Перагледзець жыццёвыя арыенціры
Пашыранае пасяджэнне савета ГПАП прайшло з удзелам урача-нарколага Капыльскай ЦРБ Аляксандра Гай-дзеля, прадстаўнікоў РАНС і РАУС у в. Сл.-Кучынка.
Было запрошана каля 20 грамадзян, якія не заняты ў эканоміцы, вядуць асацыяльны лад жыцця, злоўжываюць спіртнымі напоямі і, як вынік, парушаюць грамадскую і працоўную дысцыпліны. Асаблівая ўвага была нададзена папярэджанню надзвычайных сітуацый у перыяд ацяпляльнага сезона.
– Ніколі не позна пачаць новае жыццё – у гэтым таксама зацікаўлены ўсе суб’екты прафілактыкі, і яны гатовы аказаць неабходную дапамогу, – адзначыла старшыня сельвыканкама Нэла Гусева.
Мы шануем ваш узрост
Як патрэбна ўвага чалавеку, а асабліва пажылому. Добрыя словы, усмешкі і віншаванні падарылі сталым людзям работнікі Старыцкага СДК у віншавальнай паштоўцы «Мы шануем ваш узрост». Было наведана каля 25 чалавек з вёсак Вялешына-1, Свідзічы, Русакі, Калінаўка, Андросаўшчына і інш.
Разам на агульную карысць
Жыхары сельсавета актыўна ўключыліся ў месячнік па навядзенні парадку на зямлі. Усімі ўстановамі і арганізацыямі, размешчанымі на тэрыторыі сельсавета, вядуцца работы на сваіх тэрыторыях: прыбіраюць лістоту і смецце, наводзяць парадак на кветніках.
Праводзяцца работы і на грамадзянскіх могілках у в. Сл.-Кучынка і Бор: уборка рэшткаў спілаваных дрэў, галінак, смецця.
У агульную справу ўключыўся і калектыў Русакоўскага дзіцячага сада: навялі парадак на замацаваным воінскім пахаванні на могілках у Русаках. Дэвіз тут адзіны: разам на агульную карысць.
Піянерыя - пачатак усіх пачаткаў
У дзень нараджэння Беларускай піянерскай арганізацыі ў Старыцкай СЯРЭДНЯЙ школе адбыўся ўрачысты збор (на здымку). Мерапрыемства прайшло ў святочнай, а галоўнае – сяброўскай атмасферы. Піянеры-лідары пазнаёмілі хлопчыкаў і дзяўчынак з гісторыяй піянерскага руху, галоўнымі каштоўнасцямі дружыны.
Комментарии