Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Уроженец Копыльщины Кузьма Чорный: жизнь в слове

05.12.2024

22 лістапада споўнілася 80 гадоў з дня смерці нашага земляка, класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага. Менавіта ў гэты дзень перастала біцца нястомнае сэрца мастака беларускага слова. Жыццё абарвалася на радках няскончанага рукапісу: «Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?».

Штогод у Літаратурным музеі Кузьмы Чорнага праходзіць Дзень ушанавання памяці стваральніка першага беларускага рамана.

«Кузьма Чорны: жыццё ў слове» – пад такой назвай сёлета прайшоў дзень памяці на малой радзіме класіка. У музеі сабраліся вучні старэйшых класаў і настаўнікі Цімкавіцкай СШ імя Кузьмы Чорнага. Загадчык Літаратурнага музея Алена Гарэлік з вучнем 11 класа Іванам Гурбо паказалі замалёўку на апошні дзень жыцця Мікалая Раманоўскага (сапраўднае прозвішча Кузьмы Чорнага). Юнак дасканала перадаў сумныя і трывожныя пачуцці Чорнага, апошнія гадзіны жыцця якога праходзілі ў сырым і цёмным пакоі, які нагадваў тую камеру-адзіночку ў мінскай турме, дзе ён правёў некалькі доўгіх месяцаў.

Загадчык Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі правяла прэзентацыю 2-га тома Зборніка твораў Кузьмы Чорнага, які выйшаў у гэтым годзе.

У Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі ў 2023 г. прэзентавалі першы том Збору твораў Кузьмы Чорнага ў 12 тамах. У Цімкавіцкай сельскай бібліятэцы на сёння маюцца два такія асобнікі. Новы збор твораў – гэта ўжо чацвёртае выданне, якое стане найбольш поўным і навукова каментаваным. У выданне ўвойдуць тэксты, якія раней не друкаваліся альбо пабачылі свет толькі на старонках перыядычных выданняў ці асобных зборнікаў. Пры падрыхтоўцы 12-томніка даследчыкі карыстаюцца аўтографамі, машына-пісамі, архіўнымі матэрыяламі, якія захоўваюцца ў Цэнтры даследаванняў старадрукаваных выданняў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа, у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, у Нацыянальнай бібліятэцы, а таксама ў прыватных архівах нашчадкаў пісьменніка.

У новым выданні значна пашыраны каментарыі. Дзякуючы працы вучоных са Збору твораў можна будзе даведацца пра друкаваныя і рукапісныя крыніцы тэксту, месца першай публікацыі, датаванне твора. Тлумачацца гістарычныя і культурныя падзеі, даюцца звесткі пра асоб, згаданых класікам, пазначаюцца цытаты з твораў іншых пісьменнікаў.

Тэксты друкуюцца з захаваннем асаблівасцяў мовы пісьменніка, лексічных адзінак і асобных граматычных форм. Новы Збор твораў будзе не толькі адкрываць сучаснаму чытачу багатую літаратурную спадчыну Кузьмы Чорнага – гэта выдатная крыніца для даследчыкаў. Творы, выдадзеныя ў адпаведнасці з апошняй творчай воляй аўтара, – тая аснова, з якой будуць працаваць, вывучаць, шукаць новыя трактоўкі сучасныя літаратуразнаўцы.

Прэзентацыя першага тому Збору твораў Кузьмы Чорнага прайшла ў мінулым годзе ў актавай зале Цімкавіцкай сярэдняй школы загадчыцай аддзела выданняў і тэксталогіі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, кандыдатам філалагічных навук Аленай Васілевіч. У яго ўвайшлі раннія апавяданні аўтара 1921–1925 гадоў. У тэкстах адлюстраваны асаблівасці мовы тых часоў. У выніку па іх можна прасачыць, якія моўныя працэсы адбываліся стагоддзе таму і такое выданне можна лічыць яшчэ і адным з помнікаў мове.

У 2-гі том увайшлі 34 апавяданні перыяду 1926-1931 гадоў, якія надрукаваны ў адпаведнасці з апошняй воляй аўтара, змешчаны навуковыя каментары.

Праходзяць гады, змяняюцца пакаленні, густы, мода, але творчасць Кузьмы Чорнага не страчвае сваёй актуальнасці. Наадварот, з развіццём мастацкай, навуковай, грамадскай свядомасці гэта актуальнасць толькі ўзрастае. Сёння мы маем магчымасць асэнсоўваць тыя аспекты спадчыны пісьменніка, гаварыць пра якія раней было забаронена: нацыянальная спецыфіка творчасці, выяўленне беларускай ментальнасці, погляды Кузьмы Чорнага на шлях беларусаў у гісторыі, адметнасць гэтага шляху. Урэшце, мы маем магчымасць асэнсоўваць наватарскі характар творчасці пісьменніка, разглядаць творчасць класіка беларускай літаратуры ў кантэксце развіцця еўрапейскай мастацкай думкі.

Вольга РАДКЕВІЧ,
загадчыца Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі


Слава працы Автор:

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/35266-urozhenets-kopylshchiny-kuzma-chornyj-zhizn-v-slove#sigProIdac56e2c80a
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей