Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Шлях расійскага героя-пагранічніка на Капыльшчыне

14.09.2024

Многія ўраджэнцы Расіі пакінулі аб сабе добрую памяць на Капыльшчыне. Пра аднаго з іх – Героя Савецкага Саюза Кіжаватава Андрэя Мітрафанавіча – можна даведацца ў Цімкавіцкім школьным музеі пагранічнікаў, які многа раней быў створаны заслужанай настаўніцай БССР Раманенкай Зінаідай Іосіфаўнай, а зараз яго работу працягваюць сучасныя настаўнікі.
Шмат цікавай інфармацыі ў свой час сабраў былы фотакарэспандэнт рэдакцыі «СП» Ігнатчык Іван Рыгоравіч.

Дзяцінства
Андрэй Мітрафанавіч Кіжаватаў нарадзіўся ў 1907 годзе ў вёсцы Селікса Пензенскага павета. Цяпер вёска Кіжаватава Пензенскай вобласці. Пісьменнік Сяргей Бабронак разам абараняў з ім Брэсцкую крэпасць. Вось што ён расказваў пра Героя:
«Андрэйка Кіжаватаў добра вучыўся ў мясцовай школе, а ў свабодны ад заняткаў час разам з сябрамі гулялі ў будзёнаўцаў. Бацька ў падарунак за дапамогу па гаспадарцы купіў сыночку на кірмашы «пугач» і шмат пробак да яго. Як ён радаваўся, калі вярталіся з Пензы дадому, ды інсцэніроўкі спектакляў будуць больш захапляючымі. Гэта было ў 1920 годзе. Па лясах тады блукалі шайкі недабітых бандытаў. Бацька прадчуваў бяду і таму гнаў і гнаў кабылку, і ўжо калі да сваёй вёскі было недалёка, раптам з-за кустоў выскачылі чацвёра з абрэзамі. Вывалаклі бацьку, раздзелі і забілі. І вось калі забойцы вярталіся да саней, Андрэйка выстраліў са свайго «пугача» ў твар важаку. Перапужаная кабылка панеслася, як вецер. Забойцы з роспачы нешта крычалі і стралялі ўслед. Дзіцячы наган яшчэ не раз дапамагаў хлопчыку выратаваць сябе і маёмасць. Гэта і прадвызначыла выбар ваеннай прафесіі і ненавісць да вораганў Айчыны.
Не мог ён забыць, як маці Анастасія Іванаўна прыпадала да ўзмыленай кабылкі і залівалася горкімі слязьмі. Аплаквалі бацьку два брацікі Сцяпан і Ваня, ды сястрычка Саша. Андрэйка, як старэйшы, замяніў бацьку, дзе мог падзарабляў грошы для сям’і».
Служба на Капыльшчыне
Андрэю Мітрафанавічу давялося праслужыць у нас, на Капыльшчыне, пагранічнікам звыш 10 гадоў у 17-м Цімкавіцкім Чырванасцяжным пагранатрадзе. Служба пагранічніка была небяспечнай, тым больш, што на ўчастку гэтага атрада адбывалася шмат здарэнняў. Спачатку Кіжаватаў быў радавым байцом і ў складзе нарада ў любое надвор’е хадзіў уздоўж граніцы па вядомых сцяжынках. Ён ведаў, што дыверсанты і шпіёны нясуць бяду мірным жыхарам, таму на сваім дзяжурстве не прапусціў ніводнага парушальніка граніцы.
Менавіта Кіжаватавым было затрымана некалькі агентаў польскай разведкі. Страшнавата было хадзіць ноччу, калі за кожным кустом падсцерагала небяспека, вінтоўка была заўсёды на баявым узводзе.
У дазоры і на курсах Андрэй Мітрафанавіч павышаў свой воінскі ўзровень і неўзабаве кіраўніцтва атрада даверыла яму ўзначаліць Кукавіцкую заставу. Дабавілася клопатаў. Пад асаблівую ўвагу былі ўзяты коні. На заставе быў наведзены парадак, пабелены канюшня і гаспадарчыя пабудовы, нарыхтаваны на зіму дровы. Падраздзяленне стала ўзорным. Добры кантакт наладзіўся з жыхарамі пагранічных вёсак, асабліва з моладдзю, якая дапамагала трымаць граніцу на замку. Пагранічнікі праводзілі сярод іх культурна-масавую работу, выступалі з канцэртамі і першым запявалам быў Кіжаватаў. Задорна спявала народныя беларускія песні яго дачка шасцікласніца Нюра.
Як успамінала класная настаўніца Нюры Аляксандра Антонаўна Таяноўская, дзяўчынка вучылася на выдатна ў Цімкавіцкай дзесяцігодцы, была актыўнай удзельніцай школьнай мастацкай самадзейнасці. На раённым аглядзе ў Капылі Нюра заваявала 1-е месца.
Кіжаватаў часта заходзіў у школу, цікавіўся, як вучыцца дачка і чым можна дапамагчы навучальнай установе. Дзякуючы такім актывістам пагран-атрада, як Кіжаватаў, у Цімкавічах жыццё было цікавым і насычаным. Пагранічнікі часта выступалі перад местачкоўцамі з канцэртамі і нават затым праславіліся разам з цімкаўлянамі на дэкадзе мастацтва ў Маскве.
Шлях на Захад
У 1939 годзе граніца адсунулася да Брэста і ў пачатку 1940 года 17-ы Цімкавіцкі Чырванасцяжны атрад перабраўся на Захад. Разам з ім паехала сям’я Кіжаватава. Народжаны на Капыльшчыне 17-ы атрад зменіць назву з Цімкавіцкага на Брэсцкі. Яму суджана будзе ўвекавечыць подзвігамі сваіх байцоў Брэсцкую крэпасць-герой.
Многія салдаты і афіцэры атрада марылі пасля службы застацца жыць на прыветлівай Капыльшчыне. Пра гэта марыў і Кіжаватаў, тым больш што яго трое дзяцей нарадзіліся тут. Гэтая зямля для іх стала блізкай і мілай. Але крута змяніўся іх лёс.
Сям’я Кіжаватавых стала жыць у Брэсцкай крэпасці. Андрэй Мітрафанавіч быў назначаны начальнікам 9-й пагранзаставы, якая стане перадавым фарпостам на шляху ворага. На новым месцы, здаецца, абсталяваліся добра. Нюра і брацік Ваня вучыліся ў 7-м і 4-м класе 15-й сярэдняй школы г. Брэста. Яны добра ведалі беларускую мову і задушэўна спявалі беларускія песні. Яны марылі стаць спевакамі. Вядомы кінаакцёр Мікалай Кручкоў, калі прыехаў на гастролі ў Брэст у 1941 годзе, заслухаўся імі і параіў брату і сястры ўдасканальваць сольнае майстэрства.
Яны першымі прынялі бой
Лейтэнант Кіжаватаў суткамі не вылазіў з заставы. Немцы былі бачны як на далоні і штодзень іх колькасць павялічвалася. Яны нагналі шмат ваеннай тэхнікі, якая гула днём і ноччу. Камандзір і байцы прадчувалі: «Вось-вось пачнецца вайна». А тым часам жонкі камандзіраў і іх старэйшыя дзеці займаліся ў гуртку «Гатоў да санітарнай абароны» і вучыліся страляць.
22 чэрвеня прадчуванні спраўдзіліся. Як чорныя хмары, наляцелі фашысцкія самалёты і кінулі тысячы бомб на крэпасць. У вогненным пекле загінула шмат пагранічнікаў, жанчын і дзяцей. Воіны заставы Кіжаватава сустрэлі першую атаку гітлераўцаў каля Цярэспальскіх варот крэпасці.
– Застава, к бою! – закрычаў камандзір. Яго словы заглушаюць выстралы ручных кулямётаў. У немцаў ляцяць першыя гранаты. І вось нясецца магутнае «Ура!» – абаронцы на чале з Андрэем Мітрафанавічам ідуць на фашыстаў у штыкавую атаку. Бесперабойна ідуць баі. Фашысты папераменна то абстрэльваюць цытадэль снарадамі, то бамбяць з самалётаў. Ад варот застаюцца адны разваліны. Рады абаронцаў радзеюць. Немцы праз гучнагаварыцель прапануюць абаронцам здацца. На роздум даецца паўгадзіны. Пакуль паўгадзіннае зацішша, Кіжаватаў прымае рашэнне перабрацца ў падвал 333-га палка. З развалін варот выбіраюцца жонкі пагранічнікаў з дзецьмі. Разам з імі да сцен падвальнай казармы паўзуць байцы, якія цягнуць за сабою скрынкі з гранатамі. Кіжаватаў хвалюецца і просіць усіх: «Хутчэй, хутчэй!» Гадзіннік адлічвае апошнія хвіліны. Вось-вось пачнецца абстрэл. Сам камандзір перацягвае раненых. Ён апошнім ускоквае праз акно ў глыбокі падвал і чыесьці рукі яго падхопліваюць і ён, уздыхнуўшы з палёгкай, становіцца на падлогу. Чуваць запознены грохат снарадаў, але ім не праняць моцную столь і паўтарамятровыя сцены. Едкі дым курыць і над будынкамі 9-й заставы, хай немцы бамбяць іх, пагранічнікі з сем’ямі ў надзейным месцы. Яны яшчэ некалькі дзён будуць стрымліваць атакі фашыстаў.
У любую хвіліну на дапамогу раненым падбягаюць жанчыны, якія як сваіх дзяцей, кормяць іх і робяць перавязкі. Паўсюль паспявае дачка Кіжаватава Нюра, якая разам з Валяй Салкоўскай падбадзёрваюць раненых і даюць кожнаму дарагі глыток вады, за які заплачана многімі жыццямі (немцы прастрэльвалі каля Мухаўца кожную пядзю зямлі, але байцы цаной жыцця дабывалі ваду). Не хапала патронаў і тады Кіжаватаў папрасіў дзяцей сабраць іх на полі боя.
Дзяўчынкі, рызыкуючы жыццём, падбіралі нямецкія аўтаматы з патронамі і зброю нашых забітых байцоў. У разгар боя загінуў кулямётчык і немцы вось-вось улезуць у каземат, але Нюра падхапіла рычагі і стала касіць ворагаў. Дзякуючы піянерцы, атака была адбіта. Байцы і бацька падзякавалі гераіню. Нюра аж пачырванела ад гонару. Менавіта пісьменнік Алесь Махнач, які абараняў крэпасць і на вачах якога адбываліся баявыя эпізоды, дзе дзеці пагранічнікаў білі ворага, напісаў дакументальную п’есу «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці». Галоўнымі героямі ў творы выведзены Нюра і яе бацька Андрэй Мітрафанавіч Кіжаватаў. Яе пастаноўку ажыццявіла рэжысёр народнага тэатра Раманенка.
Андрэй Мітрафанавіч папрасіў дачушку не падстаўляць галаву пад кулі і быць больш асцярожнай. У час перадышкі дзяўчынкі спявалі для байцоў іх любімыя песні.
Гібель героя
З кожным днём рады абаронцаў цытадэлі радзелі. Не хапала вады і харчавання. Вельмі мучыліся маці, жонкі і дзеці пагранічнікаў. Таму Кіжаватаў разам з камандзірам 333-га палка Патапавым вырашылі накіраваць сваіх блізкіх у палон, бо іншага выйсця не было. Перад расставаннем Андрэй Мітрафанавіч сказаў: «Родныя мае баявыя сяброўкі, мы ведаем, што ў фашыстаў вам будзе цяжка, але верце, Чырвоная Армія пераможа ворага. Раскажыце ўсім, як мы змагаліся з гітлераўскімі звярамі».
29 чэрвеня гітлераўцы па радыё аб’явілі, што ў 17 гадзін пачнецца генеральны штурм крэпасці. Лейтэнант Кіжаватаў зразумеў, што без боепрыпасаў са жменькай пагранічнікаў ім не вытрымаць атакі ў сотні разоў больш, чым колькасць ворагаў, і таму аддаў загад выходзіць з варожай аблогі дробнымі групамі. Сам ён загінуў у пачатку ліпеня пры ўзрыве пантоннага маста фашыстаў.
У лістападзе 1942 года сям’я Кіжаватава была расстраляна. Спачатку ў Вялікарыцкі паліцэйскі ўчастак забралі маці камандзіра Анастасію Іванаўну, жонку Кацярыну Іванаўну, дачушку Галю. У той час Нюры і Вані не было дома. Брат з сястрычкай вырашылі даведацца, што з роднымі, але кулі паліцаяў напаткалі і іх.
Памяць не мае часу
Цімкавіцкія пагранічнікі 17-га Чырванасцяжнага атрада, якія перад самай вайной сталі ахоўваць дзяржаўную граніцу каля Брэста, здзейснілі подзвіг, які ведае ўвесь свет і натхнілі ўсё чалавецтва на барацьбу з карычневай чумой. На самым перадавым фарпосце супрацьстаяла ўдарнай сіле немцаў 9-я застава Кіжаватава, якому ўзлёт і сілу дала Капыльшчына.
Кожны камень у слаўным Брэсце напамінае аб пагранічніках, якія змагаліся за нашу свабоду. Эстафету дастойна працягвае новае пакаленне воінаў заставы, якая носіць імя Героя Савецкага Саюза Андрэя Кіжаватава. Каля помніка героя адбываецца салдацкая паверка, ускладаюць кветкі. У гонар Кіжаватава названы вуліцы ў Мінску, Брэсце, Камянцы, Кобрыне. Сухагрузы носяць імя Андрэя Кіжаватава і Нюры Кіжаватавай. У чырвоных пакоях караблёў дзейнічаюць выставы, прысвечаныя пагранічнікам. Беларускі скульптар Акім Курачкін стварыў некалькі скульптурных партрэтаў Кіжаватава.
Да друку падрыхтавала
Дзіяна ТКАЧЭНКА.
Фота з адкрытых крыніц


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей