Метадыст раённага цэнтра ткацтва Таццяна Шаура з тых, дзякуючы каму Семежава па праве замацавала за сабой статус культурнага асяродка Капыльскага раёна. Менавіта ад яе напярэдадні каляд мы і даведаліся аб мясцовых асаблівасцях гэтага свята.
– У цёмныя зімовыя вечары нашы продкі збіраліся, каб урачыста адзначыць Каляды. Гэта свята прайшло праз стагоддзі і захавалася да нашых дзён, – расказвае Таццяна Уладзіміраўна. – Назва свята ўтварылася ад слова кола, што азначае сонца. Традыцыйна Каляды звязвалі з днём першага зімовага сонцастаяння, і сімвалізавала яно пачатак новага года – як сонечнага, так і сельскагаспадарчага. Святкаваць пачыналі 25 снежня, а заканчвалі 6 студзеня. Але калі прыйшло хрысціянства, у свята з’явіліся новыя рысы. Пачаткам Каляд стала Нараджэнне Хрыстова, а канцом – Вадохрышча. Зараз праваслаўныя вернікі святкуюць Каляды з 6 па 19 студзеня.
Каб у хаце была згода, а ў хляве – прыплод
Калядам папярэднічаў строгі шасцітыднёвы пост, падчас якога прытрымліваліся абмежаванняў у ежы і паводзінах. Забараняліся шумныя вясёлыя гульні, не ладзілі вяселляў. Сустракаць Каляды трэба было чыстымі фізічна і духоўна. У Семежаве абавязкова мылі хату, столь, шаравалі падлогу, на абразы навешвалі новыя набожнікі, шылі вопратку, людзі мыліся ў лазні.
– Падчас Каляд праводзілі тры абрадавыя вячэры – куцці. Наогул, куцця – гэта густая каша з ячменю, запраўленая мёдам або (у Семежаве часцей за ўсё рабілі менавіта так) тоўчаным макам, – працягвае аповед Таццяна Шаура. – Каша варылася ў адным і тым жа гаршчку на ўсе тры куцці. Гатавала кашу звычайна гаспадыня або нявестка. Лічылася, што гэта страва павінна быць густой і клейкай, тады сям’я будзе жыць дружна і ў згодзе. Гатовую куццю да заходу сонца ставілі ў чырвоны кут. Пад гаршчок клалі сена.
Першая куцця называлася беднай, або поснай. Гэта была ўрачыстая вячэра на апошні дзень паста, таму ўсе стравы гатаваліся без мяса і тлушчу. Колькасць страў магла быць да дванаццаці. Гатавалі бліны, квас з буракоў, рыбу, аўсяны кісель, ставілі на стол салёныя агуркі, квашаную капусту. Другая куцця праводзілася ўвечары перад старым Новым годам і называлася багатай, або шчодрай, бо на стол падавалі шмат мясных страў: сала, мяса, каўбасы, крывянку, халадзец. Трэцяя куцця была поснай – як казалі ў Семежаве, вадзяной.
Калядная вячэра пачыналася з узыходам першай зоркі. На сярэдзіну стала гаспадыня ставіла гаршчок з кашай і талерку з блінамі. Гаспадар запальваў свечку, чытаў малітву. Затым свечку ставілі ў чырвоны кут. Адразу за стол садзіўся гаспадар. Першую лыжку куцці клалі на парог або падаконнік. Яна прызначалася продкам. «Перш чым сабе – продкам», – казалі ў Семежаве. Стол перад куццёй прыбіралі па-асабліваму. Пад абрус абавязкова клалі сена. Верылі, што гэта спрыяе добраму надою ў кароў і аберагае статак. Сена ляжала пад абрусам тры дні, затым яго аддавалі хатняй жывёле, каб тая на працягу года была здаровай і мела добры прыплод.
Залатыя рукі гаспадынь
Падчас Каляд працягваліся традыцыйныя жаночыя работы, перш за ўсё рукадзелле.
У Семежаве ўсе жанчыны, а таксама дзяўчынкі з сямі гадоў былі занятыя прадзеннем, ткацтвам і вышыўкай – мясцовыя жыхары не толькі думалі пра хлеб, але і звярталі вялікую ўвагу на аздабленне дома. Тое, што мы зараз называем дэкаратыўнымі рэчамі (традыцыйныя касцюмы, ручнікі, дываны, абрусы, посуд), выконвала і функцыю абярэга, ахоўвала ад усяго дрэннага.
– Геаметрычны арнамент чырвонага колеру на адзенні, ручніках, абрусах і іншых рэчах і сёння быццам дапамагае нам пачуць галасы сваіх продкаў, даведацца пра іх думкі і мары, пра тое, што яны любілі і чаго баяліся, – лічыць загадчык раённага цэнтра ткацтва Таццяна Волкава.
Яшчэ адзін від мастацтва, які быў шырока распаўсюджаны як на ўсёй Беларусі, так і на Семежаўшчыне, – выцінанка – мастацкае выразанне з паперы. Гэта і папяровыя фіранкі, і сурвэткі на паліцах, што раней упрыгожвалі хаты семежаўцоў. Сёння такое рамяство выкарыстоўваецца пры аздабленні вокнаў на калядныя святы. Дарэчы, зусім нядаўна Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва папоўніўся яшчэ адным пунктам, звязаным з Беларуссю: ЮНЕСКА прызнала мастацтва беларускай выцінанкі культурнай спадчынай.
– Прыгожыя і ў той жа час вельмі працаёмкія рэчы ручной работы, рэцэпты народнай кухні мы захоўваем, з вялікай павагай ставімся таксама і да духоўных традыцый, бо ўсё гэта – злучальныя ніткі паміж нашымі продкамі, намі і наступнымі пакаленнямі беларусаў. Гэта дапамагае нам захоўваць сваю аўтэнтычнасць і непаўторнасць сярод іншых народаў, – рэзюміруе Таццяна Шаура.
Рэцэпты калядных страў ад Таццяны Шауры...
Посная куцця
300 г ячменных круп замачыць на ноч. Раніцай зварыць да стану ліпкай кашы. Пасля таго, як каша крыху астыне, дабавіць у яе дзве лыжкі мёду.
Бурачны квас
У двухлітровы чыгунок або каструлю наліць каля 1 л вады. Дробна туды накрышыць адзін чырвоны бурак, цыбуліну, моркву. Дабавіць два – тры сушаных грыба (лепш за ўсё белых) і паставіць у печ варыцца. Калі страва будзе амаль гатовая, дабавіць адну рачную рыбіну, крыху солі і перцу. Бурачны квас падаюць на стол і ў гарачым, і ў халодным выглядзе.
…і ад удзельніцы калектыву самадзейнасці, майстра па вышыўцы Валянціны Шэлег
Куцця з пярлоўкі
На ноч замачыць крупы. Раніцай зварыць іх з дабаўленнем солі і цукру. Мак расцерці з цукрам і дабавіць у крупы, перамяшаць.
Фота раённага цэнтра ткацтва
Комментарии