Дом культуры абнавілі..
Другое дыханне атрымаў Старыцкі сельскі дом культуры. За кошт бюджэтных сродкаў адрамантаваны дах, заменены вокны і дзверы. Цалкам абноўлены глядзельная зала і кабінеты. Адрамантаваны ганак, да будынка вядзе новая асфальтаваная дарожка.
...і аграрыяў павіншавалі
Адкрыццё ўстановы адбылося напярэдадні ўрачыстага мерапрыемства, прысвечанага Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. У гэты дзень прайшло ўшанаванне перадавікоў вытворчасці ААТ «Старыца-Агра» за добрасумленную працу, за адданасць роднай зямлі. Яркія фарбы ў афіцыйную частку мерапрыемства ўнесла канцэртная праграма, удзельнікамі якой сталі народны ансамбль народнай песні «Спадчына» Капыльскага РЦК (на здымку), Дзяніс Сельвановіч, Станіслаў Цвірка, Кацярына Гідрыновіч.
Урокі не засвоены?
На чарговым планавым пасяджэнні савета ГПАП разгледжана восем грамадзян, якія маюць рознага роду парушэнні. Так, грамадзянін Л. затрыманы супрацоўнікамі ДАІ ў нецвярозым стане за рулём, а ў сям’і Б. непаўналетнія дзеці знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. З дарослымі праведзена прафілактычная гутарка.
Яшчэ пяць грамадзян былі выкліканы па хадайніцтве Капыльскага РАНС: яны злоўжываюць спіртнымі напоямі, і ў іх дамах выяўлены парушэнні правіл пажарнай бяспекі. Перад усімі запрошанымі выступіў супрацоўнік РАНС Павел Дашкевіч.
Пра бяспеку бацькам
Як паказвае практыка, колькасць бытавых пажараў у жылых дамах і кватэрах, звязаных з грубымі парушэннямі правіл пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі электрапрыбораў, павялічваецца менавіта з надыходам ацяпляльнага сезона. Менавіта таму так важна яшчэ раз нагадаць, што такую бяду, як пажар, усё ж такі можна прадухіліць, паклапаціўшыся загадзя пра выкананне простых патрабаванняў. Пра гэта дарослым на агульнашкольным бацькоўскім сходзе расказаў начальнік ПАВП-15 в. Слабада-Кучынка Рэнат Макарэвіч. Ён азнаёміў бацькоў з правіламі пажарнай бяспекі ў ацяпляльны перыяд.
Комментарии