У царквы новы дах
Больш за год у аграгарадку Пацейкі вядзецца адраджэнне храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы, які з’яўляецца адным з самых старажытных на тэрыторыі Капыльскага благачыння (на здымку). Выкананы неабходныя ўнутраныя работы: абшыта дрэвам столь, створаны новы іканастас, заслана дыванамі падлога і г.д. Цяпер жа прадаўжаюцца рамонтныя работы звонку. Гэтымі днямі будаўнічая брыгада пад кіраўніцтвам Міладзіна Лучыча выконвае работы на даху.
Падарункі ветэранам працы
Ветэраны працы гаспадаркі ААТ «Прагрэс 2010» не засталіся незаўважанымі падчас святкавання Дня пажылых людзей: 72 чалавекі сталага ўзросту атрымалі харчовыя наборы. Падарункі ўручылі як працаўнікам сельскагаспадарчай вытворчасці, так і сацыяльнай сферы ўстаноў і арганізацый, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета.
Праблема з асфальтам вырашана
Жыхары калісьці праблемнай вул. Юбілейнай у аг. Пацейкі ўдзячны жыллёва-камунальнай гаспадарцы за магчымасць прайсці ці праехаць па новым асфальце. Акрамя таго праведзены бягучы рамонт вуліц Паштовай і Школьнай. А вось у Навасёлках і Печуранах праведзены выраўноўванне і падсыпка праезнай часткі.
За кошт бюджэту
За кошт бюджэтных сродкаў на працягу верасня-кастрычніка ў в. Навасёлкі спілавана 14 аварыйных дрэў. А ў в. Ржаўка два гектары зямлі ўключаны ў палі севазвароту пасля зносу шасці пустуючых дамоў і расчысткі ўчасткаў ад дзікарослай расліннасці.
Комментарии