў сабе розны сэнс: свініна абяцала багацце, стравы з пеўня – свабоду, а з зайца – поспех ва ўсіх справах.

Немалаважным з’яўлялася тое, што ўваходзіла ў начынне святочных пірагоў і, што самае галоўнае, варэнікаў на Стары Новы год. Напрыклад, грыбы ў начынні – да доўгага і шчаслівага жыцця, мяса – да дабрабыту, рыс – да багацця, капуста – да грошай, а кроп – да моцнага здароўя.

5. Што нельга рабіць у дзень святога Васіля?

За тыдзень да Старога Новага года нельга было прыбірацца ў новую вопратку, гэта можна зрабіць толькі ў само свята. У гэты дзень нельга казаць віншаванні з адмоўнай часціцай «не» – гэта можа спалохаць жаданне і ўдачу. Таксама нельга сустракаць гэтае свята выключна ў жаночай кампаніі – так можна наклікаць нешчаслівы год.

На святочным стале не павінна быць ракаў і іншых істот, якія адступаюць назад, таму што так можна ў новы год перанесці былыя праблемы. Таксама ў гэты дзень строга забаронена прыбіраць, таму што можна вынесці поспех і шчасце з хаты.

6. Як варажыць?

Дзяўчаты ў ноч з 13 на 14 студзеня варажылі на розных прадметах. Васільеў вечар лічылі самым удалым для прадказанняў. Людзі верылі, што ўсё нагаданае і загаданае ў гэты час спраўджваецца. Аднак Праваслаўная царква не ўхваляе варажбы.

Спосабаў варажбы было вялікае мноства. Самы вядомы з іх – кідаць боцік з левай нагі праз плячо. У які бок глядзеў насок, адтуль і павінен быў прыйсці жаніх. Варажылі дзяўчаты і на паленцах – бралі з кастра адно, не гледзячы на яго, і па ім вызначалі, якім будзе будучы муж. Калі палена траплялася гладкае, значыць, і жаніх будзе прыгажуном, калі шурпатае – непрыгожым. Калі палена было з сучкамі, значыць, будучы муж будзе з вялікай сям’і. Крывое палена азначала непрывабнасць суджанага.

З’яўляўся шанец выйсці замуж і ў той дзяўчыны, што змагла абхапіць цотную колькасць дошчачак плота. Сваю будучыню ў адзін з калядных вечароў можна было падслухаць пад вокнамі. Дзяўчаты ішлі да чужой хаты і хаваліся каля яе. Калі чулі, што гаспадар казаў «ідзі», гэта азначала хуткае замужжа. Калі дзяўчына чула, як у доме нехта казаў «сядзі» або «сядай», ёй наканавана было прасядзець гэты год у дзеўках.

Ёсць шэраг калядных абрадаў варажбы, якія звязаны з жывёламі. Да прыкладу, гаспадыня пякла аладкі і кожная дзяўчына брала сабе па адной. Затым адчынялі дзверы, аладкі клалі на парог і ў хату запускалі сабаку. Чыю аладку ён хапаў першай, тая і павінна была хутка стаць нявестай.

Яшчэ адным прадказальнікам лёсу быў певень або курыца. У пакоі ставілі ваду, люстэрка і насыпалі жыта. Ад таго, да чаго раней падыдзе птушка, залежыла, які ў дзяўчыны будзе жаніх. Калі птушка пачынала дзяўбці зерне – будзе багаты, глядзелася ў люстэрка – прыгожы, пачынала ваду піць – п’яніца.

7. А якія прыметы?

Калі прыгатаваная святочная каша атрымлівалася пышнай, прыгожай і смачнай, значыць, чакаць трэба доб-рага года. Калі ж гаршчок у печы трэскаецца або каша выходзіла нясмачная – трэба чакаць дрэннага года.

Калі ноччу вецер дзьме з поўдня, то год будзе шчаслівым і цёплым, калі ж з захаду – чакаць трэба багата малака, а таксама рыбы, а калі з усходу – то ў годзе будзе добры ўраджай садавіны.

Васільева ноч зорная – да ўраджаю ягад. Калі ж надвор’е марознае, але сухое раніцай, то грыбоў у будучым годзе шмат чакаць не варта.

Тыя, хто народзяцца 14 студзеня, для поспеху і багацця павінны насіць яшмавы камень.

Да вечара 13 студзеня неабходна прыбраць з дому святочную ёлку і раздаць усе даўгі, каб не быць даўжніком увесь год. І, вядома, неабходна памірыцца з усімі, з кім былі ў сварцы, і дараваць ўсім, на каго трымалі крыўду.

Не лічыце ў гэтую ноч дробязь – інакш так пройдзе ўвесь год.

Не прамаўляйце лічбу «трынаццаць».

Не давай нікому і нічога ў доўг – будзеш бедны ўвесь год.

Ідзе ціхі снегапад – год будзе запамінальным.

Трэба пазбавіцца ад усяго бітага посуду.

Пастарайцеся апрануць новыя рэчы, па магчымасці выкінуць старыя.

Пакласці ў кішэню грошы, максімальна высокай годнасці.

Не гуляйце ў азартныя гульні.

Ня хваліцеся сваімі продажамі ў свята, інакш яны могуць не паўтарыцца.

Калі чалавек жадае прадаць дом, то ў святочную ноч раяць тройчы абысці вакол дома.

Вецер дзьме з поўдня – будзе спякотны год.

Мароз і снег – вялікі ўраджай.

Высока паднятае сонца – год будзе цёплы і шчаслівы.

Вецер з усходу – будзе ўраджай садавіны.


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей