Мае юныя настаўнікі, гляджу на вас, такіх прыгожых, такіх маладых-маладых, міжволі ўспамінаю сябе ў такім узросце, трошкі зайздрошчу вам і ганаруся вамі. Вы абралі для сябе такую прафесію! Прафесію настаўніка! Яна ж, як кажуць, кругласутачная (я б сказала – пажыццёвая). Лічыцца, па словах паэта, «главной на земле». Магчыма, так яно і ёсць. Дакладней – так яно павінна быць. Жыццё ж, ваша праца вельмі хутка пакажуць вам, як яно на самой справе адбываецца.
Жадаю вам, каб вы пасябравалі са сваёй прафесіяй, не расчараваліся ў ёй. Знайшлі сябе ў ёй, раскрылі ўвесь свой талент, дадзены вам Богам. Паверце мне, настаўніку з больш чым паўвекавым вопытам, што ваш дыплом – гэта толькі пропуск у краіну ведаў, права на працу. А далей усё залежыць ад вас, ад вашай самаадукацыі. Чытайце. Слухайце разумных настаўнікаў. Пытайцеся. Разважайце.
Жадаю вам, мае дарагія маладыя калегі, каб вы знайшлі ў школе сапраўднае чалавечае шчасце. Палюбіце і свой прадмет, і сваіх вучняў. Знайдзіце ў сабе для гэтага неймаверныя сілы. Аднойчы ў час размовы аб дапамозе вучням я пачула ад настаўніцы: «Я не сонца, каб усім свяціць!» Дзёрзкі адказ. А мне заўсёды здавалася, што настаўнік – гэта як маленькае, цёплае, светлае сонейка для дзіцяці. Вось і вы будзьце такімі сонечнымі, мае дарагія калегі. Гэта нялёгка, але так узаемна неабходна. Ведаеце, якіх настаўнікаў любяць дзеці? З вопыту магу аб гэтым сказаць. Галоўнае, каб настаўнік любіў сваіх вучняў. Гэта яны вельмі добра адчуваюць. І плацяць тым жа. Каб настаўнік быў вясёлы, аптымістычны, з гумарам. Аднак гэтым дарам трэба карыстацца вельмі асцярожна, акуратна. Карыстаюцца павагай у вучняў тыя настаўнікі, якія добра ведаюць свой прадмет, улюбёныя ў яго. У формулы і правілы, у моры-акіяны, у прозу і паэзію. Дзеці на ўсё жыццё запомняць вас такімі апантанымі.
Аднойчы пачула ад настаўніцы: «Мяне дзеці любяць, бо я справядлівая». Спрэчная думка, па-мойму. Справядлівым быць у школе вельмі складана. Папрацуеце – зразумееце. Аднойчы мой вучань у выпускным класе за паўмесяца да заканчэння школы цвёрда заявіў: «Пісаць сачыненне не буду! Стаўце двойку!» Да гэтага часу ўсё пісалася, давалася любая пісьмовая работа. А тут – не буду! Што рабіць? Выдатны атэстат пралятае, «як фанера над Парыжам». Які выхад? Быць справядлівымі? Сачыненне ж так і не напісана. У маладыя гады я, магчыма, і была б справядлівай. А тут уключыўся розум, развага: малады, гарачы, нешта дома зрабілася, абавязкова ёсць прычына, а даверу да мяне мала. На дапамогу прыйшло тое, што прыходзіць з гадамі, з вопытам – мудрасць. Што і як – не буду распавядаць, але ўсё добра закончылася, і мы засталіся з маім упартым вучнем у добрых адносінах на доўгія гады. Дзеці – надта складаны народ. Як той красворд. А разгадаць яго настаўнік павінен абавязкова.
Цярпення вам, мае маладыя калегі, і яшчэ раз цярпення. Будзьце і цярплівымі, і справядлівымі, і мудрымі. У настаўніка, па-мойму, успамінаючы А.П. Чэхава, павінна быць усё прыгожым: і адзенне, і сумленне, і пачуцці, і словы, і ўсмешка, і нават мелодыка голасу… У добры шлях, настаўніцкая моладзь! Няхай збываецца тое, што мроіцца! А птушка шчасця заўсёды ў вашых руках!
Валянціна САЎЧАНКА, ветэран працы, настаўнік-метадыст, настаўнік вышэйшай катэгорыі, выдатнік народнай асветы БССР
Комментарии