З майстар-класам ад Прэзідэнта
На пляж бліз водасховішча Вяча, што пад Мінскам, з’ехаліся прадстаўнікі розных СМІ краіны: Белтэлерадыёкампанія, АНТ, «Мір», «Звязда», «Лясная газета». І так – 34 каманды. Адзначу, што мерапрыемства ўжо выходзіць па-за межы рэспубліканскага – поруч з беларускімі майстрамі сячэ драўніну каманда «Еўразія», над галовамі групы падтрымкі ўздымаюцца сцягі Малдовы і Арменіі. Калегі з Кітаю таксама спрабавалі свае сілы. Пакуль удзельнікі рыхтаваліся да спаборніцтваў, госці паспявалі абысці ўсе палаткі з выставамі беларускай вытворчасці, стравамі палявой кухні ці сувенірнай прадукцыяй. А суддзейская калегія, у склад якой уваходзілі і прадстаўнікі Капыльскага доследнага лясгаса, праводзіла кантрольную праверку перад пачаткам чэмпіянату.
Вось людзі збіраюцца ў цэнтры пляцоўкі. І яно зразумела: да іх з майстар-класам прыехаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Кожны зацікаўлена слухаў рэкамендацыі ад Першага: як абраць добрую сякеру, ці можна прааналізаваць палена і зразумець, куды неабходна мерыцца, каб колка пайшла хутка.
– Каб секчы дровы, трэба выбраць адпаведную сякеру, – растлумачыў Прэзідэнт. – Абралі інструмент, глядзім на калодку – вось адна расколіна. Па ёй і трэба секчы. Сама прырода падкажа, дзе слабей валокны трымаюцца. Трэба секчы не спяшаючыся і пры гэтым глядзець у тую кропку, куды маеш намер ударыць сякерай.
Таксама была прэзентавана сякера айчыннай вытворчасці. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сякера атрымалася добрай і пры гэтым крыху цяжэйшай за замежныя аналагі. Гэта дапамагае ў тых выпадках, калі неабходна рассячы даволі цяжкае бервяно. Дарэчы, менавіта беларускія сякеры выкарыстоўваліся многімі камандамі падчас спаборніцтваў. А чаму б і не – зручная, вострая, дык яшчэ і вельмі стыльная! Так, «тэст-драйв» беларускай вытворчасці праводзілі ўдзельнікі фестывалю.
Майстэрства «праўдарубаў»
Галоўны суддзя даў сігнал – і рэхам разнёсся звонкі гук сякеры аб дрэва. Так з энтузіязмам удзельнікі пачалі першы этап спаборніцтваў, дзе неабходна было прадэманстраваць, як хутка і якасна журналісты і блогеры нарыхтуюць дровы. Суддзя аналізаваў не толькі затрачаны час, але і памер дроў: кожнае з іх па шырыні не павінна было перабольшыць 10 сантыметраў. Адзначу, што ў гэтым этапе ўдзельнічалі і жанчыны, і іх фізічная падрыхтоўка здзіўляла мяне: некалькі добрых удараў – і сыплюцца паленцы на зямлю. Працавітыя журналісты краіны: і тэкст напішуць, і відэа здымуць, і да зімы падрыхтуюцца – гэта новы ўзровень!
Наступны этап – індывідуальны залік на хуткасць. Удзельнікам неабходна раскалоць палена напалову. Тут да сякеры дабраліся сапраўдныя асілкі: некаторым неабходна было менш за хвіліну, каб адчуць стук аб пень-падстаўку. А гледачы толькі паспявалі адбегчы ад пляцоўкі з сектарамі ўдзельнікаў, каб не прывезці дадому сувенір у выглядзе трэсак на адзенні. а яны паднімаліся на некалькі метраў да неба!
Памятаеце, што быў тэарэтычны занятак ад Прэзідэнта? У наступным этапе чэмпіянату журналісты здавалі «залік» на валоданне майстэрствам колкі дроў «па-Прэзідэнцку»! Вялікае палена праз некалькі хвілін ператваралася ў дровы. Тэарэтычныя веды дапамаглі, а групы падтрымкі гучна падбадзёрвалі свайго ўдзельніка. Сапраўдны камандны дух!
Напрыканцы спабор-ніцтваў удзельнікаў чакаў самы цяжкі, але адначасова і цікавы этап – эстафета. За мінімальны час камандам неабходна было зрабіць наступныя заданні: забіць цвік адной рукой, выцягнуць яго з палена, распілаваць бервяно на палены, насекчы дровы, распаліць вогнішча, якое перапаліць вяроўку-сігнал аб тым, што выпрабаванне завершана. Старанна працавалі ўдзельнікі, падтрымлівалі вогнішча. І хоць надвор’е выдалася халодным, але камандны настрой і агонь сагрэлі і душу, і цела ўдзельнікаў.
Не пройдзем міма конкурсаў «з калуном і з патэльняй». Мужчыны спрабавалі раскалоць 10 калодак з аднаго ўдару, а жанчыны таксама калолі, але… з дапамогай патэльні. Ад моцных удараў у зручнага для нас інструменту для прыгатавання ежы адвальваліся ручкі і прабіваліся наскрозь дны. Такія вось яны, беларускія жанчыны!
Хто ж яны - «пераможцы»?
На працягу ўсіх этапаў журы падлічвала ачкі і знаходзіла каманду майст-роў-«праўдарубаў», якія ў гэтым годзе прадэманстравалі добрую падрыхтоўку. Так чэмпіёнам па колцы дроў сярод СМІ ў 2024 годзе стала каманда Прэс-службы МНС! Акрамя падарункаў і пачастункаў ад губернатара Мінскай вобласці Аляксандра Турчына, у рукі пераможцам перадалі сімвал спаборніцтваў – сякеру з аўтографам Першага. Спадзяюся, што ён стане сапраўдным сімвалам і напамінкам пра тое, што ў нашай працы трэба «рубіць праўду» – і ніяк інакш!
Ганна МАТУСЕВІЧ,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ
Комментарии