Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Новый год по страницам копыльской газеты

12.01.2025

Газета – адзін з галоўных атрыбутаў мінулага, летапіс,
па якім можна прасачыць, як змянялася эпоха, краіна, горад. Гэта з упэўненасцю можна сказаць і пра «Слава працы»: выданне мае багатую гісторыю, якая бярэ пачатак у 1930 годзе. У маі раёнка адсвяткуе 95-годдзе.

Мы вырашылі паглядзець, пра што пісалі капыльскія карэспандэнты ў мінулым стагоддзі ў навагодніх выпусках «Калгасніка Капыльшчыны», а затым – у «Слава працы», узгадаць, як святкавалі адно з самых галоўных і любімых свят.

Гартаючы пажаўцелыя ад часу газетныя старонкі, разумееш, што, незалежна ад часу, Новы год заўсёды быў асаблівым, жаданым святам. Яго чакалі і дарослыя, і дзеці з надзеяй і верай у лепшае.

Традыцыя, якая захавалася і да нашага часу, – гэта падвядзенне ў навагодніх выпусках вынікаў года альбо знакавага перыяду. Прычым нават у самыя цяжкія часы радкі нязменна стараліся кіраваць у пазітыўны бок. Так, у першым нумары 1945 года «Калгасніка Капыльшчыны», дзе на першай паласе побач з віншаваннем з Новым годам гаворыцца аб знакавай для таго часу даце – 26-годдзі Савецкай Беларусі, чытаем: «За годы савецкай улады прамысловасць Беларусі вырасла ў 21 раз. Пасяўная плошча рэспублікі яшчэ к 1939 году, у параўнанні з 1913 годам, павялічылася ў два разы. 60 тысяч гектараў балот ператвораны ў квітнеючыя пладародныя палі. (…) Раней у Беларусі не было ні адной вышэйшай навучальнай установы. За годы савецкай улады створаны 23 вышэйшыя навучальныя ўстановы, звыш дваццаці навучальна-даследчых інстытутаў, створана беларуская акадэмія навук, атрымала шырокае развіццё навуковая і мастацкая літаратура на роднай мове, створаны свой нацыянальны тэатр».

У № 10 гэтага ж года бачым невя-лікую нататку з такой інфармацыяй: «Камсамольцы пярвічнай камсамольскай арганізацыі Копыльскай арцелі «Новы шлях» і члены Чырвонага Крыжа на сваім сходзе пастанавілі правесці збор прадуктаў сярод насельніцтва для сірат дзіцячага дома «Чырвоная Змена». (…) Камсамольцамі ўжо сабрана і паслана ў чэсць новага года дзецям-сіратам 24 кілаграмы цыбулі, 80 штук яек, больш пяці кілаграм мяса і сала, некалькі кілаграм мукі, крупы, фасолі і другіх прадуктаў». Ці ж гэта не папярэднік сучаснай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці»?

1965 год Капыльшчына сустракала ў радасці і шчасці. Прынамсі, аб гэтым сведчыць загаловак на першай старонцы першага нумара раёнкі. Гартаючы выпуск, упэўніваешся, што, мабыць, так усё і было: навіны сведчаць аб перамозе жывёлаводаў, якія датэрмінова выканалі гадавы план па нарыхтоўцы малака, аб новабудоўлях у сельскай гаспадарцы і наогул росце дабрабыту працаўнікоў калгасаў і саўгасаў, аб росквіце капыльскага гумавага завода. Навагодні выпуск у цэлым настолькі прасякнуты цвёрдым перакананнем у дасягненні поспехаў, што не ўзнікае і ценю сумнення ў тым, што год будзе плённым і сумеснае будаўніцтва камуністычнага грамадства забяспечыць шчаслівую будучыню.

Год 1980-ы ў раёнцы пачынаецца традыцыйнымі для таго часу натхняльнымі загалоўкамі, лозунгамі, заклікамі і зваротамі да «дарагіх таварышаў». Аднак нават сярод такой афіцыйна-стрыманай інфармацыі знаходзіцца месца фотаздымку з Дзедам Марозам, які прыйшоў павіншаваць з Новым годам і працоўнымі поспехамі перадавых даярак. На старонках навагодняга нумару 1980 года сустракаем і добрыя малюнкі-карыкатуры на навагоднюю тэматыку, што выбіваюцца з агульнага пафаснага настрою тагачаснай газеты.

Праз дзесяць гадоў, у 1990-ы, напярэдадні эканамічнага крызісу савецкай сістэмы, які неўзабаве ахапіў і Беларусь, на першы план у раёнцы выходзяць гуманнасць камсамольцаў, важнасць маральнага выхавання, падняцце адказнасці камуністаў за выхаванне дзяцей і іншыя тагачасныя пытанні. Навагодняя тэматыка абмяжоўваецца разважаннямі пра тое, якім быў мінулы год. Аб гэтым гаворыць сакратар парткама саўгаса «Крыніца» Салановіч З. Я.: «Па-першае, нялёгкім, бо не можа быць лёгка сапраўднаму камуністу, партарганізацыі, калі цяжка краіне, народу. І ўсё ж шчаслівым, бо багатым на добрыя падзеі і здзяйсненні». У навагоднім нумары знаходзім таксама цікавыя дэмаграфічныя звесткі: «За 11 месяцаў 1989 года на Капыльшчыне нарадзілася 554 дзіцяці, створана 419 маладых сем’яў. Старасць, хваробы, трагічныя выпадкі абарвалі жыццё 720 чалавек».

А вось да знакавага для Беларусі 1994-га, калі наша краіна стала на шлях сувернітэту і правяла важнейшую выбарчую кампанію, прыйшлі ў роспачы. У размешчаным у першым выпуску 1994 года інтэрв’ю са старшынёй гарсавета на пытанне аб тым, з якімі вынікамі гарадская ўлада сустракае Новы год, тагачасны кіраўнік горада Багдановіч Б. К. адказаў так: «Безумоўна, можна на аптымістычнай ноце пералічыць усё, што зроблена за 1993 і папярэднія гады ў горадзе, гаварыць аб значных поспехах у складаных умовах. Але гэта будзе хутчэй за ўсё мана. За 18 снежня сёлетняга года ў «Слава працы» надрукаваны артыкул «Цяжка ўладзе – кепска людзям». Сапраўды так. Сёння, як ніколі, цяжка ўладзе і невыносна цяжка людзям. (…) Галоўнае, што амаль разбурана крэдытна-грашовая сістэма. А гэта перашкаджае нармальна працаваць».

Пачатак 1995 года быў таксама невясёлы, але ўжо з проблескамі надзеі. Старшыня райвыканкама У. В. Сасноўскі са старонках раёнкі гаворыць, што «ў абвальным стане вытворчасці чакаць з мора надвор’я не даводзіцца», «адпачынак па прымусу стаў традыцыйным – з’ява для сямейнага бюджэту небяспечная». Аднак намячаюцца і пэўныя зрухі ў лепшы бок: у эксплуатацыю ўводзяцца дамы (як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці), адчыняюцца новыя магазіны, «акрыяў» капыльскі фізкультурна-аздараўленчы комплекс, павялічваюцца аб’ёмы сельгасвытворчасці.

І ўжо ўсяго раз пяць гадоў, у 2000-м, «Слава працы» насычана фотаздымкамі людзей з усмешкамі на шчаслівых тварах. Як сведчаць газетныя старонкі, Новы год людзі сустракалі далёка не ў змрочным настроі, як гэта было ў папярэднія гады. Нараджэнне дзяцей, куплянне тортаў тысячамі (іх, адзначаецца ў раёнцы, напярэдадні свята было прададзена 6320 штук), наведванне з навагоднімі віншаваннямі маленькіх пацыентаў капыльскай бальніцы, анонсы святочных мерапрыемстваў і шмат іншай пазітыўнай інфармацыі можна ўбачыць на старонках газеты. Словам, жыццё паступова наладжвалася і ўваходзіла ў звыклы для нас, цяперашніх беларусаў, рытм. На парозе новага стагоддзя краіна ўпэўнена стаяла на нагах і цвёрда трымалася курса на развіццё эканомікі і паляпшэнне ўсіх сфер жыццядзейнасці.

Фота з архіва рэдакцыі


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/35561-novyj-god-po-stranitsam-kopylskoj-gazety#sigProIdc7c286ccda
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей