Парадак без паноў?..
Назва пасёлка пайшла ад імкнення першых яго жыхароў пасля рэвалюцыі 1917 г. наладзіць «образцовый» парадак жыцця без паноў. На свабодных землях першымі пабудавалі свае хаты былыя прыгонныя і дваровыя сяляне з маёнтка Клярымонты. Згодна з перапісам 1926 г. у Абразцове налічвалася 20 двароў і пражывала 80 жыхароў. На фермах пры былым маёнтку трымалі абагуленую жывёлу, апрацоўвалі бліжэйшыя палеткі. Дзеці хадзілі ў Савіцкую школу, якая да вайны размяшчалася на першым паверсе былога маёнтка Эдварда Вайніловіча.
Што тычыцца Клярымонтаў, то маёнтак таксама належаў гэтаму знатнаму шляхецкаму роду: Тадэвушу Вайніловічу, роднаму дзядзьку савіцкага ўладара. На захаваных фотаздымках XIX стагоддзя можна ўбачыць раскошу ўнутранага строю маёнтка і веліч парку. Сядзібны двор у Клярымонтах уяўляў сабою прамавугольнік, з трох бакоў у якога былі прыбудаваны флігелі і гаспадарчыя памяшканні. У глыбіні парку, бліжэй да рэчкі, стаяў бровар, пабудаваны ў 1860 годзе.
Дзве дачкі Тадэвуша Эмілія і Соф’я былі выдадзены замуж за братоў Даманскіх Адама і Леанарда з Чыжэвіч. Трэба зазначыць, што ў шлюбе Адама Даманскага (1831-1891) з Эміліяй Вайніловіч (1848 - ?) дзяцей не было, жонка рана памерла. Наступным і шчаслівым аказаўся яго шлюб з Катажынай фон Вольф-Людзінгаўзен (1844-11.11.1921). У іх нарадзіліся тры дачкі: будучая пісьменніца Міхаліна (1875-1936), Яніна (1875-1938) і Ванда (1879-1961) Даманскія».
Клярымонты належалі Вайніловічам, але ў 1860 годзе, пасля таго як Соф’я выйшла замуж за Леанарда Даманскага, маёнтак застаецца ёй у пасаг. Тут у маладых і нарадзіліся чатыры сыны: Міхаіл (быў жанаты на Ганне Абламовіч. Дзяцей у шлюбе не было); Тадэвуш, названы ў гонар дзеда маршалка дваранства Слуцкага павета, (у 1880 г. ажаніўся з Ганнай-Марыяй Ваньковіч. У шлюбе трое дзяцей: дачка Зафія і сыны Зігмунт і Ляон); Зянон (узяў шлюб з кузінаю Янінаю Даманскай з Чыжэвіч. Дзяцей не было); Эдвард (Эдмунд) (жанаты на Розе Дашкевіч. Дзяцей у шлюбе не было).
Як у дваранскім родзе Вайніловіча, так і ў Даманскіх не было прыніжэння сваіх сялян-працаўнікоў, а часцей спагадлівыя і добрыя адносіны. І пані Даманская не грэбавала за плату вучыць простых вясковых дзяўчатак. Таму ў часы агульных выпрабаванняў паны маглі спадзявацца на дапамогу. Цяжка было панам, але цяжэй было сялянам, асабліва дваровым.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі
Але яшчэ больш трагічныя падзеі перажылі мясцовыя землеўладальнікі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі ўсе маёнткі былі захоплены камітэтамі, якія складаліся з прадстаўнікоў суседніх вёсак. Па меры развалу фронту то адзін, то другі маёнтак станавіўся ахвярай пагромаў, якія здзяйсняліся дэзерцірамі пры садзейнічанні і ўдзеле другой хвалі бежанцаў.
У лютым 1918 года рух бежанцаў спыніўся ў сувязі з нямецкай акупацыяй нашай мясцовасці. У 1919-20 гады немцаў змяніла польская ўлада.
З успамінаў Эдварда Вайніловіча: «1 кастрычніка 1919 г. першыя, але моцныя замаразкі. Вада замерзла ў карыце, а толькі заўтра пачынаем выбіраць бульбу. Вялікі кірмаш у суседніх Цімкавічах. мужыкі занадта рана вяртаюцца з мястэчка, скардзяцца, што салдаты, якія прыбылі са Слуцка на машыне, у іх адбіраюць палатно, аўчыны, сукно нібыта коштам, які не роўны і чвэрці выплаты за тавар. Трэба данесці пра гэта ўладам, каб захаваць «аўтарытэт» польскага кіравання».
З франтоў паступалі трывожныя весткі. З успамінаў дваровых: «6 ліпеня 1920 г. увечары ў маёнтак Клярымонты, каля 10-й гадзіны з’явіўся паставы жандарм з Цімкавіч з распараджэннем ад слуцкага старасты, які загадаў эвакуіраваць панскую маёмасць з інвентаром, каб яны не дасталіся бальшавікам. Абозы пані Даманскай павінны стаяць 8 ліпеня а 10-й раніцы ў Кіявічах, адкуль разам з іншымі бежанцамі яны адправяцца ў Слонімскі павет. Гэта вестка ўпала на пані, як гром сярод яснага неба». Такое ж паведамленне атрымаў і Эдвард Вайніловіч. У Клярымонтах і Савічах пачалі збіраць і пакаваць самыя неабходныя рэчы. У дарогу рушылі 7 ліпеня 1920 г. у 8.30 вечара. Выезд з Клярымонтаў праз Савічы на Браткава і пузаўскі двор быў хутчэй трыумфальнай працэсіяй, чым уцёкамі. Усе прысутныя на падворку перад маёнткам і каля брамы з плачам і добрымі словамі развітваліся з пані. А ў Савічах сяляне, якія сабраліся ля хат, крычалі: «Хай пан хутчэй вяртаецца!»
Клярымонты ў цэлым паўтарылі лёс суседняй сядзібы Вайніловічаў у Савічах: панскія палацы былі знішчаны, а гаспадарчыя пабудовы прыстасаваны і выкарыстаны пры ўтварэнні калгасаў.
Час адноснага спакою
Застаўшыся без паноў і нагляду ў паўразбураных хацінах, дваровыя сяляне вырашылі пабудавацца недалёка ад маёнтка, праз дарогу, на беразе рэчкі Жураўка, якая цякла з лясных крыніц да суседняй вёскі Канатопы. Першымі заснавальнікамі новага пасялення (будучага Абразцова) былі дваровыя: былая кухарка і конюх паноў Даманскіх Кацярына і Сямён Кісель, у якіх падрастаў сын Пётр, сем’і Бурак, Насевіч, Кныш Надзя (нашчадкі іх жывуць у в. Руднае).
Зямлёй пасяленцаў ніхто не абмяжоўваў, таму хаты ставілі на адлегласці адзін ад аднаго, адначасова адводзячы месца для садоў і агародаў вакол хат. Дамы будаваліся даволі сціплыя па памерах, бо навасёлы не былі ўпэўнены, які будзе іх лёс, – за апошнія пяць гадоў улада і законы змяняліся чатыры разы. Праз некаторы час перад хатамі радавалі вока рознакаляровыя кветнікі, перанесеныя з былога панскага парку, у садах выспявалі слівы, яблыкі, грушы, было шмат вішань. Мясцовыя сяляне працавалі на сябе і свой дабрабыт, лішкі прадавалі на цімкавіцкім кірмашы. Прыйшоў час адноснага спакою.
У хуткім часе з ляснога хутара пераносіць сваю хату панскі ляснік-наглядчык Ранцэвіч Іосіф. З года ў год у гэты прыгожы куточак дабаўляюцца новыя жыхары: сем’і Рымашэўскіх, Станіслаўчыкаў, Канончыкаў.
У 20-я гады мінулага стагоддзя рэзка змяняліся палітычныя абставіны ў краіне, і гэта не магло не адлюстравацца на жыцці новага пасёлка: у чэрвені 1921 г. у суседняе мястэчка Цімкавічы прыбыў першы атрад ваеннай аховы (ВОХР). У адпаведнасці з Рыжскім мірным дагаворам ад 18.03.1921 г. паміж РСФСР і Украінай з аднаго боку і буржуазнай Польшчай з другога, тэрыторыя Заходняй Беларусі была ўключана ў склад Польскай дзяржавы. 25.03.1921 года было падпісана пагадненне польска-расійскай вайсковай камісіяй, якое ліквідавала нейтральную зону. Войскі 16-й арміі прасунуліся да лініі мяжы. Такім чынам, ваенныя дзеянні на тэрыторыі сучаснага Капыльскага раёна былі скончаны, усталявалася савецкая ўлада.
Вядзенне калектыўнай гаспадаркі
З канчатковым закрыццём мяжы быў спынены рух перасяленцаў. Некалькі сем’яў аблюбавалі прыгожы новы пасёлак каля Клярымонтаў: будаваліся Цівунчык, Рэйтак Ліза, Хоміч Маня, Рутвінскі Базыль. Пасёлак фарміраваўся ў дзве вуліцы паабапал рачулкі. Паддаўшыся хвалі калектывізацыі, пасяленцы аб’ядналіся ў камуну па вядзенні сумеснай гаспадаркі. Былыя гаспадарчыя пабудовы і землі паноў Даманскіх сталі асновай для вядзення калектыўнай гаспадаркі.
У чэрвені 1922 г. 2-гі пагранічны полк войскаў НКУС, які складаўся ў асноўным з рускіх салдат і афіцэраў, размясціўся ў Цімкавічах. Камандзіры і камісар рабілі агляд мясцовасці для зручнай дыслакацыі чырвонаармейцаў. Так выбар камандавання быў спынены на былым маёнтку Клярымонты і бліжэйшым каля яго пасёлку, які быў прызнаны «образцовым», так гэты пасёлак і пачалі называць – Абразцова.
З успамінаў ураджэнкі суседняй в. Канатопы Сыцько (Дыдэнка) Ліны Аляксандраўны: «Вуліцы пасёлка пачыналіся ад ускрайку ляснога масіву, у народзе празваны Шырокім. Лес пачынаўся ад пасялковых палёў да суседняга браткаўскага лесу, вайніловіцкай Дубавіцы (сучаснага чыгуначнага палатна не было ў той час). З забалочанай часткі лесу, дзе білі крыніцы, брала пачатак рэчка Жураўка, якая цякла да сярэдзіны Канатоп і ўпадала ў рэчку Тамашоўка.
У былым маёнтку добраўпарадкавалі рэшткі пладовага саду і аднавілі агароды ўніз да ракі Тамашоўкі, дзе вырошчвалі ўсю неабходную гародніну: бульбу, агуркі, моркву, буракі, капусту, добрыя раслі таматы, бабовыя.
Маладыя і руплівыя жыхары Абразцова хадзілі на працу ў Клярымонты. Падрастаючыя дзеці дапамагалі дарослым: у маладосці Пётр Кісель летам працаваў на агародах, а зімою вучыўся на каваля. Многія падлеткі цікавалі за навучаннем навабранцаў, асабліва хлопцаў вабіла стрэльбішча».
Жыццё не стаяла на месцы
З прыходам пагранічнікаў у Цімкавічах і прылеглых вёсках стала цікавым і разнастайным культурна-асветніцкае, спартыўнае жыццё. На розныя святы і ў нядзелю ў мястэчка цягнулася моладзь з усяго наваколля. Перад новым двухпавярховым клубам пагранічнікаў іграў духавы аркестр, праводзіліся конна-спартыўныя спаборніцтвы, быў свой іпадром. У доме культуры на другім паверсе стаяў більярдны стол, наборы шашак і шахмат, а ў глядзельнай зале першага паверху часта праходзілі канцэрты, сустрэчы, лекцыі з удзелам знакамітасцей. Так, у гэты час Цімкавічы наведалі Леанід Уцёсаў і Міхаіл Зошчанка.
Многія маладыя салдаты у час такіх сустрэч знаёміліся з дзяўчатамі, а пасля, адслужыўшы абавязковы тэрмін, заставаліся на Капыльшчыне. Так, у Абразцовым з’явіліся новыя сем’і Галубовіч Евы, Максімавых, Сабалеўскі Максім з жонкаю з Украіны, Міхалковіч Вольга. Паступова пабудаваліся Абрамовіч, Урбан (па некаторых звестках Урбан змянілі прозвішча на Гурбан), Мендак і Бажэжа Фёдар. У Цімкавічах засталіся афіцэры Яворскі Міхаіл (сёння ў Цімкавічах жывуць яго ўнукі і праўнукі), Фёдараў Аляксандр Антонавіч і Шастапалаў Мікалай Анісімавіч (у час Вялікай Айчыннай вайны ўзначаліць партызанскі атрад імя Чапаева).
У Абразцовым жыццё не стаяла на месцы. Да 1935 года была пабудавана чыгунка Баранавічы – Клецк і Слуцк – Цімкавічы. Пачалі рыхтаваць месца для пракладкі чыгункі на перагоне Клецк – Цімкавічы.
Але праца і жыццё людзей у прыгранічнай зоне не былі спакойнымі: баяліся чужых людзей, чулі пра дыверсіі, арышты. У суседніх вёсках, дзе падчас арганізацыі калгасаў сяляне матэрыяльна жылі па-рознаму: працавітыя і руплівыя, асабліва, дзе былі сыны, мелі лепшы дастатак. З успамінаў Вольгі Аксённік, жыхаркі в. Савічы: «У «бедняках» былі гультаяватыя, выпівохі, зайздросныя на чужое, якія выкарысталі гэты неспакойны час для паляпшэння свайго дабрабыту. Быў час, калі ананімкі і паклёпы доўга не разглядаліся, а падазроных каралі імгненна. Так, па ананімным даносе быў арыштаваны мой бацька Пётр Аксённік, чалавек пажылы, на той час яму было каля 70-ці гадоў. Ніякіх звестак пра яго няма».
У хуткім часе быў выдадзены загад аб умацаванні мяжы і ў пабудове масіўных жалезабетонных ДВКаў (Доўгачасовая Вогненная Кропка, па-руску ДОТ) уздоўж яе. Да 1939 г. на Капыльшчыне было ўзведзена 45 такіх збудаванняў, але яны не выкарыстаны па назначэнні, у 1939 годзе 17 верасня мяжа Беларусі адсунулася на захад, у Брэст.
Тым часам жыхары Абразцова аб’ядналіся ў калгас імя Чапаева. Пагранічнікі перадалі ім зямлю і жывёлу былой базы пагранатрада. Калгаснікі працавалі на фермах, аўчарні, збожжасховішчы, гуртам і пры ўзаемадапамозе выконвалі сезонныя палявыя работы. То ў адной хаце, то ў другой нараджаліся дзеткі. Па народнай звычцы і тут, на новым месцы, сталі садзіць дрэвы перад хатай у год нараджэння дзіцяці: калі хлопчык – то дубок ці клёнік, калі дзяўчынка – то бярозка, ліпка ці рабінка. Так перад хатай Пятра з’явіліся ліпка і два дубкі.
Розныя людзі сабраліся ў Абразцовым. Сваякоў паміж імі не было: розныя нацыянальнасці, розныя лёсы і выхаванне, розная вера. Але ўсе верылі ў савецкую ўладу. Днём працавалі, доўгімі зімовымі вечарамі пры святле лямп з газай (керасінавых) дзеці рыхтавалі ўрокі, дарослыя займаліся сваімі справамі, моладзь – на вячоркі. Дзеці ў вольны час коўзаліся па лёдзе на Жураўцы.
Мірны быт парушаны вайной
Мірны наладжаны быт і праца былі парушаны пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. 28 чэрвеня немцы былі ўжо ў Цімкавічах. Абразцова і Савічы фашысты наведвалі нячаста, вёскі знаходзіліся воддаль ад галоўных дарог, сярод лясоў і ў зоне партызанскага кантролю.
З першых месяцаў вайны партработнікі і былыя вайскоўцы арганізавалі першую партызанскую групу, сюды ўвайшлі жыхары Абразцова, Савіч, Браткава, Заракаўцаў. Вялікую ролю адыграў пасёлак Абразцова ў 1942-1944 гады: тут знаходзілі прытулак параненыя партызаны, ім жа аказвалася харчовая дапамога. Перад аблавамі ў мястэчку Цімкавічы, дзе быў размешчаны паліцэйскі гарнізон, у пасёлку жылі па некалькі месяцаў сем’і партызан, камуністаў, актывістаў. Перамогу над фашызмам адзначалі радасна, чакалі дамоў з фронту сваіх родных. Пасля вайны дабудавалі чыгунку, якая злучыла Слуцк і Баранавічы.
У пачатку 50-х гадоў у вёскі прыходзіць электрыфікацыя. У цэнтральных сядзібах калгасаў будаваліся дызельныя станцыі, ад якіх ішлі драўляныя слупы з нацягнутым дротам, па якіх ішоў ток. Святло падавалася з 6 раніцы да 11 гадзін вечара. У пачатку 60-х зрабілі пастаяннае цэнтралізаванае забеспячэнне вёсак электрычнасцю.
З успамінаў Валерыя Браніслававіча Ранцэвіча (унук Іосіфа Ранцэвіча, былога панскага лесніка-наглядчыка, нарадзіўся ў п. Абразцова ў 1946 г. Дацэнт, кандыдат тэхнічных навук. Выкладчык БДУІР):
«У пачатковую школу хадзіў у в. Савічы (прыкладна 2,5–3 км). Адна настаўніца адначасова займалася з двума класамі: 1-ы і 3-ці, другая ў іншым пакоі з 2-м і 4-м. У кожным класе па 5-7 чалавек. З п. Абразцова ў школу хадзіла яшчэ трое.
Наша Абразцова мясцовыя жыхары называлі яшчэ Савіцкім пасёлкам, бо ён знаходзіўся побач з в. Савічы. У Савічах у мой час, акрамя пачатковай школы, быў клуб, крама, стайня, піларама з прывадам ад паравой машыны, кузня (каваль Кісель Пётр). Ад маёнтка Вайніловічаў быў яшчэ пладаносны сад, царква, нейкія гаспадарчыя пабудовы, ферма, аўчарня. Вёска Савічы была даволі вялікай. Але аўтобусных зносін у Савічах, як і ў Абразцова, ніколі не было. Бліжэйшая медыцынская ўстанова была ў Цімкавічах, да якой было праблематычна даехаць. Мясцовыя жанчыны нараджалі дзетак пры дапамозе бабкі-павітухі Мендаліхі, а мая мама Эмілія Ранцэвіч была траўніца і ўмела «выгаворваць сполахі».
У Савічы раз на тыдзень прыязджала кінаперасоўка. Кінамеханік Міша Падгалы ў двары клуба заводзіў рухавічок, які тарахцеў, але даваў электрычнасць.
Радыёпрыёмнік на ўвесь пасёлак быў толькі ў Голубевай Евы. Сілкаванне ад батарэек і ад газавай лямпы. Яна заўсёды папярэ-джвала: «Сёння будзе перадача «Тэатр ля мікрафона», прыходзьце, будзе цікавы спектакль». За паўгадзіны да пачатку перадачы яна запальвала вельмі вялікую газавую лямпу, якая вісела пасярод пакоя. Лямпа была незвычайная. Ад яе ішлі правады да лямпавага радыёпрыёмніка «Радзіма». Сёння я яе магу назваць тэрмаэлектрагенератар. Пасля разагравання яна давала электраэнергію для радыёпрыёмніка. Вакол шкла лямпы размяшчаўся алюмініевы радыятар, там, як я зараз уяўляю, павінны былі быць уманціраваны сотні тэрмапар, у якіх пасля разагравання і выпрацоўвалася напружанне. Прыёмнік ажываў, і мы, якія сабраліся ў хаце, з задавальненнем слухалі ра-дыёперадачу.
Пасля 4 класаў Савіцкай пачатковай школы пайшоў у Цімкавіцкую СШ. Гэта была найлепшая школа ў Капыльскім раёне, дырэктар Зінаіда Іосіфаўна Раманенка. Школа знаходзілася за 6 км ад дома, бездараж, частка шляху была па чыгунцы. Узімку пешшу па шпалах, а ўвесну і ўвосень – па абочыне на ровары. Акрамя мяне, з нашага пасёлка хадзіў у Цімкавічы яшчэ адзін вучань, Коля Багушэвіч, на год старэйшы. Спачатку хадзілі ўдваіх. Да чыгункі 1,5 км, узімку ні дарогі, ні следу.
Пасёлак быў удалечыні не толькі ад шуму гарадскога, але і ад цывілізацыі таго часу. Электрычнасці ў нас не было да 1965 года. Вакол ва ўсіх вёсках было, а ў нас, на пасёлку Абразцова, не было. Дарэчы, я часта жартую пра «вай фай» у тыя гады. Прасаў бесправадных нават цяпер няма, а тады прас быў толькі бесправадны, на вуглях. Лямпы таксама бесправадныя, газавыя. Сярэднюю школу я скончыў у 1964 г. пры газавай лямпе. Летам, пасля першага курса БДУ, напісаў ліст пра тое, што ў нас дагэтуль няма электрычнасці, а побач, за кіламетр, праходзіць ЛЭП. Сабраў подпісы ва ўсіх жыхароў пасёлка і накіраваў калектыўны ліст у рэдакцыю рэспубліканскай газеты «Звязда» з просьбай дапамагчы з электрыфікацыяй пасёлка. На наступны год да нас правялі святло! Можа гэта было б зроблена і без ліста, але рэакцыя ўладаў на калектыўныя лісты ў газету ў той час была сур’ёзнай.
На пасёлку не было не толькі электрычнасці, але і радыёсеткі таксама. Пра аўтобусныя зносіны ў той час ніхто і не марыў. І з Цімкавіч у першыя пасляваенныя гады нікуды не хадзілі аўтобусы, нават у Мінск. Хадзілі часам так званыя «грузатаксі»: гэта грузавік ГАЗ-51, пакрыты тэнтам, а ў кузаве былі ўсталяваны лаўкі. Дарогі вакол пасёлка былі толькі грунтавыя, зімой іх ніхто не чысціў. Але я заўсёды цёпла, з сумам, што яго ўжо няма, успамінаю п. Абразцова.
Пасёлак знік у пачатку 80-х гадоў натуральным шляхам. Спачатку яго пры Хрушчове абвясцілі неперспектыўным, не давалі нават лес на рамонт дамоў. Людзі пачалі перасяляцца ў іншыя вёскі: Савічы, Руднае, Цімкавічы. Мой бацька (мама памерла маладой), прадаў дом пад знос і пераехаў у в. Шастакі (цяпер аг. Мажа). Моладзь з’язджала, старыя паступова сышлі з жыцця. Сёння там засталіся толькі два дрэвы. Усё астатняе зраўнялі з зямлёй, і цяпер там калгаснае поле. Пасёлка даўно няма, а ён мне сніцца вельмі часта, ва ўсіх дэталях. Хаджу па ўсіх сцежках».
Ад аўтара
Перавозілі свае хаты не толькі Ранцэвічы, у Савічы перасяліліся браты Рымашэўскія, Бурак Лёня, Голубева Ева, Жылка Вольга. Хату Міхалковічаў купіла сям’я Сушчэвіч і перавезлі ў Цімкавічы, на вул. Слуцкую. Хаты Пятра Кісяля і Сабалеўскіх перавезлі ў Руднае. Сёння на месцы былога пасёлка Абразцова стаіць ужо адзінокая ліпа, якая была пасаджана каля хаты Пятра Кісяля, і зарослае травою і хмызняком рэчышча Жураўкі.
Вольга РАДКЕВІЧ, загадчык Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі
Фота з архіва бібліятэкі
Комментарии